Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародная місія зьвярнулася да інвэстараў і краін-донараў


Міжнародная назіральная місія Камітэту міжнароднага кантролю за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі заклікала ўлічваць сытуацыю з правамі чалавека і вяршэнствам закону ў краіне пры прыняцьці рашэньняў пра любыя праграмы інвэставаньня, выдзяленьня крэдытаў і пры фінансавай падтрымцы Беларусі ў любых іншых формах.

Пра гэта гаворыцца ў звароце Місіі да фінансавых арганізацый і фондаў, дзяржаўных і прыватных інвэстараў, дзяржаў-удзельніц АБСЭ, іншых дзяржаў-донараў.

Місія зьвяртае ўвагу на тое, што ў Беларусі, "ва ўмовах адміністрацыйнага самавольства, залежнасьці і падкантрольнасьці судовай сыстэмы, якую яна дэманструе ва ўсіх палітычных і эканамічных судовых працэсах, прыярытэту сілавых спосабаў вырашэньня канфліктных сытуацый і адсутнасьці замацаваных у законе і практыцы гарантый правоў уласнасьці, любыя формы фінансавай падтрымкі не зьяўляюцца эфэктыўнымі".

Міжнародная назіральная місія дзейнічае па даручэньні Камітэта міжнароднага кантролю за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі, які аб'ядноўвае прадстаўнікоў праваабарончых арганізацый краін АБСЭ, міжнародных грамадзянскіх сетак і арганізацый. Місія ажыцьцяўляе сталы маніторынг з 27 сьнежня 2010 году.
XS
SM
MD
LG