Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ пра меры па ўдасканаленьні дзейнасьці агульных судоў.

«Для забесьпячэньня далейшага павышэньня якасьці, апэратыўнасьці і даступнасьці правасудзьдзя мяркуецца ў пэрспэктыве разгледзець пытаньне аб стварэньні спэцыялізаваных судоў, увесьці з часам элемэнты апэляцыі ў крымінальны працэс з далейшым пашырэньнем іх прымяненьня ў крымінальным і грамадзянскім працэсах», — паведамляе прэзыдэнцкая прэс-служба.

Кіраўнік дзяржавы лічыць неабходным разгледзець пытаньне «пра ўвядзеньне альтэрнатыўнай падведамнасьці па шэрагу катэгорый спраў аб адміністрацыйных правапарушэньнях, вывучыць неабходнасьць увядзеньня інстытуту папярэдняга судовага пасяджэньня па крымінальных справах, пагаджальнага працэсу».

Мяркуецца таксама разгледзець пытаньне «пра магчымасьць увядзеньня інстытуту прысяжных засядацеляў, забясьпечыць паэтапнае ўкараненьне ў 2012-2013 гадах сродкаў аўдыё-, відэазапісу ў дзейнасьць судоў па ажыцьцяўленьні правасудзьдзя».

Дзеля аптымізацыі крымінальнай адказнасьці, сыстэмы яе мераў і практыкі прызначэньня пакараньняў Лукашэнка «лічыць неабходным больш шырока выкарыстоўваць магчымасьці па спыненьні вытворчасьці па крымінальных справах на стадыі папярэдняга расьсьледаваньня з вызваленьнем вінаватых ад крымінальнай адказнасьці ў сувязі зь дзейсным раскаяньнем, прымірэньнем з пацярпелым і па іншых падставах».

Мяркуецца таксама разгледзець пытаньне пра магчымасьць выключэньня з санкцый шэрагу артыкулаў КК і КоАП ніжняй мяжы пакараньня і віду адміністрацыйнага спагнаньня, прымаць неабходныя меры па далейшым скарачэньні асуджаных да пазбаўленьня волі пры наяўнасьці ў санкцыях артыкулаў крымінальнага кодэксу іншых, больш мяккіх відаў пакараньня.

Для выключэньня фактаў неабгрунтаванага асуджэньня і прыцягненьня да адміністрацыйнай адказнасьці мяркуецца павысіць якасьць папярэдняга расьсьледаваньня, забясьпечыць якаснае падтрыманьне дзяржаўнага абвінавачваньня ў судах і шэраг іншых мер, паведамілі ў прэс-службе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG