Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ажубаліс падзякаваў нобэлеўскай ляўрэатцы за заклік вызваліць Бяляцкага


Аўдронюс Ажубаліс

Аўдронюс Ажубаліс

Кіраўнік МЗС Літвы Аўдронюс Ажубаліс у сваім лісьце падзякаваў ляўрэатцы Нобэлеўскай прэміі з Ірану Шырын Абадзі за яе заклік вызваліць беларускага праваабаронцу Алеся Бяляцкага.

Паводле паведамленьня прэс-службы міністэрства, Ажубаліс напісаў таксама пра намаганьні Літвы ў дапамозе грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі.

«Дзеяньні Беларусі, якая выкарыстала інфармацыю, прадстаўленую Міністэрствам юстыцыі Літвы на падставе прававых дамоваў, для расправы з кіраўнікамі праваабарончага цэнтру „Вясна“, ня могуць быць апраўданыя. Гэты факт даводзіць, што Беларусь вельмі злоўжывае прававымі інструмэнтамі», — гаворыцца ў лісьце.

Паводле кіраўніка літоўскага МЗС, выпадак зь Бяляцкім ня спыніць намаганьняў Літвы, скіраваных на тое, каб дапамагчы Беларусі стаць дэмакратычнай дзяржавай, якая паважае правы чалавека.

«У гэтым годзе мы адкрылі ў Вільні Дом адзінай Беларусі, дзе даецца сховішча тым, каго перасьледуюць у Беларусі, асабліва пасьля падзеяў 19 сьнежня 2010 году ў Менску. Акрамя таго, у чэрвені 2011 году быў адкрыты філіял „Freedom House“, іншыя няўрадавыя арганізацыі, якія працуюць зь Беларусьсю, плянуюць адкрыць свае філіялы ў Вільні», — гаворыцца ў лісьце, перадае DELFI.

Паводле Ажубаліса, Літва будзе імкнуцца да таго, каб справа Бяляцкага засталася ў полі зроку міжнароднай супольнасьці, а прадстаўнікам кіруючага рэжыму Беларусі, зьвязаным зь перасьледам Бяляцкага, быў забаронены ўезд у зону Шэнгену.
XS
SM
MD
LG