Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Класкоўскі пра ўнесеных у сьпіс неўязных: «Яны выдатна ведалі, на што ідуць»


11 кастрычніка апублікаваныя прозьвішчы 16 беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю ЕС і чые рахункі і актывы павінны быць замарожаныя. Адпаведнае рашэньне прыняла 10 кастрычніка Рада міністраў замежных спраў Эўразьвязу.

Уладзімер Халіп
Сярод 16, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу, — міністар падаткаў і збораў Уладзімер Палуян, 10 судзьдзяў Менскага гарадзкога суду, тры пракуроры і два начальнікі калёній. Паводле бацькі Ірыны Халіп Уладзімера, усе гэтыя асобы заслужана трапілі ў сьпіс неўязных.

«Гэта ўсё людзі ня цёмныя. Яны ведаюць, што такое закон, і ведаюць, што яны пераступаюць гэты закон. Гэтыя людзі разумелі, на што ішлі і якая за гэта будзе адказнасьць. Але яны ўпэўненыя, што іх нехта абароніць».

Судзьдзі Вольга Камароўская, Вікторыя Зайцава, Валеры Камісараў, Ігар Крот, Васіль Назаранка, Уладзімер Сьцяпурка, Тамара Ўнукевіч, Уладзімер Хробастаў і Сяргей Хрыпач адхілілі хадайніцтвы палітвязьняў і пакінулі ў сіле вынесеныя ім прысуды. Судзьдзя Ўладзімер Карноў адхіліў хадайніцтвы абароны арыштаванага праваабаронцы Алеся Бяляцкага аб зьмяненьні яму меры стрыманьня. Былы палітвязень Аляксандар Класкоўскі лічыць уключэньне гэтых людзей у сьпіс неўязных цалкам апраўданым:

Аляксандар Класкоўскі
«Насамрэч не было ніякага разгляду, касацыйныя суды проста аўтаматычна зацьвердзілі рашэньні судоў першай інстанцыі і ніводнаму зь фігурантаў нічога не зьмянілі. Аўтаматычна разгледзелі, і даволі хутка па тэрмінах. Насамрэч ніякага незалежнага разгляду не было. Таму я лічу, што гэтае рашэньне ЭЗ цалкам апраўданае адносна гэтых людзей. Яны выдатна ведалі, на што ідуць. Магчыма, нават і справы не адчынялі, не глядзелі».

Былы палітвязень Аляксандар Атрошчанкаў ухваляе рашэньне Эўразьвязу — пашырыць сьпіс неўязных беларускіх чыноўнікаў, адказных за рэпрэсіі адносна апазыцыі.

Аляксандар Атрошчанкаў
«Гэтыя людзі павінны ведаць, што яны зарэзэрвавалі за сабой самую ганебную старонку гісторыі, што яны не застануцца без пакараньня. І гэты крок дэманструе гэта і ім, і тым, хто далей будзе рэпрэсаваць грамадзянскую супольнасьць і палітычную апазыцыю. Зь іншага боку, гэты крок — касмэтычна-гігіенічны. Па-першае, каб прадэманстраваць пазыцыю, і па-другое, каб засьцерагчы ЭЗ ад гэтых людзей, бо тое, што робяць гэтыя людзі ў Беларусі, па ўсіх міжнародных законах — злачынства. Але гэтыя крокі пакуль недастатковыя, каб вызваліць палітзьняволеных. Тое, што частка палітвязьняў ужо вызваленая, кажа пра тое, што толькі жорсткія крокі і прынцыповая пазыцыя мае сэнс, і каб вызваліць астатніх палітвязьняў, крокі павінны быць больш жорсткімі і прынцыповымі і больш пасьлядоўнымі».

Сярод 16-ці асобаў, улучаных у сьпіс неўязных на тэрыторыю ЭЗ, — Сяргей Ермаліцкі, начальнік Шклоўскай калёніі, «адказны за бесчалавечнае абыходжаньне з асуджаным экс-кандыдатам у прэзыдэнты Мікалаем Статкевічам», і Аляксандар Кавалёў, начальнік калёніі ў Горках, «адказны за бесчалавечнае абыходжаньне з асуджанымі, асабліва — за перасьлед і катаваньні грамадзянскага актывіста Зьмітра Дашкевіча».

Уладзімер Халіп кажа, што зьдзіўляе толькі тое, што пад візавыя санкцыі падпалі ўсяго 16 асобаў.

«А дзе АМАПаўцы, а дзе камандзіры спэцназу, дзе тыя людзі, якія дапытвалі, катавалі палітвязьняў? Я думаю, што ўсё астатняе гэтым людзям выдасьць беларускі народ. У свой час. Будзем на гэта спадзявацца».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG