Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асуджаны з Івацэвічаў: "Такую сур’ёзную ўспышку сухотаў я назіраю ўпершыню"


Пра тое, што ў івацэвіцкай калёніі ўспышка сухотаў, паведаміў у тэлефанаваньні на "Свабоду" Сяргей Г.

"Пры канцы верасьня з нашай папраўчай Івацэвіцкай калёніі № 5 у рэспубліканскі турэмны тубэркулёзны шпіталь у Воршы было этапавана 6 чалавек. 3 кастрычніка быў другі этап, калі ў шпіталь накіравалі 4 чалавекі. 9 кастрычніка — 10 чалавек. Гэты сьпіс, аднак, далёка ня поўны. Не выключаю, што ёсьць нямала тых, у каго гэтую хваробу пакуль не знайшлі. Праверана менш за палову з усіх сядзельцаў. Як пішуць у мэдычных даведніках, кожны хворы на сухоты за час хваробы заражае сама меней 10—15 чалавек.

Казаць пра сухоты маю ўсе падставы. Калісьці гэтую хваробу падчас флюараграфіі выявілі ў мяне. Я тады таксама быў этапаваны ў шпіталь у Воршу. Цяпер знаходжуся ў так званым сухотным атрадзе, сядзельцы якога калісьці гэтак жа, як і я, лекаваліся ад сухотаў, а цяпер знаходзяцца ў стане рэмісіі. Гэтымі днямі з нашага атраду этапавалі ў Воршу 3 чалавек з адкрытай формай сухотаў. (...) У нас у атрадзе 150 чалавек. На ўсю гэтую колькасьць толькі 5 рукамыйніц, 4 парашы. Уявіце сабе, які тлум бывае ў нашым невялікім вузенькім калідорчыку падчас пад’ёму. Самі разумееце, што заразіцца ня цяжка, нават і ня ходзячы на тэлевізар.

Найбольш хвалюе, што сярод асуджаных, у якіх знайшлі сухоты, пераважная большасьць — з так званых здаровых атрадаў. Самае небясьпечнае тое, што хваробу знайшлі і ў 17 атрадзе. Гэта тыя людзі, якія працуюць на кухні — мыюць посуд, занятыя гатаваньнем ежы. Гэта небясьпека ня толькі для асуджаных калёніі (а нас не адна тысяча), турэмнага пэрсаналу, але і для ўсіх нашых сямейнікаў. Шмат хто з нас мае кантакты з воляй. Да нас на спатканьні рэгулярна прыяжджаюць сямейнікі. Дома многіх чакаюць дзеці. Нарэшце, нямала людзей пэрыядычна вызваляюцца, і пагроза заражэньня астатняга насельніцтва краіны ўзьнікае з самых першых хвілінаў.

Паводле дзейных правілаў Міністэрства аховы здароўя асуджаныя, якія наўпрост кантактавалі з сухотнікамі, павінны ў мэтах прафіляктыкі атрымліваць так званае дыетычнае харчаваньне і адпаведныя мэдыкамэнты. Сярод прадуктаў харчаваньня абавязковыя — "малако сьвежае з-пад каровы" (так напісана ў рэкамэндацыях), якога мы ня бачым, сьвежая гародніна, якой мы таксама не атрымліваем, яшчэ мяса, па 150 г штодня. Замест яго ў апошнія месяцы нам выдаюць вараную каўбасу (колькі там мяса насамрэч, ня ведае ніхто). Цяпер у сувязі з успышкай хваробы выглядае, што дыетхарчаваньне трэба выдаваць усім. Аднак на гэта адміністрацыя ніколі ня пойдзе.

За час майго працяглага знаходжаньня ў калёніі такую ўспышку сухотаў назіраю ўпершыню. Магу толькі дадаць, што гэта вельмі сур’ёзна".

Паведамленьне асуджанага камэнтуе кіраўнік "Плятформы" Андрэй Бандарэнка:

"Мы неаднаразова ўздымалі пытаньні санітарна-эпідэміялягічных нормаў у калёніях і СІЗА. Да гэтага часу ад нас адмахваліся, як ад дакучных мух. Дзяржава фактычна зьнішчае сваіх грамадзян у турмах і калёніях. Тое, што здарылася ў Івацэвічах, гэта нацыянальная трагедыя. Хто і як у стане кампэнсаваць зьняволеным страчанае здароўе? Гэта ганьба для краіны, калі ў 21-м стагодзьдзі мы вымушаныя канстатаваць падобныя выпадкі. "Плятформа" наўпрост зоймецца гэтым пытаньнем".

Праваабаронцы таксама паведамілі, што 11 кастрычніка іх заявы пра сытуацыю з сухотамі ў калёніі № 5 будуць накіраваныя ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС, Генпракуратуру і Галоўнаму санітарнаму лекару краіны.

Згодна з афіцыйнымі зьвесткамі беларускага МУС, цяпер у турмах і СІЗА Беларусі на 50 тысяч асуджаных прыпадае каля 1170 хворых на актыўную форму тубэркулёзу.

Апошнім часам, калі флюараграфія ў турмах стала абавязковаю, высьветлілася, што сухоты закранаюць ня толькі зьняволеных, але і турэмны пэрсанал. Падлічана, што ў параўнаньні з сытуацыяй на волі маштабы гэтага захворваньня ў СІЗА і калёніях у 7—8 разоў вышэйшыя. Праблема ўскладняецца тым, што Беларусь, у адпаведнасьці з клясыфікацыяй Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя, адносіцца да краін, дзе тубэркулёзная інфэкцыя мае мультырэзыстэнтны характар, то бок устойлівая не да аднаго, а адразу да некалькіх мэдыкамэнтаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG