Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Думаю, час прыйдзе, і Канавалаў загаворыць»


Людміла Гразнова

Людміла Гразнова

Наколькі доказнай выглядае афіцыйная вэрсія на працэсе ў справе выбуху ў менскім мэтро 11 красавіка? Чаму адзін з падазраваных, Кавалёў, увесь час мяняе паказаньні, а галоўны падазраваны — Канавалаў — увогуле нічога не гаворыць на судзе? На гэтыя пытаньні адказвае кіраўніца «Праваабарончага альянсу » Людміла Гразнова, якая амаль штодня прысутнічае на працэсе.

Цыганкоў: Назіраючы за гэтым працэсам, наколькі вы сёньня верыце ў афіцыйную вэрсію? Ці кідаюцца вам у вочы нейкія нестыкоўкі?

Гразнова: Наконт нестыковак. Кавалёў на судзе заявіў, што ён спэцыяльна агаварыў Канавалава. Бо яму ад пачатку «вешалі» іншы артыкул, саўдзел у тэракце. І яму казалі — чым больш кепскага нагаворыш на Канавалава, тым лепш будзе для цябе. Ён пайшоў на гэта, і яму зьмянілі артыкул на «неданясеньне». І пра гэта ён распавёў на судзе.

Па-другое, экспэртыза, якая праводзілася 12 красавіка, паказала, што ні на целах Канавалава і Кавалёва, на іх валасах, пазногцях, адзеньні не было ніякіх сьлядоў выбуховых матэрыялаў, якія былі выкарыстаны ў мэтро. З гэтага можна меркаваць, што іх там і не было, бо калі адбыўся выбух, то пыл быў бы на ўсіх.

Трэцяе. Відэа сьледчых экспэрымэнтаў вельмі няякаснае, цёмнае, бяз гуку. Відэа, дзе Канавалаў робіць імітацыю выбуховага прыстасаваньня, проста ніжэй за ўсялякую крытыку. Там не відаць, што і з чаго ён робіць насамрэч.

Цыганкоў: У любым судовым працэсе перш за ўсё зьвяртаюць увагу на матывы злачынства. Канавалаў заявіў, што ягоны матыў — «дэстабілізацыя абстаноўкі ў РБ». Наколькі гэта выглядае пераканаўча?

Гразнова: Гэта ўсім кінулася ў вочы, як ён, нібыта паводле загаду, кажа гэтыя словы. Калі ён даваў свае паказаньні ў Генэральнай пракуратуры, было відаць, што ён зьбіты. Ён вельмі кепска прагаворваў словы, ня мог зьвязаць фразы.
Суд вельмі шмат корпаецца ў эпізодах дзяцінства і юнацтва Канавалава і Кавалёва і абыходзіць уласна эпізод 11 красавіка.

Але калі корпаліся, дзе прычыны, у чым матыў, нічога не знайшлі. Таму няма рэальнага матыву. Суд вельмі шмат корпаецца ў эпізодах дзяцінства і юнацтва Канавалава і Кавалёва і абыходзіць уласна эпізод 11 красавіка. Чаму так паводзіць сябе суд, гэта таксама пытаньне.

Цыганкоў: Галоўны абвінавачаны Канавалаў, як вядома, на судзе захоўвае поўнае маўчаньне. Чаму ён так сябе паводзіць? Ці мае ён, на вашу думку, нейкую ўгоду з судом, і якой яна можа быць?

Гразнова: Я ня ведаю. Можа, яго выкарысталі. Можа, ён недзе заблытаўся. Але адчуваецца, што ён у шоку. Зараз ён неяк аджывае, на нешта ўжо рэагуе, ужо не ў такой прастрацыі, і гэта добра. Я мяркую, мы толькі потым даведаемся, што на самой справе было зь ім, і чаму ён так сябе паводзіць. Думаю, час прыйдзе, і ён загаворыць.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG