Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скаргу праваабаронцы на рашэньне пакінуць Бяляцкага за кратамі не задаволілі


Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі
Пракуратура Менску не задаволіла скаргі магілёўскага праваабаронцы Барыса Бухеля на рашэньне Ўправы дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў па Менску й Менскай вобласьці. Праваабаронца зьвяртаўся да структуры Камітэту дзяржаўнага кантролю з хадайніцтвам пра вызваленьне Алеся Бяляцкага з-пад варты пад асабістую заруку.

У адказе з пракуратуры гаворыцца, што рашэньне сьледчай Касынкінай, якая расьсьледуе справу Бяляцкага і якая не задаволіла хадайніцтва праваабаронцы, абгрунтаванае і пад перагляд не падпадае. Паводле пракуратуры цяжкасьць учыненага Бяляцкім злачынства не дазваляе вызваліць яго з-пад варты.

Рашэньне пракуратуры , як і сьледчай Касынкінай, Барыс Бухель называе палітычна матываваным:

Барыс Бухель
«У іх няма падстаў для таго, каб не давяраць Бяляцкаму. У яго была магчымасьць застацца за мяжой, бо яму паведамілі ў Літве, што перадалі зьвесткі пра банкаўскія рахункі сьледчым органам Беларусі. Прапаноўвалі не вяртацца на радзіму, бо яго чакае перасьлед. Але ён вярнуўся. Спадзяюся, што суд прыме іншае рашэньне, калі пачне разглядаць справу Бяляцкага».

З хадайніцтвамі пра вызваленьне кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага пад асабістую заруку ва Ўправу дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў па Менску й Менскай вобласьці зьвярнуліся больш за 1000 грамадзян.

Алеся Бяляцкага вінавацяць ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйных памерах. Бяляцкаму пагражае да 7 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці.

Банкаўскія дадзеныя Бяляцкага афіцыйнаму Менску перадалі Літва і Польшча.

Бяляцкага затрымалі 4 жніўня. Ён знаходзіцца ў турме на вуліцы Валадарскага. Ня выключана, што прыканцы кастрычніка пачнецца разгляд яго справы ў судзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG