Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пастухоў: Інстытут прысяжных мусіў быць уведзены яшчэ ў 1995-м


Міхаіл Пастухоў

Міхаіл Пастухоў

Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ «Аб захадах па ўдасканаленьні дзейнасьці агульных судоў». Сярод іншага ў ім прадугледжана ўвядзеньне інстытуту прысяжных засядацеляў. Ці можна назваць гэта крокам да пэўнай лібэралізацыі судовай сыстэмы? Ці зьменіцца сутнасьць судовай улады ў Беларусі пасьля гэтых пераўтварэньняў? Ці стануць судзьдзі сапраўдны незалежнай галінай улады? На гэтыя пытаньні адказвае былы судзьдзя Канстытуцыйнага Суду Беларусі Міхаіл Пастухоў.


Цыганкоў: Ці можна разглядаць крокі, прадугледжаныя ва ўказе, пэўнай лібэралізацыяй судовай дзейнасьці. Адмыслоўцы даўно кажуць, што ў Беларусі занадта шмат зьняволеных за нязначныя правапарушэньні. Ці будзе спрыяць гэты ўказ памяншэньню колькасьці асуджаных?

Пастухоў: Захады, якія прапануюцца ва ўказе, на маю думку, ёсьць прагрэсіўнымі і ў пэўнай ступені лібэральнымі. Яны могуць удасканаліць наша крымінальнае судаводзтва, у тым ліку і разгляд спраў у судах. Прадугледжаныя зьмены павінны прывесьці да паляпшэньня якасьці папярэдняга расьсьледаваньня і судовага разбору.

У той жа час кардынальна мала што зьменіцца, паколькі сьледства застаецца ведамасным. Сьледчы камітэт уводзіцца толькі з 1 студзеня.

Цыганкоў: Можна зьвярнуць увагу, што ва ўказе не абазначаныя канкрэтныя тэрміны, напрыклад, увядзеньня інстытуту прысяжных засядацеляў. У гэтым сэнсе ён нагадвае знакаміты указ аб лібэралізацыі эканомікі, дзе былі пастаўленыя пэўныя мэты, але не заўсёды абазначаныя тэрміны іх выкананьня.
Асновы не зьмяніліся, і судовая сыстэма застаецца той самай.

Пастухоў: Згодны. Абавязкова трэба было б указаць канкрэтныя тэрміны выкананьня тых ці іншых захадаў. Паколькі яны могуць застацца ня выкананымі. Напрыклад, інстытут прысяжных засядацеляў мусіў быць уведзены яшчэ згодна з законам аб судовым ладзе, прынятым у 1995 годзе. Але ж гэта было адкладзена, спачатку на няпэўны тэрмін, а потым адсунута ажно да 2015 году. Безумоўна, усе гэтыя праблемы даўно стаяць на парадку дня.

Цыганкоў: Ці зьменіцца сутнасьць судовай сыстэмы ў Беларусі пасьля гэтых пераўтварэньняў, ці стануць судзьдзі сапраўдны незалежнай галінай улады? Ці зьмяніліся асновы ў той час, калі судзьдзяў па-ранейшаму прызначае кіраўнік выканаўчай улады — прэзыдэнт?

Пастухоў: Асновы не зьмяніліся, і судовая сыстэма застаецца той самай. Суд прысяжных калі і будзе ўведзены, то будзе дзейнічаць толькі ў справах па самых цяжкіх злачынствах, па якіх прадугледжана сьмяротнае пакараньне. Так што будуць толькі адзіныя выключныя выпадкі дзеяньня гэтага інстытуту, якія не мяняюць сутнасьць сыстэмы.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG