Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будзе даляр да канца году каштаваць 10 тысяч рублёў?


Яўген Прэйгерман

Яўген Прэйгерман

Чаму 11 кастрычніка беларускіх рубель упаў на валютна-фондавай біржы адразу на 300 пунктаў? Ці пачне Нацыянальных банк інтэрвэнцыі дзеля ўратаваньня курсу нацыянальнай валюты? Наколькі рэальным выглядае прагноз, што да канца году даляр будзе каштаваць каля 10 тысяч беларускіх рублёў? На гэтыя ды іншыя пытаньні адказвае эканаміст, дырэктар па дасьледаваньнях грамадзкага аб’яднаньня "Лібэральны клюб" Яўген Прэйгерман.

Цыганкоў: Падзеньне беларускага рубля – гэта звычайны працэс, рынкавая прыцірка курсу альбо пачатак новага трэнду? Дагэтуль рубель на біржы толькі рос і ўзмацняўся..

Прэйгерман: Нельга казаць, што гэта нармальная рынкавая зьява. Я не лічу, што нават пасьля 14 верасьня, калі пачаліся таргі на біржы, усталяваньне курсу была цалкам рынкавым. Цалкам відавочна, што пэўны адміністратыўны рэсурс быў ужыты – хаця застаюцца пытаньні, як канкрэтна яго ўжывалі.

Думаю, што падзеньне рубля пачалося пасьля заяваў старшыні Нацбанку Надзеі Ермаковай пра тое, што Нацбанк хутка пачне рабіць інтэрвэнцыі. Таму рэакцыяй гульцоў на рынку стала тэрміновая закупка даляраў.

Цыганкоў: Стабільнасьць рубля – важная палітычная справа. Няўжо дзеля яе ўлады ня пойдуць на інтэрвэнцыі на біржы?

Прэйгерман: Цалкам відавочна, што інтэрвэнцыі будуць. Іншая справа, што гэта зноў шлях у адкладзеную дэвальвацыю, якая можа выявіцца праз некалькі месяцаў. Калі мы зьвернем увагу, то аб'ём зьдзелак на біржы вельмі маленькі. І адна з гіпотэзаў, што ўлады, магчыма, заўважылі гэта, і захацелі выйсьці на больш рэальны курс, каб паменшыць шэры рынак, але пры гэтым пакінуць адміністратыўны рэсурс.

Цыганкоў: Наколькі вам падаецца абгрунтаванай наступная "абывацельская" лёгіка: афіцыйная інфляцыя на гэты момант 79 працэнтаў, і да канца году можа скласьці звыш ста працэнтаў. Таму і адпаведна курс даляра за год можа вырасьці таксама больш чым у два разы, а ў адносінах да сакавіка – амаль у тры разы. У сакавіку курс быў тры тысячы, значыць зараз можа быць 9-10?

Прэйгерман: Гэта цалкам рэальны сцэнар і разьлікі. Трэба яшчэ паглядзець на грашовую масу, наколькі яна павялічылася. Сапраўды, пры інфляцыі пад сто працэнтаў ня можа быць ніякага ўмацаваньня рубля. Таму курс да 10 тысячаў – цалкам рэальны. Іншая справа – ці дадуць яму з палітычных прычынаў дайсьці да гэтай лічбы? Бо Лукашэнка нядаўна зноў заявіў, што для яго вельмі важны заробак беларусаў ў даляравым вымярэньні.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG