Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэра «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча ў глыбоцкай калёніі наведаў адвакат. Ягонаму паплечніку Эдуарду Лобаву адміністрацыя турмы перастала выдаваць газэты. Палітвязень Зьміцер Бандарэнка дзякуе за падтрымку людзям з волі. Ад былых кандыдатаў на прэзыдэнта і палітвязьняў Андрэя Саньнікава і Міколы Статкевіча вестак няма.

Актывіст «Маладога фронту», палітвязень Эдуард Лобаў патэлефанаваў дадому і паведаміў, што не атрымлівае выпісаных яму газэт, кажа маці Эдуарда Марына Лобава:

«Яму выпісана шэсьць газэт: „БелГазета“, „Белорусы и Рынок“, „Обозреватель“, „Народная Воля“, „Наша слова“, „Новы час“ і „Свободные новости+“ адпраўляюцца яму ў канвэрце. З гэтых газэт ён увогуле нічога не атрымлівае. Я тэлефанавала ў калёнію, і мне адказалі, каб везла квітанцыі, а яны ўжо будуць разьбірацца, чаму не атрымлівае. Цёплую бялізну яму нарэшце выдалі. Трымаецца бадзёра, чакае мяне на спатканьне — усё нармальна, кажа».

Палітвязень Зьміцер Бандарэнка таксама заяўляе пра тое, што не атрымлівае выпісанай яму пэрыёдыкі. А днямі ён даслаў дадому новы ліст, у якім паведамляе, што яму працягваюць выдаваць паштоўкі зь віншаваньнямі да дня народзінаў і што ён дзякуе людзям за падтрымку. Гэта дапамагло яму нават забыцца на праблемы са здароўем, мяркуе жонка палітвязьня Вольга Бандарэнка:

«Ужо другі ліст, дзе няма ніводнага слова пра здароўе. Бо пайшлі лісты зь віншавальнымі паштоўкамі, і ён піша толькі пра гэта — такі эмацыйны пад’ём зараз. Вядома, я ня думаю, што яму стала лепш, але эмацыйна — здароўе для яго адышло на другі плян».
На мінулым тыдні там быў адвакат і ўсё выглядала з дакладнасьцю да наадварот: і праца ня лёгкая, і нары верхнія.

Ад былога кандыдата на прэзыдэнта Міколы Статкевіча па-ранейшаму няма лістоў і тэлефанаваньняў. Жонка палітвязьня Марына Адамовіч таксама ня верыць заявам начальніка шклоўскай калёніі Сяргея Ярмаліцкага, які паведаміў магілёўскім праваабаронцам пра добрыя ўмовы, створаныя для Міколы Статкевіча:

«Па-першае, калі Мікола атрымаў траўму і нам пра гэта выпадкова стала вядома, магілёўцаў запэўнілі, што гэта звыклае расьцяжэньне, што ніякага гіпсу няма. Хоць у той жа дзень у Міколы быў адвакат і добра бачыў гіпс. Цяпер кажуць, што ён на лёгкай працы і мае месца на ніжніх нарах. Хоць на мінулым тыдні там быў адвакат і ўсё выглядала з дакладнасьцю да наадварот: і праца ня лёгкая, і нары верхнія. Вось жа, што ні слова — то хлусьня».

Таксама няма ніякіх вестак ад яшчэ аднаго былога кандыдата на прэзыдэнта — Андрэя Саньнікава. Жонка Ірына Халіп паведаміла толькі, што палітвязень па-ранейшаму застаецца ў карантыне ў бабруйскай турме, а днямі яго наведае адвакат. Таксама сёньня сустрэчу з адвакатам меў старшыня «Маладога фронту», палітвязень Зьміцер Дашкевіч.
Андрэй Саньнікаў
Нарадзіўся ў Менску 8 сакавіка 1954 года. Скончыў Менскі дзяржаўны інстытут замежных моваў, Дыпляматычную акадэмію Міністэрства замежных справаў СССР у Маскве. Валодае чатырма мовамі. Працаваў у Таварыстве дружбы з замежнымі краінамі, у сакратарыяце ААН у Нью-Йорку, быў дарадцам прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь у Швайцарыі.

У 1995-1996 гг. — намесьнік міністра замежных спраў Беларусі. Пакінуў гэтую пасаду ў лістападзе 1996 год на знак пратэсту супраць правядзеньня рэферэндуму. У лістападзе 1997 году стаў стваральнікам і міжнародным каардынатарам грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя’97».

У 2008 годзе ініцыяваў грамадзянскую кампанію «Эўрапейская Беларусь».

Ляўрэат міжнароднай прэміі імя Бруна Крайскага ў галіне абароны правоў чалавека (2005 г.).

Кандыдат у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь на выбарах-2010.
Мікола Статкевіч
Нарадзіўся 12 жніўня 1956 году ў вёсцы Лядна Слуцкага раёну Менскай вобласьці ў сям'і настаўнікаў.

1978 г. Скончыў Менскую вышэйшую інжынэрную зэнітна-ракетную вучэльню.

1986 г. Абараніў кандыдацкую дысэртацыю.

Працаваў выкладчыкам Менскай вышэйшай інжынэрнай зэнітна-ракетнай вучэльні.

Люты 1991 г. На знак пратэсту супраць падзей у Вільні выйшаў з КПСС.

1991 г. Сябра Цэнтральнай рады і выканаўчага камітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).

1995 г. Старшыня БСДП (НГ).

1991—1995 гг. Стваральнік і кіраўнік Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў.

2000 г. Удзельнічаў у выбарах у Палату прадстаўнікоў.

2005 г. Асуджаны на тры гады абмежаваньня волі за арганізацыю 18—19 кастрычніка 2004 году ў Менску вулічнай акцыі супраць афіцыйных вынікаў парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму. Па амністыі тэрмін абмежаваньня волі быў скарочаны на год.

Кіраўнік аргкамітэту ў справе стварэньня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).
Зьміцер Бандарэнка
Грамадзкі актывіст, сябра ГА «БАЖ». Нарадзіўся ў Менску 28 верасьня 1963 году.

У 1984 г. скончыў Інстытут фізычнай культуры.

У 1995–1996 гг. працаваў на незалежным Радыё 101.2 FM, зачыненым уладамі.

Адзін з заснавальнікаў грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя-97», каардынатар грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь».

У часе прэзыдэнцкіх выбараў 2010 г. быў актывістам штабу кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава. Быў арыштаваны 20 сьнежня ва ўласнай кватэры і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Першапачаткова ў дачыненьні да яго было высунутае абвінавачваньне па арт. 293 КК (масавыя непарадкі), які прадугледжвае пакараньне да 15 гадоў пазбаўленьня волі, аднак 4 красавіка яно было перакваліфікавана на больш мяккае.

Зьміцер Бандарэнка абвінавачваецца па ч. 1 артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Артыкул прадугледжвае пакараньне штрафам, або арыштам на тэрмін да шасьці месяцаў, ці абмежаваньнем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленьнем волі на той жа тэрмін.

Эдуард Лобаў
Нарадзіўся ў Менску ў 1988 г. З 8-га кляса марыў зьвязаць сваё жыцьцё з войскам. Служыў тэрміновую службу ў спэцназе. Тамсама, у войску, пазнаёміўся з маладафронтаўцам з Гомелю, дзякуючы якому далучыўся да "Маладога фронту". Быў абраны кіраўніком менскай гарадзкой арганізацыі МФ. Надалей цікавіцца ваеннай справай і марыць пра адраджэньне беларускага войска.

Затрыманы 18 сьнежня разам зь лідэрам МФ Зьмітром Дашкевічам, абвінавачаны ў хуліганстве. У Жодзінскім СІЗА за адмову сьведчыць супраць маладафронтаўцаў Эдуарда пагражалі перавесьці ў камэру, дзе зь ім жорстка расправяцца.

Зьміцер Дашкевіч
Нарадзіўся 20 ліпеня 1981 г. у вёсцы Кушняры Івацэвіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці. Да пяці гадоў жыў у Расеі на Далёкім Усходзе. Потым сям’я перабралася ў Старыя Дарогі. Там скончыў школу № 2. Вучыўся ў Гарадзенскім сельскагаспадарчым інстытуце. У 2001 годзе прыйшоў у "Малады фронт". Увосень 2001 г. быў адным з абаронцаў Курапатаў. Пазьней паступіў у Віленскі пэдагагічны ўнівэрсытэт на факультэт славістыкі. Быў абраны кіраўніком Менскай гарадзкой арганізацыі "Маладога фронту". Актыўны ўдзельнік і арганізатар масавых акцыяў і мерапрыемстваў. За сваю палітычную дзейнасьць неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці. У 2004 г. абраны старшынём "Маладога фронту".
XS
SM
MD
LG