Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кубінская турма. Палітвязьні на востраве Свабоды


Браты Ліма: узрост малодшага – 28 гадоў, старэйшага – 33
Браты Ліма: узрост малодшага – 28 гадоў, старэйшага – 33
"Радыё Свабода" разам з кубінскім "Радыё Марці", якое вядзе вяшчаньне з Маямі, падрыхтавала матэрыял пра палітвязьняў на Кубе. Інтэрвію з бацькамі двух маладых зьняволеных апазыцыянэраў, якія ад 25 сьнежня 2010 году знаходзяцца за кратамі.


Антоніё Мічэль Ліма і Маркас Майкл Ліма Крус – апазыцыянэры з гораду Альгін, што знаходзіцца на ўсходзе Кубы. Гісторыя іх зьняволеньня нагадвае гісторыю Эдуарда Лобава і Зьміцера Дашкевіча – у кубінскім варыянце двух братоў абвінавацілі ў "парушэньні грамадзкага парадку" і "зьнявазе дзяржаўных сымбаляў".

Марка Антоніё, бацька палітвязьняў: "Гэта здарылася каля 23-й гадзіны 24 сьнежня 2010 году падчас каляднага сьвяткаваньня. Нехта патэлефанаваў у паліцыю і сказаў, што ім перашкаджае музыка з нашага дому. Хвілін праз 5-10 да дому прыехалі так званыя "групы хуткага рэагаваньня".

Карэспандэнт "Радыё Марці": "Патлумачце, калі ласка".

Мае сыны пасьпелі зачыніцца ў доме, які тут жа закідалі каменьнем ...

Марка Антоніё: "Гэта такія напалову ваенізаваныя групы дзеля актаў падаўленьня. Яны складзеныя з адданых членаў камуністычнай партыі, навучэнцаў школы паліцыі, былых крымінальнікаў. Мае сыны пасьпелі зачыніцца ў доме, які тут жа закідалі каменьнем. Але ў выніку іх затрымалі і арыштавалі".

Карэспандэнт: "Атрымліваецца, што вашых сыноў пасадзілі ў турму за гучную музыку?"

Марка Антоніё: "Яны слухалі песьні гурта Los Aldeanos – гэта кубінскі вострасацыяльны рэп, вольналюбівая музыка. Падпявалі і махалі кубінскім сьцягам. Гэта было зачэпкай".

ВІДЭАКЛІП "Цудоўная Гавана", гурт "Los Aldeanos" (Куба)





Карэспандэнт: "Дзе цяпер знаходзяцца Антоніё Мічэль ды Маркас Майкл?"

Адысьнідыя Крус, маці палітвязьняў: "Яны ўжо больш за 7 месяцаў знаходзяцца за кратамі. Супраць іх сфабрыкавалі крымінальную справу паводле артыкулаў "парушэньне грамадзкага парадку" і "зьнявага дзяржаўных сымбаляў". На судзе старэйшаму – Маркасу Майклу – далі 3 гады турмы, Антоніё Мічэля прысудзілі да 2 гадоў пазбаўленьня волі".

Карэспандэнт: "У чым, паводле суду, выявілася зьнявага дзяржаўных сымбаляў?"

Адысьнідыя Крус: "Не было ніякая зьнявагі, проста была магчымасьць зачапіцца – падчас сьвяткаваньня мае сыны размахвалі кубінскім сьцягам. Калі быў разгляд апеляцыйнай скаргі, мы даказалі, што сьцяг быў цэлы, ніякай зьнявагі не было з боку Антоніё Мічэля ды Маркаса Майкла. Наадварот, кубінская ўлада зьняважыла сьцяг і наш дом".

Карэспандэнт: "Як часта вы цяпер можаце бачыць сваіх сыноў?"

Адысьнідыя Крус: "Ня так даўно іх перавялі ў турму тут, у Альгіне. Мы маем права на спатканьне кожны 21 дзень. Апрача таго, раз на тыдзень яны тэлефануюць дадому — кароткі званок, менш за 5 хвілінаў. Да пераводу ў Альгінскую турму яны сядзелі ў турме гораду Педэрналес, гэта таксама наша правінцыя, там мы мелі права наведваць іх кожную пятніцу".

Карэспандэнт: "Якой будучыні вы чакаеце для сваіх сыноў? Ці дапаможа міжнародная салідарнасьць?"

на Кубе няма будучыні. Тут, на Кубе, існуе толькі сёньня ...

Адысьнідыя Крус: "Ведаеце, на Кубе няма будучыні. Тут, на Кубе, існуе толькі сёньня. Бо невядома, што можа здарыцца заўтра. Шмат моладзі гаворыць прыкладна тое ж самае – на Кубе няма будучыні. Што да міжнароднай падтрымкі… У маіх сыноў моцна пагоршылася здароўе ў турме".

Карэспандэнт: "У іх былі хранічныя хваробы?"

Адысьнідыя Крус: "За краты яны трапілі здаровыя. Першыя месяцы хлопцаў трымалі ў вельмі маленькіх камэрах, было мала магчымасьцяў рухацца. У Антоніё Мічэля пачалося запаленьне мочапускальнага каналу, у абодвух зьявіліся праблемы са страўнікам. У медыцынскай дапамозе ім адмаўлялі. Падчас апошняга апеляцыйнага паседжаньня 28 чэрвеня мае сыны абвесьцілі галадоўку з патрабаваньнямі медыцынскай дапамогі і пераводу ў калёнію. Праз два дні іх перавялі ў Альгінскую турму. Але, каб убачыць доктара, ім давялося зноў абвяшчаць галадоўку".

Карэспандэнт: "Як вашыя суседзі ставяцца да таго, што вашыя сыны трапілі ў турму? Фактычна Антоніё Мічэль ды Маркас Майкл – палітзьняволеныя".

суседзі стараюцца дзяліцца тым, што маюць, зьбіраем перадачы ў турму супольна ...

Адысьнідыя Крус: "На суседзяў ціснулі, каб яны перасталі падтрымліваць з намі зносіны, пагражалі. Нягледзячы на гэта, людзі нас падтрымліваюць. На Кубе амаль ва ўсіх цяжкае эканамічнае становішча, але суседзі стараюцца дзяліцца тым, што маюць, зьбіраем перадачы ў турму супольна. Хтосьці прыносіць цукар, хтосьці пакунак тытуню".

Карэспандэнт: "Дзякуй вялікі, сэньёра Крус. Ці не маглі б вы зноў перадаць слухаўку вашаму мужу?"

Адысьнідыя Крус: "Так, канечне. На разьвітаньне я хацела б падзякаваць вам і людзям зь Беларусі за салідарнасьць. Я вельмі хачу, каб мае сыны выйшлі на волю як мага хутчэй. Калі ім заменяць пакараньне на высылку з краіны, калі якая-небудзь краіна згодзіцца іх прыняць – я буду радая. Бо іхняе здароўе і жыцьцё зараз у вялікай небясьпецы".

Бацькі палітвязьняў падчас візыту салідарнасьці гурта Los Aldeanos
Бацькі палітвязьняў падчас візыту салідарнасьці гурта Los Aldeanos

Марка Антоніё: "Я хацеў бы дадаць колькі словаў вось пра што. У лютым да нас прыязджалі музыкі з гурта Los Aldeanos – хацелі выказаць сваю падтрымку. Вакаліст Альда Бакера спрабаваў нават з патрапіць з намі на сустрэчу ў турме, але яго не пусьціла ахова. Гэта вельмі папулярны гурт на Кубе, яны прыехалі інкогніта, але чутка пра іх візыт у Альгін вельмі хутка абляцела горад, ля нашага дому сабралася вельмі шмат моладзі – каля тысячы чалавек. Улады прыслалі чалавека, які прапанаваў музыкам даць канцэрт на плошчы, але тыя адмовіліся, сказаўшы, што прыехалі на знак салідарнасьці зь вязьнямі. У выніку агентамі ў цывільным у натоўпе ля нашага дому была зьдзейсьненая правакацыя, арыштавалі каля 90 чалавек, якія ў выніку атрымалі штрафы, пабілі людзей".

ПРА КУБУ І ПАЛІТВЯЗЬНЯЎ
Куба. Насельніцтва – 11,5 млн (2009). Форма кіраваньня – сацыялістычная рэспубліка. Кіраўнік краіны – Рауль Кастра. Папярэднік – яго старэйшы брат Фідэль Кастра (кубінскі лідэр з 1959-га па 2008 год). Сярэдні заробак, паводле "Радыё Марці", – 240 нацыянальных песа, што эквівалентна прыкладна 12 далярам. Заробак паліцэйскіх у некалькі разоў вышэйшы.

У сакавіку 2003-га былі зьняволеныя 75 апазыцыянэраў – гэтыя падзеі ўвайшлі ў гісторыю як "Чорная Вясна". У 2010-м бальшыня "групы 75" была вызваленая з турмы і высланая з краіны (пераважна ў ЗША і Гішпанію).

Наконт актульнай колькасьці палітвязьняў, якія знаходзяцца за кратамі на Кубе, вядуцца спрэчкі – рознымі крыніцамі называюцца лічбы ад 55 да 67 палітзьняволеных.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG