Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На выбарах у Польшчы перамагла партыя прэм'ера Туска


Дональд Туск падчас абвяшчэньня вынікаў выбараў

Дональд Туск падчас абвяшчэньня вынікаў выбараў

У парлямэнцкіх выбарах у Польшчы, паводле дадзеных з 93,1% выбарчых участкаў, перамагла “Грамадзянская плятформа” – партыя, якая кіравала краінай цягам апошніх 4 гадоў.

Гучнымі воплескамі сябры штабу ды прыхільнікі “Грамадзянскай плятформы” віталі нядзельныя дадзеныя экзыт-полаў, што давалі гэтай партыі 39% галасоў. На другі дзень выявілася, што аўтары экзыт-полаў практычна не памыліліся – “Грамадзянская плятформа” выйграла выбары.

“Выбарцы зноў пацьвердзілі тое, што наша перамога 4 гады таму, наша праца цягам гэтага часу, усё гэта мела глыбокі сэнс. Для Польшчы, для ўсіх палякаў, ды для нас – сябраў Плятформы. Я дзякую ўсім тым, хто нас падтрымаў, але таксама і тым, хто галасаваў за іншыя партыі”, - сказаў прэм’ер-міністар Польшчы і лідэр “Грамадзянскай плятформы” Дональд Туск.

Другое месца – у партыі “Права і справядлівасьць” Яраслава Качынскага – 30%.

У Сэйм уваходзяць яшчэ тры партыі. Гэта “Рух Палікота” (абсалютна новая сіла на польскай палітычнай сцэне) з падтрымкай кожнага дзясятага выбарцы, прыкладна па 8,5 % галасоў атрымалі Сялянская партыя (цяперашні кааліцыянт “Грамадзянскай плятформы”) ды посткамуністы з Саюзу левых дэмакратаў.

Пасьля таго, як у аўторак ЦВК афіцыйна абвесьціць вынікі выбараў, прэзыдэнт даручыць партыі-пераможцы місію стварэньня ўраду.

“Спадзяюся, што сёлета ў палітычных партыяў пры дапамозе прэзыдэнта атрымаецца максымальна скараціць час стварэньня новага ўраду. Гэта патрэбна дзеля палітычнай стабільнасьці краіны, але і таму, што Польшча цяпер старшынюе ў Эўразьвязе”, - заявіў прэзыдэнт Браніслаў Камароўскі.

“Грамадзянскай плятформе”, аднак, ня хопіць галасоў у парлямэнце, каб кіраваць краінаю самастойна, таму ўжо сёньня пачаліся перамовы ў справе кааліцыі. Найбольш верагодна, што кааліцыянтам будзе Сялянская партыя віцэ-прэм’ера Вальдэмара Паўляка, зь якой Плятформа працавала разам цягам апошніх 4 гадоў.

Сёлетнія выбары – прэцэдэнт у найноўшай гісторыі Польшчы. Яшчэ ніколі не задарылася, каб партыя, якая кіравала краінай 4 гады, яшчэ раз перамагла ў выбарах.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG