Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На працягу апошніх дзён у Беларусі ўсталявалася халоднае надвор’е. Але ацяпляльны сэзон пакуль у большасьці гарадоў і пасёлкаў не пачаўся. Сыноптыкі папярэджваюць, што і зіма сёлета чакаецца надзвычай халодная. Як яе перажывуць ва ўмовах эканамічнага крызісу тыя, чыё жытло не падключана да сыстэмаў цэнтральнага ацяпленьня — жыхары райцэнтраў і вёсак?

Дзяржаўныя чыноўнікі папярэджваюць пра плянавае зьніжэньне спажываньня расейскага прыроднага газу і неабходнасьць пераходу на дровы і торф. Між тым, «Свабода» ўжо цяпер атрымлівае зьвесткі, што ў сувязі з крызісам для многіх вясковых жыхароў недаступнымі зрабіліся і дровы, істотна даражэе торфабрыкет.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


У Смаргонскім гарпаліве чарга па брыкет і дровы сёлета проста небывалая. Хоць людзі запісваліся яшчэ ў студзені, дроў і брыкету дагэтуль чакаюць больш як 200 чалавек. Многія нэрвуюцца і тэлефануюць амаль штодня.

Працаўніца гарпаліва: «І дроў сёлета мала даюць, і брыкету, бо завод у Ашмянах стаяў на рамонце, а потым наагул сказалі, што ня будуць даваць, бо трэба адгружаць вагоны. Мы пачалі зь Лідай працаваць, а там таксама ўсё па графіку, а мы ўсяго ня можам выбраць, бо нестае тэхнікі — уся на ўборцы. Мы кожны дзень тэлефануем на завод, наперад нічога ня ведаем — дадуць ці не дадуць…».

Спадарыня кажа, што паліва падаражэла з канца жніўня. Цяпер, калі яно прадаецца з датацыяй для вяскоўцаў, то 1 тона брыкету каштуе 105 тысяч рублёў. Але па такіх цэнах яго няма, а калі купляць па свабоднай цане, дык тона каштуе 370 тысяч.

Вяскоўцаў абураюць такія цэны. Адна спадарыня распавядае, што яшчэ ўвесну ўдалося купіць прычэп дроў і за гэта заплаціла 350 тысяч:

«Магло б быць трохі таньней, бо ў нас так лес завалены адкідамі дроў… але не, няхай лепей гніе… Дарагавата, але ж свае цэны не ўсталюеш. А што гэты адзін прычэп? Трэба як мінімум два».

Яшчэ пра адну праблему кажа вясковая жыхарка сталага ўзросту. Маўляў, паліва прывязуць, але яшчэ трэба дровы пакалоць і скласьці, і брыкет таксама. А ў вёсцы мала хто можа дапамагчы, апроч выпівохаў, якім трэба і заплаціць, і на стол накрыць:

«Яны бяруцца калоць і складаць, а гаспадыня гатуе ім есьці, але без бутэлькі за стол ня сядуць. Мая суседка так напякла ім блінцоў, скварак, а ён кажа: калі не дасі выпіць — пайду дахаты. Давялося ісьці па вёсцы, пазычаць бутэльку віна. Тады толькі сеў, паеў, выпіў і пайшоў калоць».

МАГІЛЁЎШЧЫНА


І на Магілёўшчыне, каб назапасіць на зіму паліва, пэнсіянэры мусяць адрываць ад свайго бюджэту немалыя сумы. Асабліва цяжка адзінокім старым у далёкіх вёсках.

Жыхарка Хоцімскага раёну пэнсіянэрка Раіса жыве адна. Дзесяць гадоў таму аўдавела. Тры гады таму пахавала сына. З пэнсіі дапамагае ўнучцы, якая вучыцца ў суседнім раёне ў Расеі. Да зімы, кажа спадарыня Раіса, падрыхтавалася — дровы купіла:
Калі купляць, як нарыхтоўваюць у лесе дровы, то 600 тысяч каштуе трактар. Дорага, канечне. Пэнсія мая 665 тысяч.

«Брыкет мне не прывозяць, а дровы я нарыхтоўваю за свае грошы. Калі купляць, як нарыхтоўваюць у лесе дровы, то 600 тысяч каштуе трактар. Ну, а калі з гарпаліва, то тысяч чатырыста-пяцьсот. Дорага, канечне. Пэнсія мая 665 тысяч. Дужа цяжка».

На дарагоўлю паліва наракаюць на Хоцімшчыне ня толькі пэнсіянэры, але й людзі зь сярэднім, як на тутэйшую мерку, дастаткам. Як, напрыклад, спадар Міхаіл. На дапамогу дзяржаўных нарыхтоўшчыкаў ён не спадзяецца, купляе дровы ў прыватнікаў:

«Пэнсіянэрам жа выпісваюць за паўцаны, а прыватнікі, якія крадуць альбо бяруць дзялянкі, прадаюць во цяпер па 600–700 тысяч за трактар альбо машыну. Гэта вар’яцкія грошы. Людзі ў нас столькі не зарабляюць. Яшчэ ж невядома, што з газам будзе».

Некаторыя пэнсіянэры набылі на зіму паліва яшчэ ўвесну й не шкадуюць, хоць і тады аддалі за яго немалыя, як на той час, грошы. У жыхаркі Магілёўскага раёну Галіны пэнсія 600 тысяч. У красавіку яна мелася набыць сабе дроў і тарфянога брыкету. Сказалі: альбо бераце дровы, альбо брыкет:

«Я брала брыкет: тры тоны з падвозкай — 335 тысяч. Вядома, гэта дужа дорага. А цяпер яшчэ будзе даражэй».

Паводле жыхара Касьцюковіцкага раёну Мікалая, за паўгода дровы ў цане вырасьлі амаль у два разы:

«Калі я ў сакавіку дровы купляў па 257 тысяч за сем кубоў, то цяпер — 410 тысяч. Цяпер жа канец году, ня тое што выбару дроў няма, а наагул іх няма. Разабралі. Кажуць — ну, чакайце».

Каб не чакаць, выйсьце ёсьць — самім узяць дазвол у лясьніцтве й нарыхтаваць дроў. У спадара Мікалая адзінокая сястра, дый сам ён ужо стары, адолець удваіх нялёгкую працу ўжо ня змогуць. Трэба наймаць работнікаў, а гэта грошы, а дзе ж іх узяць?

ВІЦЕБШЧЫНА


Гарадоцкі раён на Віцебшчыне — гэта лясны край. Але і тут ёсьць напружанасьць з выдзяленьнем жыхарам лясных дзялянак, каб самі нарыхтоўвалі паліва.

Чаму ж перад гэтай зімой жыхары райцэнтру ня могуць забясьпечыць сябе дровамі, разважае Леанід Аўтухоў, былы ўладальнік піларамы, які раней як прадпрымальнік займаўся дастаўкай паліва:

«Дровы і дужа дарагія ў параўнаньні з прыбыткамі, 550 тысяч прычэп. Але ж іх і не знайсьці! Стаіць у нас чарга ў „Гарпаліве“ па дровы — 323 чалавекі. І сёньня дровы прывозяць яшчэ тым, хто станавіўся на чаргу ў студзені! Прадпрымальнікам жа не даюць вазіць, прадпрымальнікаў зьнішчылі! А „Гарпаліва“ можа прывезьці хіба два прычэпы за дзень — яна дровы на трактарах возяць. А горад жа ў нас вялікі!»
Сёньня дровы прывозяць яшчэ тым, хто станавіўся на чаргу ў студзені!.

Людзі ратуюцца ад холаду як могуць, кажа спадар Аўтухоў. Некаторыя спрабуюць дамовіцца на лесапілцы ў лясьніцтве, каб набыць хоць нейкія абрэзкі. Але і гэта дэфіцыт: лясьніцтва падпарадкавалі віцебскаму дрэваапрацоўчаму камбінату, і лесапілка працуе толькі ў адну зьмену, бо працы паменела. З гэтай самай прычыны і прадпрымальнікі , якія пілавалі і дастаўлялі дровы людзям, аўтаматычна зьніклі: лясное багацьце цяпер пераважна накіроўваецца на продаж за мяжу.

Леанід Аўтухоў: «Вывозяць круглыя суткі. Як лес вынішчаецца — жах! Гэта ж такая крыніца прыбытку! Лес вырошчваць ня трэба, гэта ж ня збожжа: Гасподзь нам даў лясы, і яны вырасьлі… Мая радзіма — вёска Вярэчча, там палёў амаль няма, толькі лясы. Дык там на кілямэтар вакол возера лес выразалі! І дажыліся, у самым Вярэччы людзі бяз дроў сядзяць, просяць — „Прывязіце!“, на калені становяцца. А ў лясьніцтве — адзіны трактар, і той ледзьве дыхае!»

Спадар Аўтухоў апавёў, што вяскоўцы, каб ня мерзнуць узімку, разьбіраюць старыя хаты:

«Вёскі ж выміраюць! У нашым Вярэччы, як у тым Прастаквашыне: палова дамоў стаіць пустая, заходзь і жыві хто хочаш… Дык і разьбіраюць: хаты разьбіраюць, быў інтэрнат — разабралі, цяпер школу зачынілі».

У спадарыні Валянціны з Воршы — хата новая. Калі была магчымасьць, гаспадыня правяла газавае ацяпленьне. Гэтымі халоднымі днямі яна ходзіць па хаце ў паліто, бо мусіць эканоміць: да 15 кастрычніка газ пастаўляюць па вышэйшых, «летніх» коштах — каля тысячы за кубамэтар:

«Гэта дорага, але ж гэта — летні кошт, з 15 кастрычніка будзе іншы — меншы. У нас многія не павыкідалі печкі, дык яны ўлетку падцепліваюцца дровамі, і толькі калі наступаюць маразы, то ўключаюць газ. Але ж у мяне печкі няма, а на вуліцы сёньня такі дубар!..»

Эканоміць спадарыня Валянціна, бо чакае зімы: там газу паліцца многа, каля 500 кубоў за месяц, і пры ейным заробку ў мільён 100 тысяч выдаткі будуць вялікія. Таму яна адмыслова адкладае грошы — не на машыну ці новую мэблю, а на тое, каб узімку плаціць за газ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG