Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раней, як ня ўспомніць, паглядзіш налева: транспарант цераз вуліцу “Партия — ум, честь и совесть нашей эпохи”, узьнімеш вочы ўгору — вялізныя літары, сакрамэнтальныя словы “Партия — наш рулевой”, на суседнім даху — “Копейка рупь бережет”. Часам раздражнісься, іншым разам пасьмяесься. А што сёньня? А нічога: пустата. Начальству не чужыя думкі пра стырнавога, але страх памыліцца, апошнім бо часам усё болей пра Бога ўзгадвалі, ня менш… Вось да слова яшчэ: бабуля мая, калі абуралася ці зьдзіўлялася, ад яе можна было пачуць — “а Бог ты мой, бацька”.

Замест былых лёзунгаў можна вершы пісаць, на сьценах хаця б, я такое ў “братушак” бачыў. Але начальства з паэзіяй не сябруе.

Не крадзі!


Плённы шлях таксама: намаляваць расьцяжкі — “Не крадзі, ня хлусь, ня будзь зайздросным, не фанабэрствуй, не ненавідзь, не стварай сабе куміра!” Такія “цэнныя ўказаньні” для вулічнага люду: паўсюль у вочы лезуць папярэджаньні-арыенціры ў жыцьці… Вось я выказваю такую прапанову, а начальства пачынае мазгамі варушыць: а ці няма тут крамолы? Што яшчэ той Бог навыдумляў калісьці, што прыдатна сёньня, адпавядае нашым мэтам і задачам, а пра што лепей не ўспамінаць на сваю галаву?

Пра куміра, напрыклад? Не, гэта падазрона, гэта ня трэба на транспарантах пісаць. Далей, “не багахульствуй” — пойдзе ці не? Таксама лепей не рызыкаваць. А запавет дзявяты: “не вымаўляй фальшывага сьведчаньня супраць бліжняга свайго”? Гэта ўвогуле амаль дывэрсія. А можа тады —запаветы ў малюнках ці ў коміксах, скажам? Накшталт як у Лукаса Кранаха Старэйшага? Карцінка першая: адзін на Бога ў небе моліцца, другі — на калёну з голай статуяй. Тут за сталом грошы не падзеляць, а гэны фарсун-ідальга цягне за руку жанчынку з цыцкамі, побач якой у ложку багданы яе “здае на пажарніка”, дзед барадаты...

З багасправамі, дальбог, цяжка бывае. Можа бясьпечней да паэзіі напраўду зьвярнуцца, да Кандрата Крапівы, ён сьмешна пісаў, падымаў настрой: “Ты ня лайся дзядзя пры савецкай уладзе”, напрыклад. Якія там яшчэ да галавы прыходзяць з праграмы школьнай? “Я мужык-беларус”? “Хто там ідзе?” Ці пасучасьней, што і пад чарку надаецца — “Ды пакуль гармонь іграе, беларусы будуць жыць”?

Пакінем начальства ў “пакутах творчасьці”, ня будзем лішне церабіць, яму ж трэба ўперад сем разоў адмераць, яно ж памыляецца толькі раз, як сапёр. Каб я пісаў расьцяжкі, я б ня стаў ровар выдумляць, “Нам солнца не надо, нам партия светит, нам хлеба не надо, работу давай!” — найлепей адпавядае сёньняшняму стану беларусаў, хоць і прызабыты вершык, а трапны. У харчовых аддзелах як самнамбулы кружляюць, прадаўцы скрозь зубы пагаджаюцца: так, кожны дзень цэньнікі мяняем, не адны, дык іншыя. Аднак ніхто не пратэстуе.

Гара з плеч: начальства падрыхтавалася адказваць на пытаньні. Мы тут параіліся, кажа, і вырашылі, што для ўсіх карысьней будзе сапраўды менавіта папярэджаньні разьвешаць над вуліцамі, на сьценах, на дахах. “Дзеяньне і бязьдзеяньне на вуліцы забаронена, нават калі ўсе ў рот вады набралі”, далей — “калі зьбіраецца чарга пад адкрытым небам, трэба каб быў дазвол за паўмесяца”, ёсьць іншыя ўзоры, але мы папросім нашых паэтаў, каб у рыфму, каб запаміналася, каб у мазгі ўдрукоўвалася. Таксама пра меры — суткі, штрафы, каб не пісалі потым кляўзы, што нічога ня ведалі, ці нічога не рабілі: “я гэта ня я, і кабыла не мая”.

Флэш-моб


О, вялікая моц вершаваньня! Сказаў чыноўнік пра патрэбу зарыфмаваць папярэджаньні, і думка пачынае падбіраць адпаведны крок, рытм. Што лепей: балеро Равэля, “уставай страна агромная!” ці ўвогуле “таварыш, вер…”?

“Грамадзянін, ці запісаўся на флэш-моб?!
Дык знай: свой подпіс ты паставіў
Пад прысудам менавіта сам сабе!
На відэа ты будзеш зьняты конча,
Затым па пошце позва прыйдзе!

Судзьдзя трацейскі паразважыць,
Ды нядоўга: нявелькі ты пакінуў выбар
На бяду сваю! Чакай — ці штраф
Мільёнаў пару, ці сутак штук пятнаццаць
На дошках голых у сябрыне п’яніц,
Дэбашыраў і сямейных скандалістаў!”

“Ярмо друзгачы!”


​Пакуль начальства мыліцца: з Крапівы выбраць ці з Андропава, ён таксама вершамі бавіўся, ініцыятыва зьнізу не чакае. І ты аднойчы ўражаны: пад брамай старой камяніцы партрэт Максіма Багдановіча. Жыхарка побач на ганку дыміць. Але яна ведае — хто ён такі, таксама распавядае, як тут здымалі калісьці кіно пра абарону Магілёва: дым, страляніна, папрасілі на вуліцу не выходзіць…

Багдановіч (на сьцяне)

Багдановіч (на сьцяне)


Ад Быкава — толькі імя

Ад Быкава — толькі імя

Наступным разам партрэт быў зьдзёрты, толькі імя паэта захавалася. А вось партрэт Васіля Быкава на суседняй вуліцы я не засьпеў, толькі прозьвішча.

Хто зьдзірае — дворнікі, участковыя, падшпаркі? Якая розьніца: затлумленым мазгам пісьменьнікі не патрэбныя.
Верш Купалы “Ярмо друзгачы!”

Верш Купалы “Ярмо друзгачы!”


Зьяўляецца яшчэ на сьцяне верш з Купалы, але з тыльнага боку дому, што насупраць Купалаўскага унівэрсытэту, які мабыць пазбаўлены сноў пра песьняра. Вершы Купалы і Багдановіча ўзьнікаюць яшчэ і ў бліскучых вітрынах недзяржаўнай крамы. Не на білбордах “альма матэр”.
У вітрыне — Багдановіч, Купала, іхнія вершы

У вітрыне — Багдановіч, Купала, іхнія вершы

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG