Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары ў Польшчы: Туск застаецца прэм'ерам


Дональд Туск
Дональд Туск
У Польшчы 9 кастрычніка адбыліся парлямэнцкія выбары. Паводле папярэдніх вынікаў, яны скончыліся перамогай лібэральнай партыі «Грамадзянская плятформа», якая і дагэтуль чатыры апошнія гады была пры ўладзе. Другі вынік — у кансэрватыўнай партыі «Права і справядлівасьць», якую ачольвае Яраслаў Качыньскі. Як вынікі гэтых выбараў адаб’юцца на беларуска-польскіх дачыненьнях? Чаму беларусы ў Польшчы падтрымалі пераважна Яраслава Качыньскага?

Палітоляг Алесь Лагвінец ужо месяц знаходзіцца ў Польшчы і мае магчымасьць адсочваць барацьбу за парлямэнцкія мандаты непасрэдна на месцы падзеяў. Ён упэўнены, што новы польскі ўрад у дачыненьнях зь Беларусьсю будзе праводзіць тую ж пасьлядоўную палітыку:

Алесь Лагвінец
Алесь Лагвінец
«З 2007 году, калі ўрад Дональда Туска прыйшоў да ўлады, ён праяўляў вялікую ўвагу да Беларусі. Ён падтрымаў шматлікія праекты, сярод якіх стварэньне тэлеканалу «Белсат», адкрыцьцё незалежных радыёстанцый. І апошнія заявы прэм’ера паказваюць, што Беларусь застаецца прыярытэтам для Туска.

Новы ўрад Польшчы, я думаю, будзе працягваць адсочваць сытуацыю ў Беларусі. І будзе падтрымліваць дэмакратычныя зьмены ў нашай краіне. На карысьць гэтага сьведчаць тыя заявы, якія рабіліся, і заангажаванасьць польскага боку. Варшава шчыра жадае, каб Беларусь пачала ўсебакова супрацоўнічаць з Эўразьвязам і наладжваць нармальныя стасункі з усімі сваімі суседзямі«.

А той факт, што беларуская меншасьць у Польшчы пераважна галасавала за партыю «Права і справядлівасьць», палітоляг камэнтуе так:

«Гэта тлумачыцца тым, што ў сельскіх раёнах партыя „Права і справядлівасьць“ традыцыйна мае даволі істотную падтрымку. І невыпадкова яна паказала грунтоўны вынік і ў гэтай выбарчай кампаніі. І яшчэ можна казаць, што ёсьць пэўны падзел паміж старэйшым і маладзейшым пакаленьнямі палякаў падчас галасаваньня».

На працягу шасьці гадоў працаваў у Польшчы дыпляматам і журналістам выкладчык БДУ Міхаіл Бацян. Ён лічыць, што з паўторнай перамогай партыі Туска на парлямэнцкіх выбарах дачыненьні паміж Беларусьсю і Польшчай ніяк ня зьменяцца:

Міхаіл Бацян
Міхаіл Бацян
"Справа відавочная. Я лічу, што Польшча як сябра Эўразьвязу праводзіць сваю палітыку ў дачыненьні да Беларусі, гэтаксама як і ЭЗ. І гэтая палітыка можа зьмяніцца толькі тады, калі сытуацыя ў Беларусі хоць неяк зьменіцца«.

Міхаіл Бацян кажа, што беларусы Польшчы галасуюць хутчэй страўнікамі:

«Здавалася б, якраз за Качыньскага і не павінны былі галасаваць беларусы з пункту гледжаньня нацыянальнага складніку. Бо, як я разумею, партыя Качыньскага больш нацыяналістычная, больш пракасьцёльная. Але польскія беларусы, як і беларусы ў Беларусі, галасуюць больш страўнікамі. Усходнія польскія землі, у тым ліку і Падляскае ваяводзтва, дзе пераважна жывуць этнічныя беларусы, у параўнаньні зь іншымі часткамі краіны найбольш бедныя. А калі людзям жывецца цяжкавата, дык на каго яны ўскладаюць віну? На ўрад».

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька перажываў за Дональда Туска. Абедзьве партыі ўваходзяць у «парасонавую» правацэнтрысцкую Эўрапейскую народную партыю. «Перамога „Грамадзянскай плятформы“ азначае пераемнасьць курсу, у тым ліку і на міжнароднай арэне», — упэўнены Лябедзька:

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька
«Гэта азначае, што тое, што было ўчора, будзе сёньня і заўтра. Туск — адна з ключавых фігур па рэалізацыі стратэгіі «трох крокаў». Мы прэзэнтавалі яе ў Польшчы, і прэм’ер Туск сказаў тады, што ён ня бачыць альтэрнатывы гэтай стратэгіі. Ёсьць шанец, што мы разам будзем рэалізоўваць стратэгію «трох крокаў».

Што тычыцца падтрымкі польскімі беларусамі пераважна партыі Качыньскага, то Анатоль Лябедзька лічыць гэта «пэўным прагрэсам»:

«Бо раней беларуская дыяспара галасавала за левых. А ўсе ж такі і Туск, і Качыньскі знаходзяцца правей цэнтру. Чаму не галасавалі за ўладу? Ёсьць, відаць, пэўная незадаволенасьць, як улада вырашае беларускую праблематыку. Тут ёсьць нюансы».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG