Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольга Швед: "Гэта на 100% сапраўдны дакумэнт"


Журналістка Вольга Швед апублікавала ў сваім блогу копію ліста, які старшыня КДБ Вадзім Зайцаў накіраваў асабіста тагачаснаму генэральнаму пракурору Рыгору Васілевічу. У ім КДБ "прапануе" пракуратуры распачаць крымінальную справу па факце акцыі "Стоп-бэнзін" 7 чэрвеня.

КДБ таксама патрабаваў ад Пракуратуры дапытаць у якасьці падазраванага аднаго з ініцыятараў акцыі "Стоп-бэнзін" Арцёма Шаркова і выступіць з пагрозьлівымі заявамі ў СМІ, каб застрашыць патэнцыйных удзельнікаў будучых пратэстаў.

Сёньня ў размове са "Свабодай" Вольга Швед распавяла: "Зразумела, што зь вядомых прычынаў я не магу падрабязна расказаць, адкуль у мяне зьявіўся гэты дакумэнт. Але я перакананая на 100%, што гэты дакумэнт сапраўдны. Гэта — копія з арыгіналу дакумэнту, які быў зроблены толькі ў адным асобніку. Тым ня менш я дакладна ведаю свае крыніцы і дакладна ведаю, што гэты дакумэнт арыгінальны".

Швед тлумачыць,зь якой мэтай яна выставіла гэты дакумэнт: "Я разумею, што самы востры час маўклівых акцыяў ужо мінуў. І таму дакумэнт ужо не зьяўляецца надзвычай актуальным. Але я лічу, што яго варта надрукаваць.

Па-першае, вельмі цікава паглядзець, як працуюць такія структуры, як яны ацэньваюць гэтыя акцыі, што намагаюцца зь імі зрабіць. Цікава, напрыклад, як яны ацэньваюць колькасьць людзей, якія ўдзельнічалі ў акцыі. Хоць у эфіры БТ можна пачуць зусім іншыя лічбы.

Плюс мне падаецца, што гэта будзе цікава для тых людзей, якія арганізоўваюць чарговыя акцыі. Гэты досьвед, магчыма, дапаможа ім штосьці скарэктаваць у сваёй стратэгіі.

Ну, і спадзяюся, што гэтая публікацыя будзе мець рэзананс і ўнутры саміх сілавых структураў. Я думаю, што яны крыху пахвалююцца. І гэта таксама добра".
XS
SM
MD
LG