Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Костка пра адстаўку Васілевіча: «Гэта — чарговая інтрыга»


Рыгор Васілевіч
Рыгор Васілевіч
Зь якой нагоды пакінуў сваю пасаду былы Генэральны пракурор Беларусі Рыгор Васілевіч? Пасьля таго, як сёньня журналістка Вольга Швед апублікавала ў сваім блогу копію ліста да яго ад старшыні КДБ Вадзіма Зайцава, узьнікла вэрсія, што прычынай адстаўкі магла стаць адмова пракуратуры распачаць крымінальную справу з нагоды акцыі «Стоп-бэнзін».

З копіі ліста Вадзіма Зайцава вынікае, што КДБ таксама патрабаваў ад пракуратуры дапытаць у якасьці падазраванага аднаго з ініцыятараў акцыі «Стоп-бэнзін» Арцёма Шаркова і выступіць з пагрозьлівымі заявамі ў СМІ, каб застрашыць патэнцыйных удзельнікаў будучых пратэстаў.

Наколькі гэты дакумэнт сапраўдны? — пацікавілася «Свабода» ў Вольгі Швед:

«Зразумела, што зь вядомых прычынаў я не магу падрабязна расказаць, адкуль у мяне зьявіўся гэты дакумэнт. Але я перакананая на 100%, што гэты дакумэнт сапраўдны. Гэта — копія з арыгіналу дакумэнту, які быў зроблены толькі ў адным асобніку. Тым ня менш я дакладна ведаю свае крыніцы і дакладна ведаю, што гэты дакумэнт арыгінальны».

Швед тлумачыць, зь якой мэтай яна выставіла гэты дакумэнт:

«Я разумею, што самы востры час маўклівых акцыяў ужо мінуў. І таму дакумэнт ужо не зьяўляецца надзвычай актуальным. Але я лічу, што яго варта надрукаваць.

Па-першае, вельмі цікава паглядзець, як працуюць такія структуры, як яны ацэньваюць гэтыя акцыі, што намагаюцца зь імі зрабіць. Цікава, напрыклад, як яны ацэньваюць колькасьць людзей, якія ўдзельнічалі ў акцыі. Хоць у эфіры БТ можна пачуць зусім іншыя лічбы.

Плюс мне падаецца, што гэта будзе цікава для тых людзей, якія арганізоўваюць чарговыя акцыі. Гэты досьвед, магчыма, дапаможа ім штосьці скарэктаваць у сваёй стратэгіі.

Ну, і спадзяюся, што гэтая публікацыя будзе мець рэзананс і ўнутры саміх сілавых структураў. Я думаю, што яны крыху пахвалююцца. І гэта таксама добра».

Начальнік Цэнтру інфармацыі і грамадзкіх сувязяў КДБ Аляксандар Антановіч на просьбу «Свабоды» пракамэнтаваць сытуацыю сказаў:

«Пакуль не магу нічога сказаць з гэтай нагоды. Пакуль не гатовы. А па-другое, я ў прынцыпе прытрымліваюся наступнай думкі — як толькі нешта такое зьяўляецца на пэўных рэсурсах, гэта адразу пачынаюць піярыць. Я ўсё разумею, але верыць усяму ў гэтым жыцьці як бы нельга».

Валер Костка
Былы падпалкоўнік КДБ Валер Костка кажа, што ў цяперашняй Беларусі такі ліст старшыні КДБ верагодны:

«У нармальных умовах нармальная спэцслужба ня будзе ніколі займацца ніякімі акцыямі „Стоп-бэнзін“. А ў нас спэцслужбы займаюцца і бэнзінам, і сацыяльнымі сеткамі, і маўклівымі рэвалюцыямі, і чым заўгодна. Яны займаюцца працай зь меркаваньнямі грамадзян. А гэта і ёсьць прыкмета палітычнага вышуку. Карацей, яны займаюцца не сваёй справай».

Валер Костка цьвердзіць, што такі ліст парушае і Канстытуцыю Беларусі:

«Генэральная пракуратура згодна з Канстытуцыяй ёсьць вышэйшы наглядны орган. І не КДБ павінен даваць указаньні Генэральнай пракуратуры, а Генэральная пракуратура — КДБ. І тое, што гэта становіцца падставай для зьняцьця Васілевіча, то гэта цалкам магчыма. Гэта — чарговая інтрыга. Васілевічу далі нібыта загад, хоць ня мелі на гэта права, а ён не адрэагаваў. Далажылі вышэйшаму, ён зьняў Васілевіча. У нашых умовах гэта лягічна».

Акцыя «Стоп-бэнзін» была адным з самых масавых за апошні час выступаў супраць эканамічнай палітыкі ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG