Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністры замежных спраў краін Эўразьвязу абмяркуюць сытуацыю ў Беларусі


На пасяджэньні Рады міністраў замежных спраў краін Эўразьвязу, якое пройдзе 10 кастрычніка ў Люксэмбургу, плянуецца абмеркаваць сытуацыю ў Беларусі.

Міністар замежных справаў Нямеччыны Гвіда Вэстэрвэле заявіў напярэдадні паседжаньня:

"Тое, як ў Беларусі абыходзяцца з апазыцыяй, тыя рэпрэсіі абсалютна непрымальныя, і важна, каб Эўразьвяз упэўнена дзейнічаў разам".

Прэсавая служба Рады ЭЗ паведамляе, што пасяджэньне кіраўнікоў МЗС пройдзе пад старшынствам вярхоўнага прадстаўніка Эўразьвязу ў справах зьнешняй палітыкі і палітыкі бясьпекі Кэтрын Эштан.

"Двухбаковы падыход Эўразьвязу што да Беларусі камбінуе крытычнае стаўленьне да рэжыму і падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасьці, — гаворыцца ў паведамленьні прэсавай службы. — Было прынята пад увагу вызваленьне некаторых палітычных зьняволеных. Але для любога аднаўленьня адносінаў зь Беларусьсю абавязковая ўмова — вызваленьне і рэабілітацыя ўсіх палітвязьняў".

Чакаецца, што рада міністраў замежных спраў падоўжыць дзеяньне санкцыяў супраць Беларусі да 31 кастрычніка 2012 году.

Санкцыі забараняюць уезд на тэрыторыю ЭЗ 192 беларускім чыноўнікам, якія адказныя за парушэньне міжнародных выбарчых стандартаў пры правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, за жорсткі разгон дэманстрацыяў, а таксама за ціск на грамадзянскую супольнасьць і апазыцыю.

Удзельнікі сустрэчы маюць ня толькі працягнуць санкцыі супраць старога сьпісу неўязных, але і дададць у сьпіс новых 16 асобаў.

Акрамя таго, Эўразьвяз увёў санкцыі ў дачыненьні да трох беларускіх прадпрыемстваў, піша БелаПАН.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG