Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дзьмітры Вус: ад "фонавага кандыдата" да "народнага героя"




Дзьмітры Вус — экс-кандыдат у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь — 26 траўня 2011 году быў асуджаны беларускім судом на пяць з паловай гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Чалавек і палітык, які стаў адным з сымбаляў прэзыдэнцкай кампаніі 2010 году і пазьнейшых падзеяў.

10 чэрвеня 2011 году, калі Дзьмітры знаходзіўся ў Магілёўскай папраўчай калёніі № 19, яму споўнілася 40 гадоў.

Выглядае, што Дзьмітры доўгі час спрабаваў прыстасавацца да дзейнай сыстэмы і мяняць яе знутры. Распачаты ў 1991 годзе пасьпяховы бізнэс зь цягам часу дазволіў яму пайсьці ў палітыку: Дзьмітры вось ужо 20 гадоў узначальвае менскае выдавецтва "Трывіюм", адным зь першых ён пачаў друкаваць мапы і атлясы. Мапы аўтадарог, якія мае ў "бардачку" свайго аўтамабіля бадай кожны беларускі кіроўца, хутчэй за ўсё, выдадзеныя менавіта Вусам.

Пасьля вызваленьня

Пасьля вызваленьня



Да прэзыдэнцкай кампаніі 2010 году імя Дзьмітрыя Вуса было мала каму вядомае, але зьявіўся ён не на пустым месцы: Дзьмітры кажа, што аснову яго зацікаўленасьці палітыкай заклаў Георгі Станіслававіч Таразевіч. Таразевіч — постаць па-свойму легендарная, прыклад таго, як тыповы савецкі намэнклятуршчык высокага рангу ў спрыяльных гістарычных умовах перабудовы можа ператварыцца ў адданага нацыянальнага палітыка. Таразевіч узначальваў Вярхоўны Савет БССР да 1989 году, калі на гэтую пасаду прыйшоў Мікалай Дземянцей. У незалежнай Беларусі ён займаў пост першага намесьніка міністра замежных спраў, быў амбасадарам Беларусі ў Польшчы, а пасьля 1995 году адкрыта сышоў у апазыцыю. У другой палове 90-х уваходзіў у Цэнтральны камітэт Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. Таразевіч яшчэ з савецкіх часоў валодаў усімі прыёмамі закуліснай барацьбы і выдатна ведаў, як дзейнічае дзяржаўная сыстэма. Пры жыцьці Георгія Станіслававіча Вусу ўдавалася досыць працяглы час уваходзіць у органы мясцовага самакіраваньня — з 1999 па 2003 год Дзьмітры быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету. Пры гэтым падтрымліваў шчыльныя стасункі з сацыял-дэмакратамі — у тым ліку і зь Мікалаем Статкевічам.

Сьмерць Георгія Таразевіча ў 2003-м распачала цяжкі пэрыяд у жыцьці Дзмітрыя Вуса. У гэтым жа годзе яго не зарэгістравалі кандыдатам на чарговых мясцовых выбарах. Як перакананы Дзьмітры, зрабілі гэта незаконна. Тая ж сытуацыя паўтарылася ў 2007-м. А пазьней і ў 2010 годзе.

Тады Вус заяўляў, што для таго, каб вылучацца на вясновых выбарах у гарсавет, сабраў 5000 подпісаў у сваёй акрузе. На саміх жа выбарах за яго нібыта прагаласавала толькі 3000 выбарцаў. Пасьля абвяшчэньня вынікаў 6000 чалавек падпісалі ліст прэзыдэнту з патрабаваньнем прызнаць вынікі выбараў несапраўднымі і пералічыць бюлетэні. Аднак ЦВК гэтую скаргу не залічыла. На гэтым цярпеньне Дзьмітрыя Вуса скончылася. Ён прыняў рашэньне ісьці ў прэзыдэнты. Рабіў гэта, як сам тлумачыць, для таго, каб людзі зразумелі, што ад іх голасу амаль нічога не залежыць. Сваю кампанію Дзьмітры вёў супольна зь Міколам Статкевічам — яны разам езьдзілі па рэгіёнах, сустракаліся зь людзьмі, тлумачылі свае праграмы.



Найбольш пра кандыдата Дзьмітрыя Вуса людзі даведаліся зь ягоных выступаў на Беларускім тэлебачаньні. Вус ані разу не скарыстаў свае паўгадзіны эфірнага часу цалкам — кожная зь ягоных прамоваў доўжылася каля 7 хвілінаў. Падчас другога выступу Дзьмітры распавёў пра сябе. Пра тое, што ў 2004-м пасьля плянавай апэрацыі месяц правёў у коме з-за нібыта няправільна ўведзенага наркозу. Пасьля рэабілітацыі паспрабаваў вылучыцца ў дэпутаты Нацыянальнага сходу. Па ягоных словах, сабралі 10 тысяч подпісаў. Першая жонка Сьвятлана ўзначальвала ініцыятыўную групу. Падчас збору подпісаў ёй зрабілася кепска, яна трапіла ў шпіталь, дзе раптоўна памерла ад алергічнай рэакцыі. І Дзьмітры застаўся ўдаўцом з сынам Іванам. Ва ўсіх гэтых падзеях ён ускосна вінаваціў дзейную ўладу, але ўласныя жыцьцёвыя трагедыі назваў "кветачкамі". "Ягадкі" — гэта тое, што яму дакладна вядома пра ўказаньне забясьпечыць Аляксандру Лукашэнку 80% галасоў. "Што мы будзем рабіць?" — спытаўся Дзьмітры Вус у выбарцаў.

Рэгістрацыя кандыдата на прэзыдэнта

Рэгістрацыя кандыдата на прэзыдэнта


Гэты выступ прыкметна адрозьніваўся ад папярэдняга, калі кандыдат з паперкі зачытаў асноўныя тэзісы сваёй праграмы, выкладзеныя карыкатурна канцылярскай мовай. Нечаканая шчырасьць амаль безэмацыйнага чалавека і перажытыя ім выпрабаваньні выклікалі да яго першую асьцярожна-спагадлівую ўвагу і замацавалі за ім вобраз "чалавека складанага лёсу". У той час мала хто ведаў, што Дзьмітры ажаніўся другі раз і ягоная маладая жонка Яўгенія чакае дзіця...

19 сьнежня Дзьмітры заявіў, што галасаваць ня пойдзе, а пойдзе на Плошчу. "Кіраўнік дзяржавы ня лічыць іншых кандыдатаў у прэзыдэнты за людзей і нават ані разу не адказаў на нашыя звароты…Таму я іду на Плошчу, каб сваім выбарцам, сябрам, знаёмым, усім людзям гэта давесьці і паспрабаваць зьмяніць, каб наступныя выбары ў нас былі дэмакратычнымі".



Паводле дадзеных ЦВК РБ, на прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году кандыдат Дзмітры Вус набраў 0,39% галасоў.

У ноч на 20-га яго затрымалі, але адразу ж адпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе. 18 сакавіка 2011 году Вусу прад’явілі абвінавачаньне па артыкуле 293 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя масавых беспарадкаў).

Менавіта на працягу сьледзтва Дзьмітры Вус стаў набіраць палітычнай вагі. Ён не баяўся ўголас казаць пра ціск, які чыняць на яго сьледчыя органы, — пагражаюць пазбавіць бізнэсу і ўскладніць жыцьцё блізкіх. Усё для таго, каб атрымаць паказаньні супраць іншых кандыдатаў, у прыватнасьці, супраць Міколы Статкевіча. Чалавек, які падазрае, што кома і сьмерць жонкі не былі выпадковымі, такія пагрозы здольны ўспрыняць літаральна.

Але Вус ня здаўся. Не прадаў бізнэс, ня ўцёк з краіны, ня выправіў адсюль далей маладую жонку з дзецьмі, з сынам Мішам, які нарадзіўся на пачатку 2011 году. Разьвітваючыся з эпітэтамі "фонавы кандыдат" і "аўтсайдэр", ён паступова, але ўпэўнена пераходзіў у катэгорыю "сапраўдны мужык" і "герой нашага часу".



Журналісты Радыё Свабода прыйшлі да Вусаў у кватэру ўвечары напярэдадні прысуду. Дзьмітры даваў апошнія распараджэньні жонцы Жэні, падпісваў дакумэнты — з заўтрашняга дня кіраваньне выдавецтвам пераходзіла да гэтай 24-гадовай дзяўчыны. Гэтаксама як і клопат пра дзяцей — чатырнаццацігадовага Івана, сына Дзьмітрыя ад першага шлюбу, яе трохгадовую дачушку ад папярэдняга шлюбу і іх агульнага сына Мішу. Меншых дзяцей тады адправілі да бабуляў і дзядуляў, і побач з бацькам быў толькі старэйшы Іван — вельмі падобны да Дзьмітрыя, такі ж стрыманы і нешматслоўны. Іван упэўнена казаў, што бацьку садзяць "за праўду".

Дзьмітры быў перакананы, што яго пасадзяць. Але вонкава захоўваў спакой і пасьміхаўся. Прапанаваў згуляць у шахматы. Жэня згатавала гарбаты. Яшчэ гадзіну відэаапэратар "Свабоды" гуляў шахматную партыю з чалавекам, які рыхтаваўся правесьці ў турме запатрабаваныя пракурорам наступныя шэсьць гадоў.

Былыя кандыдаты на прэзыдэнта Дзьмітры Вус ды Уладзімер Някляеў у судзе

Былыя кандыдаты на прэзыдэнта Дзьмітры Вус ды Уладзімер Някляеў у судзе



Дзьмітры распавёў, што ўжо сабраў з сабою торбу, бо на заўтрашні суд хацеў прыйсьці падрыхтаваным да этапу. За падрабязным пералічэньнем рэчаў, якія ўзяў з сабою ў турму, — бялізна, станок для галеньня, цёплае адзеньне, — здавалася, відаць была і ягоная ўнутраная, псыхалягічная гатовасьць да таго, што яго чакае. Ізноў падрабязна тлумачыў, чаму лічыць галоўнаю зьмену выбарчага заканадаўства: упэўнены, што менавіта дзякуючы гэтым хібам Лукашэнка трымаецца пры ўладзе. Пераконваў, што ведае, як гэта выправіць. Сказаў і галоўнае: "Мне тэрмін даюць не за тое, што я прыйшоў на Плошчу, а за тое, што я хачу паламаць гэтую сыстэму".

На наступны дзень судзьдзя нібыта захварэла, і вынясеньне прысуду адклалі. Жэня пасьля распавядала: падалося, што станецца цуд і яго не пасадзяць. Але праз пару дзён Вус апынуўся за кратамі. Роспачны крык ягонай маці "За што?", зафіксаваны на відэакамэры, пранёсься па ўсіх незалежных СМІ.



Інфармацыі з калёніі даходзіла мала, але галоўнае ўсё ж было вядома — Вус не прызнаваў сябе вінаватым і прашэньня пра памілаваньне не падпісваў. На волю 1 кастрычніка 2011 году выйшаў з сапраўды чыстым сумленьнем. За той час, што яго не было зь сям’ёю, Жэня навучыла сына гаварыць слова "тата".

Ледзь выйшаўшы за сьцены турмы, Дзьмітры заявіў, што будзе працягваць палітычнае змаганьне. Погляды ягоныя ніяк не зьмянілася. Але перажытае ў разы павялічыла ягоны палітычны капітал. Цяпер здаецца, што менавіта гэты палітык здольны адцягнуць на сябе частку стабільнага электарату Аляксандра Лукашэнкі. Вус прайшоў празь мясарубку беларускага правасудзьдзя, ня здрадзіўшы сваім прынцыпам і ня здаўшы ніводнага з паплечнікаў. Вобраз рашучага праўдашукальніка і народнага героя ва ўмовах палітычнага і эканамічнага хаосу можа быць запатрабаваны найбольш.

Прыродная стрыманасьць дазваляе Вусу захоўваць максымальны вонкавы спакой у любых умовах. Відавочна хваляваўся ён толькі аднойчы — калі перад тэлекамэрамі распавядаў, як у яго на руках памерла першая жонка. Пакуты, з годнасьцю перажытыя на шляху да магчымасьці зрабіць жыцьцё лепшым для ўсіх, толькі дадаюць Дзьмітрыю спачуваньня і павагі. Некалькі стагодзьдзяў таму жыцьцёвая гісторыя Вуса стала б асновай для народных апокрыфаў, а яшчэ раней — казак. У якім Галівудзе пра такога палітыка б ужо зьнялі нядрэннае кіно.

Палітычная праграма Вуса амаль цалкам зводзіцца да зьмены выбарчага заканадаўства. Гэта таксама можа быць зразумела большасьці беларускага насельніцтва, якое пасьля 1994 году, здаецца, ніколі і ня верыла ў тое, што выбары могуць быць сумленнымі. А калі жыцьцё пачало горшаць, то і вінаваціць у гэтым можна толькі аднаго вядомага ўсім чалавека. І таму думка пра магчымасьць ягонай законнай зьмены ўжо не выглядае чымсьці абсалютна наіўным.



Вусава разуменьне і тлумачэньне іншых дзяржаўных праблемаў таксама, як і ў Аляксандра Лукашэнкі, застаецца на ўзроўні, даступным кожнаму абываталю. Напрыклад, яшчэ падчас выбарчай кампаніі на цьмяную просьбу сфармуляваць каньюнктуры беларускай рынкавай эканомікі Вус адказаў коратка: "Калі размова ідзе пра гандаль, то ў гэтай сфэры ў нас прыбралі ўсе шапікі". Дабрабыт, зароблены сваімі рукамі і галавою, забясьпечвае яму адносную незалежнасьць, а таксама давер і безумоўную павагу тых, хто ў сучасных эканамічных умовах разьлічвае толькі на сябе. А такіх робіцца ўсё больш.

І галоўнае. Дзьмітры Вус цалкам і абсалютна абгрунтавана адпавядае найвышэйшаму народнаму знаку якасьці — "сапраўдны мужык": бізнэс, маладая жонка, цяжкія выпрабаваньні лёсу і нязломны характар. Дзьмітрыя Вуса называюць "героем нашага часу" — і, магчыма, гэта сапраўды так.

Аляксандра Дынько, журналістка






УСЕ ПАРТРЭТЫ НА ФОНЕ КРАТАЎ

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG