Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Завосьсе Адама Міцкевіча, як і Беларусь у яго часы — на пераломе…»


У часе нядаўніх вандровак па Берасьцейшчыне прачуў пра музэй-сядзібу Адама Міцкевіча ў вёсцы Завосьсе, на малой Радзіме паэта. А галоўнае — пра «вядомага арыгінала ды асобу, апантаную справай», яго дырэктара, спадара Анатоля Еўмянькова. Прынамсі, так яго прадставілі калегі з баранавіцкай незалежнай газэты «Intex press». 5 гадоў таму ён кінуў зусім не правальную прадпрымальніцкую справу і з галавой кінуўся ў арганізацыю музэю, прапаганду творчасьці Міцкевіча, уклаўшы ўласныя грошы. Гэта пры тым, што сядзіба ў Завосьсі — філія Дзяржаўнага музэю гісторыі беларускай літаратуры. Калегі, між іншым, наракалі, што Еўмянькоў неапраўдана невядомы ў краіне. Што ж, адрас вандроўкі быў вызначаны.

Сустрэча на пад’езьдзе ў цягніку настроіла адразу на беларускі лад. На пінжаку 77-гадовага дзеда Андруся, што сядзеў насупраць, на бел-чырвона-белым фоне красаваўся значак з надпісам «размаўляю толькі па-беларуску». Натуральна, запытаўся:

Карэспандэнт: «Чаму так сьмела паводзіцеся?»

Андрусь: «Я зь дзяцінства па-беларуску размаўляю. Я з Палесься, а яно не ўкраінскае — чыста беларускае. У войску спрабаваў па-руску, але прыехаў у вёску, чалавек пасьмяяўся нада мной, і больш мовы не мяняў. Я люблю сваю краіну, бачу яе толькі пад бел-чырвона-белым сьцягам».

У Баранавічах сустрэў сам спадар Еўмянькоў. Інтэлігентны з выгляду, з калючым, энэргічным позіркам. Пару дзясяткаў кілямэтраў да вёскі едзем паўзь бязьлюдныя палеткі ды лясы. Суразмоўца зьнешне замілаваны.

Еўмянькоў: «Вунь кукуруза на насеньне, а там для скаціны. А якія дзікі выходзяць цэлымі статкамі адтуль! Гэта наша родная зямля. Я кожны дзень еду, і яна мяняецца — вясной зазелянее, узімку сьнегам пакрыецца. І ўсё заарана, засеяна, добры ўраджай».

Карэспандэнт: «А не баліць — што яны зрабілі з гэтай зямлёй, калі галадаць усе рыхтуюцца?! А цэны адкуль шалёныя, калі „ўсё заарана-засеяна“?»

Еўмянькоў: «А гэта ж вы ў Менску цэны ўсталёўваеце!»

Так у адносінах да мяне спадар Анатоль правёў «разьведку боем». Але вось акуратны драўляны «буданчык» з надпісам ды сама сядзіба з прасторнымі залямі ды параўнальна невялікай колькасьцю экспанатаў. Твар спадара Анатоля відавочна мякчэе.

Еўмянькоў: «Самае галоўнае, каб зьберагчы атмасфэру шляхетнага дому. Маці нарадзіла Адама ў пакойчыку, дзе быў камін — вось ён тут. А вось герб ВКЛ — наша Пагоня. Вось куфэрак, кілім і шабля — палякі былі з Тырнова, зрабілі копіі. Вось пакойчык, дзе ён пісаў і паліў файкі. Кнігі яго на розных мовах — выпускнікі віленскага ўнівэрсытэту ведалі тады дасканала 5 моваў».

Карэспандэнт: «Якія самыя адметныя экспанаты?»

Еўмянькоў: «У кожным пакоі ёсьць што паслухаць і паглядзець. Пад Нясьвіжам мне падказалі, што ў дзеда брычка была. Кажа, была, але забралі. Тады кажа — ну пачакай, дырэктар, мне будзе прыемна, калі ў тваім музэі застанецца памяць і пра мяне. І прыносіць «Пана Тадэвуша» — нас у маці было 9 дзяцей, і па ёй нас вучылі пісьменнасьці. А дзядку 90 гадоў — дык яна з канца 19 стагодзьдзя».

Праходзім пару-сотню мэтраў да невялікай дрыгвяной сажалкі, паабапал зарослай расьлінамі, за якімі яўна наглядаюць, каб азярцо не зарасло. Дыхаецца лёгка — вакол палеткі, аж пад небакрай.

Еўмянькоў: «Бачыце, месца якое — усюды схілы, прыродная сажалка, але 4 гады таму так зарасло, што калі ў мяне грошы былі, наймалі экскаватар…»

Карэспандэнт: «Прыйшоў міністрам беларус Латушка. Лягчэй стала ў сэнсе фінансаў?»

Еўмянькоў: «Ён у мяне быў, абяцаў, але падтрымкі няма пакуль».

Ззаду зьявіліся першыя наведнікі — два маладыя хлопцы зь дзяўчынай. Кірыл, Алесь ды Алена з Баранавічаў саматугам падарожнічаюць па гістарычных мясьцінах.

Спадарства: «Мы ўжо тут ня першы раз, таму што прыгожа. Цікавая творчасьць беларуса з польскімі каранямі — мы ўсе тут такія, хто нарадзіўся. І зараз краіну ўсе дзеляць».

Карэспандэнт: «А якую б Беларусь хацелі бачыць?»

Спадарства: «Квітнеючай, ня той, што паказваюць па ТБ, а прыгожай, як тут, якая лісьцем шапаціць».

Ізноў да размовы са спадаром Анатолем Еўмяньковым.

Карэспандэнт: «Як усё ўзьнікла 13 гадоў таму: сядзіба, музэй?»

Еўмянькоў: «Усе адукаваныя людзі ведалі, што Адам Міцкевіч нарадзіўся тут. Але пакуль намі кіравалі рускія камуністы, у іх было на генэтычным узроўні стаўленьне — польскі паэт і ўсё. У 1836 Мікалай першы за тое, што ў Міцкевіча былі паэмы пра змаганьне за вольнасьць айчыны, указ прыняў, каб ня ўвозіць яго кнігі на тэрыторыю Расейскай імпэрыі. А калі знаходзілі, студэнтам Менску, Барысава, Магілёва давалі 3 гады турмы. Міцкевіч у школе не вывучаўся. І толькі калі мы сталі незалежнай краінай, можна было сьмела гаварыць, што трэба адрадзіць сядзібу Міцкевіча, дзе ён нарадзіўся, рос, шмат гадоў яго жыцьця прайшло. У 95 годзе, калі набліжаліся 200-я ўгодкі Міцкевіча і Пушкіна, быў зварот ЮНЭСКА, каб кожная з краін штосьці зрабіла для ўшанаваньня памяці вялікіх славянскіх паэтаў. Тады беларускі ўрад прыняў пастанову, у 96 прыехалі сюды прафэсары са студэнтамі з Варшавы ды Менску, правялі археалягічныя раскопкі, знайшлі фундамэнт гэтага дому, які згарэў у ліпені 1916. У 1843, калі Міцкевіч быў у Парыжы, яго зямляк з Наваградку, мастак Эдвард Паўловіч, зрабіў малюнак сядзібы вялікага земляка. І на падставе малюнка ўсё ўзьнікла: дом, брама, абора, студня, гумно, на возеры лазьня».
***
Тым часам у Завосьсі ішло звычайнае сялянскае жыцьцё. Каля сьвірана сустракаю 43-гадовую інжынэра-даглядчыцу, спадарыню Тацяну Калошу. Яна тут працуе ад пачатку існаваньня музэю-сядзібы.

Калоша: «Я нарадзілася ў Завосьсі і, як маці памерла, пераехала сюды — тут адкрылася ўжо сядзіба, цягнула сюды. У калгас далёка дабірацца, а як хочаш сваю гаспадарку трымаць, на абед жа не пасьпееш. А ў Стайкі 14 км. У Завосьсі адна маладая сям’я, а так старыя».

Карэспандэнт: «Вёска на музэі будзе трымацца?»

Калоша: «Можа быць. Вось Дзьмітрый Іванавіч са мной робіць — ён адзін, бацькі паўміралі».

Карэспандэнт: «Дзьмітрый Іванавіч, падыходзьце!»

55-гадовы крыху няўклюдны спадар Равінскі сарамліва падыходзіць да мікрафона.

Равінскі: «Рабіў на трактары ў калгасе, руку зламаў, пайшоў сюды. 13 гадоў робім».

Калоша: «Сталі менш езьдзіць. Можа, з-за гэтых цэнаў, аўтобусы дарагія. Учора былі дзеці зь Менску, дык кажуць па 100 тысяч з чалавека бралі за экскурсію — ня кожныя бацькі столькі могуць даць».

Карэспандэнт: «А ў вас якія заробкі?»

Спадарства: «400 тысяч. На хлеб хапае! (сьмех) Таму стараемся гаспадарку трымаць — карова, сьвіньні , куры. Конь ёсьць — выгарае тую бульбу, сена прывозіць. Але будучыня з музэем зьвязаная».

Падышоў спадар Анатоль Еўмянькоў: «Едзе менш, асабліва палякаў — зразумела, чаму. Ехалі яны кожны тыдзень раней, як да „вешча нарадовага“. Беларусы едуць кожны тыдзень — у нас вясельлі цяпер. Пасьля рэгістрацыі зь Менску, Баранавіч картэжы па 10 машын. Ім падабаецца вакольле, лазенка, азярцо. Фотасэсіі робяць незвычайныя. Традыцыі ж якія былі — да могілак, да вечнага агню».

Карэспандэнт: «Запачаткоўваюцца новыя беларускія традыцыі?»

Еўмянькоў: «Так! А калі нармальна прыяжджаюць людзі, дык я па гадзіне, па дзьве праводжу аповед пра жыцьцё і творчасьць Міцкевіча».

Карэспандэнт: «Вы самі закранулі — усё-ткі Міцкевіч больш беларус ці паляк?»

Еўмянькоў: «Міцкевіч нарадзіўся тут 24 сьнежня 1798 у ноч нараджэньня Хрыстова, праз 3 гады пасьля разбурэньня Рэчы Паспалітай. Мы страцілі сваю Айчыну, сталі часткай чужой дзяржавы. Калі сюды прыйшлі рускія чыноўнікі, усё гэта не падабалася, асабліва шляхце — а кожны пяты быў, да каго зьвяртацца ня „эй ты“, а „прошэ пана“. Калі войска ВКЛ лётала бараніць межы, браліся зь вёсак маладыя, дужыя хлопцы. Хто праяўляў „богатэрства“, таго потым „ушляхцялі“. Дык вось прадзед Міцкевіча быў „ушляхцёны“ ў часы Стэфана Баторыя напачатку 17 стагодзьдзя. Зьнясілілі войнамі дзяржаву нашу, у кожным пакаленьні вынішчаліся лепшыя людзі цягам стагодзьдзяў…»

Карэспандэнт: «Ад чаго дагэтуль ачомацца ня можам…»

Еўмянькоў: «Так. Але Кацярына другая цалкам ня зьнішчыла Варшаву — палякі атрымалі аўтаномію. І калі чыноўнікі заходзілі ў дамы нашай шляхты, яны, каб захавацца, запісаліся палякамі, каб толькі ня рускімі. Гэта была пазыцыя беларусаў, супраціў. Тым ня менш, найлепшы свой твор Міцкевіч пачынае „Літва, Айчына мая!“ — „Пан Тадэвуш“. Не Варшаўчызна! У часы Міцкевіча продкі нашы называлі сябе ліцьвінамі. І ва ўсіх публікацыях падпісваўся „Міцкевіч, ліцьвін“. Але пісаў на польскай мове».

Еўмянькоў: «Едуць усе. Летувісы зь Вільні, Коўна — „наш Адамукас Міцкевічас“. І едуць жыды — „шалом, мы едзем да свайго“, таму што маці Адама хрышчаная жыдоўка была. Едзе Ўкраіна — „дырэктар, хіба ты ня ведаеш, што некалі мы ўваходзілі ў склад ВКЛ? Мы ў Львове паставілі вялікі прыгожы помнік Міцкевічу!“ Ён нас ня дзеліць, але аб’ядноўвае. Міцкевіча хопіць на ўсіх — хай яго чытаюць і вучацца любіць радзіму, як НАШ Адам!»

Карэспандэнт: «Апыніся Міцкевіч у сёньняшнім часе, стаў бы лідэрам нацыі?»

Еўмянькоў: «Не, ня стаў бы. І Пазьняк ня стаў. У палітыку як правіла ідуць людзі, якія ня маюць сораму, гэта сродак здабываньня добрага жыцьця. Міцкевіч быў геніяльны паэт, словам натхняў моладзь да змаганьня за вольнасьць айчыны» .

На заканчэньне задаю пытаньне, якое сам спадар Еўмянькоў называе пасьля «духоўна ды палітычна інтымным».

Карэспандэнт: «Наколькі усё-ткі падобны час Міцкевіча на той, што цяпер у Беларусі?»

Еўмянькоў: «Тады было на пераломе, калі сталі калёніяй расейскай. Ёсьць у яго радкі „за людзей мільёны цярпець катаваньні я мушу, гляджу на край свой змэнчоны, як сын, чыйго бацьку ўздымаюць на кола. Я чую пакуты народу, як маці ва ўлоньні ўздрыгваньні плоду“. Урэшце беларусы павінны зразумець, што мы народ, які мае слынную гісторыю, сваіх герояў. Міцкевіч паказвае, што мы ня тое, што расейцы недадзеланыя, ці палякі перадзеланыя, ці „я мужык, дурны мужык“ — што нам трэба саміх сябе паважаць. І тады мы не дазволім ані суседзям, ані сваім катам зьдзеквацца».

Карэспандэнт: «Жыве Міцкевіч — жыве Беларусь?!»

Еўмянькоў: «Жыла, жыве і будзе жыць!»
Падарожжы Свабоды
XS
SM
MD
LG