Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Народным сходзе ў Менску, паводле арганізатараў, узялі ўдзел каля тысячы чалавек. Акцыя скончылася затрыманьнем каля дзесятка чалавек, пераважна анархістаў. У рэгіёнах акцыі былі нешматлюднымі, у некаторых гарадах не адбыліся. Дзясяткі затрыманых.

Народны сход у рэгіёнах

Глядзець вялікую мапу
18.00 ГОМЕЛЬ. У Цэнтральным райаддзеле міліцыі затрыманаму сябру аргкамітэту Народнага сходу Ўладзімеру Кацору абвясьцілі, што рыхтуецца пастанова на ягоны арышт і зьмяшчэньне да суду ў ізалятар часовага ўтрыманьня. Кацора паведаміў праз мабільны тэлефон, што абвяшчае сухую галадоўку.

Міліцыя й пракуратура правялі дагляд аўтамашыны Кацоры — там ляжаў мэгафон.

Спадара Кацору затрымалі ў 12.15, калі ён выехаў на прыватным легкавіку з офісу АГП і кіраваўся на Народны сход. У міліцыі ў грамадзкага актывіста ўзялі тлумачэньні з той нагоды, што ягонае прозьвішча й тэлефон пазначаныя ў запрашэньнях на Народны сход.

Разам з Кацорам былі затрыманыя старшыня гарадзкога аргкамітэту Народнага сходу Васіль Палякоў і юрыст Леанід Судаленка. Іх адпусьцілі без складаньня пратаколу.


17.42 У Бэльгіі, Францыі, ЗША салідарныя з удзельнікамі Народнага сходу

Экспэртыза Свабоды: Аляксандар Старыкевіч і Паўлюк Быкоўскі абмяркоўваюць Народны сход


Удзельнікі Народнага сходу: "Сытуацыя для адкрытага выкліку рэжыму пакуль не сасьпела"


16.35 АСІПОВІЧЫ. Больш за тры гадзіны пратрымалі ў пастарунку чыгуначнага вакзалу ў райцэнтры Асіповічы актывіста апазыцыі Ігара Сімбірова. Як паведаміў "Свабодзе" сам актывіст, прыкладна а палове на адзінаццатую яго выцягнулі з электрычкі на Менск. Двое ў цывільным зьбілі яго, потым непрытомнага зацягнулі ў пастарунак. Там Сімбірову аказалі мэдычную дапамогу. Як сьцьвярджае актывіст, пасьля вызваленьня ён зьняў пабоі.

16.30 БЕРАСЬЦЕ. Зінаіду Міхнюк адпусьцілі, склаўшы пратакол за лаянку.

Старшыню Берасьцейскага аргкамітэту Народнага сходу Зінаіду Міхнюк адпусьцілі з Маскоўскага РАУС, склаўшы на яе пратакол.

У пастарунку спадарыню Міхнюк пратрымалі крыху больш трох гадзінаў:“Я ж днямі насіла ў гарвыканкам запрашэньне ўладам, то замест гэтага яны мяне затрымалі. Сачылі за мной, кадэбэшнік стаяў за мной у цывільным, выклікалі машыну, беглі натоўпам з 5 чалавек праз лесапаласу ў парку, каб на мяне накінуцца. Цягнулі 10 мэтраў па зямлі, потым пагрузілі ў “бобік”, склаўшы як ня ведаю каго. Завезьлі ў РАУС, завялі ў “чырвоны куток”, прышлі пяць маёраў і размаўлялі са мной надта ветліва. Пра прафсаюзы, пра тое-сёе… Склалі пратакол, што затрыманая, бо мацюкавалася. Я напісала, што я ня згодная, што на мяне накінуліся… Але я думаю, што і суда ніякага ня будзе, яны мне сказалі, што гэта так вось… фармальна…” – распавяла Зінаіда Міхнюк па вызваленьні.

16.30 З Савецкага РУУС Менска выпусцілі 12 затрыманых. Пратаколы аб праваапарушэньнях не складаліся. У затрыманых узялі адбіткі пальцаў. Таксама ўсіх затрыманых выпусьцілі з пастарунку ў Гомелі - пратаколы на іх не складаліся, перадае праваабарончы цэнтар "Вясна".

Выніковы рэпартаж Валера Каліноўскага:

Арганізатары Народнага сходу: Гэта толькі пачатак











Відэа затрыманьняў у Бабруйску. Даслала наведніца сайта:


14.45 ГОМЕЛЬ. На Народным сходзе ля палацу культуры “Віпра”, дзе сабралася каля двухсот чалавек, прынята рэзалюцыя з патрабаваньнямі да Савета Міністраў Беларусі: спыніць рост цэнаў, індэксаваць заробкі, пэнсіі, стыпэндыі, у адпаведнасьці з ростам коштаў насельніцтва, адмяніць сыстэму кароткатэрміновых кантрактаў, аднавіць законнасьць ў краіне ды інш.
За рэзалюцыю прапанаваў прагаласаваць старшыня аргкамітэту мясцовага сходу вуліцы Юбілейнай Валер Сьляпухін. Рэзалюцыя прынята аднагалосна.

Удзельнікі сходу правялі Сьляпухіна да пад’eзду дома, каб не затрымала міліцыя. За грамадой ішло багата міліцыянтаў і апэратары дзяржаўных тэлеканалаў.


Падчас правядзеньня сходу міліцыя затрымала сябра БАЖ. Ларысу Шчыракову, якая здымала на відэа Народны сход. Затрыманыя таксама Васіль Рэпнін, Ільля Міронаў і Іра Варабей.


14.41 МАГІЛЁЎ. Народны сход скончыўся тут прыняцьцем рэзалюцыі. Першым пунктам у ёй запісалі патрабаваньне вызваліць палітвязьняў і рэабілітаваць іх. Другое патрабаваньне — правесьці датэрміновыя прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары. Трэцяе — скасаваць папраўкі да закону аб масавых мерапрыемствах, якія на гэтым тыдні прыняла Палата прадстаўнікоў. Чацьвёрты пункт — вярнуць бясплатны праезд у гарадзкім грамадзкім транспарце студэнтам. І пяты — запатрабаваць ад гарвыканкаму, каб ён прытрымліваўся дзейнай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, у якой зафіксаванае права грамадзянаў на свабоду сходаў і мітынгаў.

Народны сход у Магілёве

Народны сход у Магілёве


Адзін з выступоўцаў у руках трымае Канстытуцыю: "Чаму нейкі чынуша, якога я ўтрымліваю за свае падаткі, павінен мне казаць, магу я рэалізоўваць сваё канстытуцыйнае права ці не?"

Адзін з выступоўцаў у руках трымае Канстытуцыю: "Чаму нейкі чынуша, якога я ўтрымліваю за свае падаткі, павінен мне казаць, магу я рэалізоўваць сваё канстытуцыйнае права ці не?"


Старыя назіралі за сходам здалёк

Старыя назіралі за сходам здалёк

Газон футбольнага поля актыўна выкошвалі камунальнікі, заглушаючы выступоўцаў

Газон футбольнага поля актыўна выкошвалі камунальнікі, заглушаючы выступоўцаў


14.40 КОБРЫН. Народны сход быў малаколькасны. Міліцыянтаў і супрацоўнікаў КДБ у цывільным адзеньні відавочна было больш.
Адзін з арганізатараў Народнага сходу Аляксандар Мех удакладніў для "Свабоды", што ўдзельнікі сходу не прымалі рэзалюцыю, паколькі, па яго словах, "працоўныя калектывы былі загадзя запалоханыя і не вылучалі на Народны сход сваіх прадстаўнікоў".

14.35 БЕРАСЬЦЕ. Перад пачаткам Народнага сходу ў Берасьці была затрыманая старшыня аргкамітэту па яго правядзеньні Зінаіда Міхнюк. Міліцыянты спынілі яе на ўваходзе ў парк Воінаў-інтэрнацыяналістаў.
Сход, які Зінаіда Міхнюк мелася адкрываць сваім выступам, правёў іншы яго арганізатар — Ігар Маслоўскі.

Месцазнаходжаньне Зінаіды Міхнюк і яе далейшы лёс пакуль невядомыя.
Падчас сходу ў Берасьці

Падчас сходу ў Берасьці



Ігар Маслоўскі вёў сход у Берасьці

Ігар Маслоўскі вёў сход у Берасьці



Народны сход скончыўся хутка

Народны сход скончыўся хутка


14.25 СЛОНІМ. У Слонімскім РАУС цяпер знаходзяцца мясцовыя актывісты Іван Бедка і Алесь Масюк.
Спадар Бедка паведаміў нашаму радыё, што ў гарадзкім парку сабраліся прыблізна чалавек дваццаць, побач былі міліцыянты. Калі сабраныя пачалі адкрываць Народны сход, падышлі людзі ў цывільным: "Гэта незаконнае масавае мерапрыемства, праводзіць нельга, заканчвайце".


14.21 ГОРАДНЯ. Да месца, прызначанага для правядзеньня Народнага сходу, прыйшлі чалавек пяцьдзясят ці крыху болей. Яны зайшлі на тэрыторыю спартыўнага комплексу "Нёман", пастаялі хвілін пяцьдзясят і разышліся. Ніхто не выступаў, затрыманьняў не было.
Міліцыянты сачылі за людзьмі, быў падрыхтаваны спэцтранспарт. На самім стадыёне ў гэты час адбываўся футбольны матч другой лігі паміж гарадзенскім "Белкардам" і сьветлагорскім "Хімікам".


14.20. ВІЦЕБСК. У Віцебску затрыманы старшыня Гарадоцкай суполкі Партыі БНФ Леанід Аўтахоў. Супрацоўнікі ДАІ спынілі яго аўтамабіль і заявілі, што патрабуецца тэхнічны дагляд. Колькі часу на гэта спатрэбіцца міліцыянты не ўдакладнілі.


14.15 ГЛЫБОКАЕ. У райцэнтры Глыбокае затрыманы незалежны журналіст Зьміцер Лупач. Міліцыянта абвінавацілі яго у нібыта незаконным распаспаўсюджваньні інфармацыных матэрыялаў пра Народны сход.

14.10 Удзельнікі сходу ў Менску разышліся. Журналісты праводзяць дадому аднаго з арганізатараў Народнага сходу Віктара Івашкевіча, асьцерагаючыся, што яго могуць арыштаваць.



14.05 МЕНСК. Былы палітвязень Павал Вінаградаў лічыць, што ня мае значэньня тое, што акцыя несанкцыянаваная ўладамі. Ён кажа, што ня трэба баяцца і "мы самі можам разьвейваць гэты страх". Гэта для яго першая акцыя пасьля доўгага зьняволеньня. Ён хоча паказаць, што мы мусім перамагаць страх.





14.04 САЛІГОРСК. Мясцовыя ўлады забаранілі праводзіць народны сход на стадыёне "Будаўнік", куды меліся прыйсьці ўдзельнікі акцыі, расказаў "Свабодзе" дэмакратычны актывіст Аляксандар Цацура.

14.02 МЕНСК. Віталь Рымашэўскі сказаў, што не сасьпела сытуацыя, каб людзі былі падрыхтаваныя да сацыяльных масавых выступаў. Сёньня ён прыйшоў на акцыю, бо адзін з пунктаў рэзалюцыі аб вызваленьні палітвязьняў. І гэта найпершая задача.


14.01 МЕНСК. Віктар Карняенка сказаў, што гэта акцыя – адзін з этапаў падрыхтоўкі сілаў, згуртаваньня людзей дзеля больш масавых сацыяльных выступаў. Дзяніс Садоўскі сказаў, што неабходна выпрацаваць плян агульных дзеяньняў грамадзка-палітычных сілаў у краіне.

13.59 МЕНСК Былы палітвязень Мікіта Ліхавід сказаў, што прыйшоў на сход, каб выказаць сваю грамадзянскую пазыцыю. Ён кажа, што ўлады скарыстоўваюць законы на сваю карысьць, таму і забаранілі Народны сход. Аляксандар Бухвостаў сказаў, што наўрад ці гэта нешматлюдная акцыя паўплывае на ўладу, аднак гэта шанец для апазыцыі згуртавацца. Анатоль Лябедзька сказаў, што адна з мэтаў гэтай акцыі вывесьці людзей, якія ўспрымаюць рэчаіснасьць жыватом. Гэта толькі пачатак сацыяльнага пратэсту.

13.58 БАБРУЙСК. Тут вызвалілі зь міліцыі старшыню гарадзкой арганізацыі АГП Віктара Бузінаева. Паводле яго слоў, каля міліцэйскага будынку сабраўся натоўп прыкладна са 100 чалавек. Людзі пачалі патрабаваць яго вызваленьня. І міліцыянты адпусьцілі партыйнага важака, але паабяцалі выклікаць яго ў міліцыю пазьней позвай.
Народны сход у горадзе скончыўся. Прынялі рэзалюцыю, у якой патрабуюць ад уладаў спыніць рост цэнаў, адмяніць кантрактную сыстэму, павялічыць заробкі.


13.56 МЕНСК. Затрыманыя па меньшай меры 3 чалавекі, удзельнікі анархісцкага руху.







13.50 МЕНСК Удзельнікі сходу ў Менску скандуюць "Жыве Беларусь", "Свабода!". Віктар Івашкевіч сказаў, што Народны сход прыпыняецца да 12 лістапада. Выступілі некалькі жыхароў Менску, якія крытыкавалі Лукашэнку за хлусьню, галечу і гаротнае жыцьцё.



13.45 БАРАНАВІЧЫ Сход завяршаецца. Удзельнічае 65 чалавек. Прысутнічаюць усе арганізатары. Шмат міліцыянтаў, ціхары з відэакамэрамі. Прынялі рэзалюцыю. Затрыманьняў не адбывалася.


13.45 ВОРША. Народны сход праходзіў без арганізатараў – Міная Карніенку і Мікалая Дзямідава напярэдадні затрымалі і адвезьлі ў міліцыю, нібыта пачуўшы ад іх гаворку пра нейкую зброю. Сход давялося праводзіць прыхільніку стварэньня партыі БХД Яўгену Анішчанку. Прысутныя – каля 70 чалавек – аднагалосна прагаласавалі за прыняцьце рэзылюцыі.




13.44 ГОМЕЛЬ У Гомельскім ізалятары часовага ўтрыманьня пацьвердзілі, што сябра аргкамітэту Народнага сходу Ўладзімер Няпомняшчых сапраўды знаходзіцца ў ізалятары. Яго затрымалі ўчора позна ўвечары. Уладзімер меўся расклейваць налепкі пра Народны сход у мікрараёне "Стары аэрадром".
Блізу поўначы жонка спадара Ўладзімера стала турбавацца, што яго доўга няма. Яна набрала нумар мужавага мабільнага тэлефона. Уладзімер адказаў, што яго затрымалі, ён знаходзіцца ў Цэнтральным райаддзеле міліцыі і шмат размаўляць яму забараняюць.


13.42 МЕНСК Уладзімер Някляеў сказаў карэспандэнту "Свабоды", што не сасьпела яшчэ сытуацыя ў грамадзтве, каб гэта акцыя была масавай і мела вялікі плён. Бо ўлада яшчэ мае сродкі, каб тушыць асяродкі незадаволенасьці і пратэсту. Але ўтрымліваць рэжым – гэта дорага каштуе для ўлады. І сродкі для гэтага яны могуць браць толькі з самога народа. І яна ўжо ўзяла частку гэтых грошай, зрабіўшы дэвальвацыю.


13.40 ВЯЛЕЙКА. Старшыня Менскай абласной арганізацыі АГП Уладзімер Малярчук перадае для "Свабоды":

"У нас тут сёньня нямерана супрацоўнікаў праваахоўных органаў — і міліцыянты, і КДБ, і яшчэ нейкія. Ідзе дождж. І мы зараз разьвярнуліся і ідзем у вядомае нам месца, дзе ёсьць вялікі пакой. Там і правядзем сход.

Нас засталося чалавек 15. Падыходзіла шмат людзей, але як толькі яны бачылі міліцыянтаў, адразу зварочвалі ўбок і рабілі выгляд, што ідуць у іншае месца".


13.37 СЛУЦАК. "Народны сход у горадзе не адбыўся" — паведаміла праз тэлефон "Свабодзе" дэмакратычная актывістка Зінаіда Цімошчык:

"Тут усяго некалькі чалавек. Але шмат аўтамабіляў. На выгляд звычайныя машыны, але калі я прыгледзелася, то пабачыла людзей у пагонах.

Чаму няма людзей на сходзе? Яны ўсе моцна запалоханыя. Думаю, што Народны сход — гэта варыянт толькі для буйных гарадоў".


13.35 МЕНСК Віктар Івашкевіч заклікаў удзельнікаў сходу сабрацца на наступны сход 12 лістапада на гэтым жа месцы, на плошчы Бангалор. Таксама ён сказаў, што супрацоўнікі міліцыі адабралі ў арганізатараў гукаўзмацняльную апаратуру і ўлёткі.

13.30 МЕНСК. Па закліку Віктара Івашкевіча, удзельнікі Народнага сходу ў Менску прагаласавалі за шэраг патрабаваньняў, якія вырашана перадаць ва ўрад і адміністрацыю прэзыдэнта.

13.30 ВІЦЕБСК. Народны сход, які праходзіў у двары дамоў №2 і №4 па вуліцы Багдана Хмяльніцкага, сабралася каля 300 чалавек. Выступаць было прапанавана ўсім ахвотным. Многія выказвалі палітычныя патрабаваньні да ўладаў: вызваліць палітвязьняў, скасаваць сьмяротнае пакараньне, адправіць урад у адстаўку. За прысутнымі назіралі міліцыянты ў цывільным, якія здымалі сход нават праз вокны бліжэйшай крамы.



13.29 МЕНСК Анархісты, якія прыйшлі на сход, зладзілі сваю акцыю. Яны трымаюць чырвона-чорныя сьцягі, на тварах чорныя павязкі. У іх плякат "Свабода, роўнасьць, справядлівасьць", "Без мянтоў і дзяржавы".





13.24 МЕНСК Да ўдзельнікаў сходу ў Менску зьвярнуўся былы палітвязень Зьміцер Дрозд, які расказвае пра палітвязьняў, якія застаюцца за кратамі. Кажа, што выйсьце з сытуацыі ў правядзеньні новых выбараў, без удзелу Лукашэнкі, які згубіў давер. Ён гаворыць пра мінулыя выбары, на якіх Лукашэнка прайграў.

13.25 БАБРУЙСК. Затрыманы і зьбіты кіраўнік гарадзкой арганізацыі АГП Віктар Бузінаеў. Яго затрымалі, калі на сходзе зьбіраліся прыняць рэзалюцыю ўдзельнікаў сходу. У Магілёве пачаўся сход, на які сабралася больш за сто чалавек. Ён праходзіць у атачэньні міліцыі.

13.20 МЕНСК Удзельнікі сходу разгарнулі лёзунгі "Саньнікаў – наш прэзыдэнт", "Свабоду Бандарэнку". Зьявіліся бел-чырвона-белы, эўрапейскія сьцягі. Тут Віктар Івашкевіч, Анатоль Лябедзька. Людзі стаяць вакол агароджы, у загародку ніхто ня йдзе. Адзін з арганізатараў сходу Генадзь Фядыніч выступіў з крытыкай уладаў. Ён сказаў, што народ стаміўся ад абяцаньняў і не разумее, што робіць урад. Віктар Івашкевіч узьлез на фантан і пачынае выступаць. Вітае, што людзі перамагалі свой страх. Просіць пачакаць 15 хвілінаў да пачатку, бо пад'яжджаюць людзі.


​13.05 БАРЫСАЎ Намесьніка кіраўніка Аб'яднанай грамадзянскай партыі Льва Марголіна, які стала жыве ў Барысаве, затрымалі мясцовыя міліцыянты. Ён распавёў "Свабодзе":

"Са мной правялі тлумачальную размову. А потым у суправаджэньні невядомай машыны адправілі дамоў. Гэтая машына і цяпер стаіць каля майго дому.

З нашага боку гэта была спроба наладзіць нейкія перамовы з уладамі, найперш зь мясцовымі, легальным спосабам. Улада чарговым разам вырашыла такой магчымасьцю не скарыстацца. Гэта яе выбар. Але я думаю, што гэта толькі павялічвае небясьпеку, што можа ўзьнікнуць нешта стыхійнае. Абстаноўка ў краіне не паляпшаецца".


12.58 БАРЫСАЎ. Народны сход не адбудзецца. Пра гэта паведаміў "Свабодзе" журналіст Анатоль Букас.
Па словах суразмоўцы, мясцовым актывістам не ўдалося сабраць неабходныя 10% подпісаў жыхароў шматкватэрнага дома па вуліцы Гагарына, насупраць гарадзкога стадыёна, на якім плянавалася правесьці Народны сход.

"Раней міліцыянты дзяжурылі тут ля кожнага з 19 пад'ездаў, спынялі актывістаў, забіралі ў іх падпісныя лісты і тым самым фактычна сарвалі падрыхтоўку да гэтай акцыі пратэсту", — удакладніў Анатоль Букас.


12.56 БЯРОЗА. Народны сход у Бярозе не адбудзецца. Такую інфармацыю пацвердзіў Сяргей Русецкі, актывіст Народнага сходу ў Бярозе. Спадар Русецкі кажа, што адной з прычынаў зьяўляецца тое, што не хапае людзкога рэсурсу.
“Так, мы вырашылі яго пакуль не праводзіць. Гэта зьвязана найперш з адсутнасьцю дастатковай колькасьці людзкога рэсурсу, ды й напэўна не назрэла яшчэ ў Бярозе адпаведная сытуацыя для правядзеньня Народнага сходу,” – патлумачыў Русецкі.


12.55 МЕНСК Некалькі сотняў грамадзянаў сталі ў чаргу, каб прайсьці на пляц, дзе адбудзецца сход. У некаторых бел-чырвона-белыя парасоны. Сярод прысутных палітыкі Віктар Карняенка і Віталь Рымашэўскі.

12.50 МАГІЛЁЎ На сход ідуць людзі сталага веку, інваліды, пэнсіянэры. Яны кажуць, што хацелі б спытаць чыноўнікаў, чаму растуць цэны. Але ў іх няма спадзеву, што нехта з чыноўнікаў прыедзе.

12.50 ГОРАДНЯ Жалезнымі бар’ерамі абстаўленая галоўная плошча гораду —Савецка. На 8 кастрычніка ўлады абвясьцілі тут “сьвята прафэсійнай адукацыі”. Апошнім разам такое “сьвята” яны праводзілі ўлетку — у дзень і час, калі на Савецкай плошчы зьбіраліся ўдзельнікі маўклівых пратэстаў. Тады таксама па пэрымэтры галоўны пляц быў абгароджаны жалезнымі бар’ерамі.


У Горадні абгарадзілі Савецкую плошчу

У Горадні абгарадзілі Савецкую плошчу


Плошча Бангалор ачэпленая турнікетамі

Плошча Бангалор ачэпленая турнікетамі



12.46 МАГІЛЁЎ. У Магілёве на месцы правядзеньня сходу шмат міліцыі ў форме і цывільным. Уваход на стадыён кантралюецца міліцыяй. Ля ўваходу амаль усё кіраўніцтва ўпраўленьня ўнутраных спраў аблвыканкаму. Людзей на стадыён пакуль прапускаюць, яны зьбіраюцца на бегавой дарожцы. Міліцыянты сочаць за людзьмі, тых, хто ўваходзіць на стадыён здымаюць на відэа.


12.45 МЕНСК. Пляцоўка на плошчы Бангалор, дзе павінен адбыцца сход, агароджаная турнікетамі, створаныя чатыры праходы, дзе стаяць супрацоўнікі міліцыі з мэталашукальнікамі. Сабраліся журналісты. Тут жа Ўладзімер Някляеў і намесьнік кіраўніка менскай міліцыі Ігар Яўсееў.

12.27 ГОРАДНЯ. Каардынатар Народнага сходу ў Горадні Юры Істомін цяпер знаходзіцца ў абласной пракуратуры.
Праз тэлефон ён паведаміў, што цяпер ён у кабінэце пракурора на гутарцы, што яму была выпісаная "на гэты час" позва і што прыбыў ён у пракуратуру "ў суправаджэньні".

12.26 НАВАПОЛАЦАК. Наваполацкага арганізатара Народнага сходу Яўгена Парчынскага затрымалі без тлумачэньня прычынаў. Міліцыянты сустрэлі спадара Парчынскага каля пад’езда і сказалі, што зь ім хочуць паразмаўляць у гарадзкім аддзеле міліцыі Наваполацку. Іншых прычынаў затрыманьня не патлумачылі, загадалі чакаць, пакуль прыйдзе начальства. Яшчэ – загадалі пакінуць у “дзяжурцы” мэгафон, прызначаны для вядзеньня сходу.

12.15 ВОРША. Аршанскія арганізатары Народнага сходу Мінай Карніенка і Мікалай Дзямідаў былі затрыманыя ў 12.15 на вуліцы Леніна, недалёка ад гарадзкога стадыёну, дзе заплянаваны Народны сход. Абодвух прывезьлі ў гарадзкі аддзел міліцыі – як патлумачылі міліцыянты, каб зрабіць асабісты догляд і “узяць тлумачэньні наконт зброі”. Пра якую зброю вядзецца – затрыманыя нават ня ведаюць.

12.10 ГОМЕЛЬ На пляцоўцы ля ДК глухіх "Віпра", дзе сёньня а 13-й гадзіне мае адбыцца Народны сход па абмеркаваньні сацыяльна-эканамічнай палітыкі ўладаў, разгорнуты кірмаш. Машыны з бульбай, капустай, буракамі ды іншай гароднінай выстаўленыя на самой пляцоўцы і на падыходах да яе.


Як паведаміў сябра аргкамітэту сходу Уладзімер Кацора, кірмаш разгорнуты таксама на вуліцы Юбілейнай побач з гандлёвым цэнтрам.

Супрацоўнікі ДАІ і шараговыя міліцыянты атачылі вуліцу Юбілейную, жыхары якой падпісаліся за правядзеньне Народнага сходу.

12.09 МЕНСК. Вакол парку на плошчы Бангалор, дзе мае адбыцца сход, прыпаркаваныя 3 аўтазакі, 10 аўтобусаў са спэцназам. тры машыны хуткай дапамогі і дзесятак міліцэйскіх машын.

12.10 ПОЛАЦАК. Затрыманы Віктар Калесьнік, арганізатар Народнага сходу, і Вячаслаў Бойка, які вёз на сход аэлектрагенэратар. Іх машынк спыніла ДАІ, супрацоўнікі заявілі, што машына, падобна, скрадзеная. Спадара Вячаслава завезьлі ў ДАІ, а Віктара Калесьніка павезьлі ў Наваполацак, у адзьдзел крымінальнага вышуку. Прычыфна – тое, што ўчора ён не зьявіўся на дактыляскапію. Актывіст гаворыць, што адбіткі ягонах пальцаў у міліцыі ёсьць ужо даўно – іх зьнялі падчас аднаго з ранейшых затрыманьняў.
12.00 ВІЦЕБСК. Віцебскага актывіста Сяргея Каваленку забралі міліцыянты. Зранку дахаты прыйшлі супрацоўнікі інспэкцыі па выкананьню пакараньняў і сказалі, што пакуль Сяргей мусіць пабыць пад аховай – бо ў Віцебску сёньня заплянаваная нейкая апазыцыйная акцыя, -- паведаміла жонка актывіста Алена Каваленка.
Яна патлумачыла, што дачыненьня да арганізацыі Народнага сходу Сяргей Каваленка ня мае. Але яшчэ ня скончыўся тэрмін умоўнага пакараньня, прысуджанага за вывешваньне сьцяга на навагодняй ёлцы 7 студзеня 2010 году на плошчы Перамогі ў Віцебску. Верагодна, у міліцыі апасаюцца нейкіх падобных інцыдэнтаў.

11.46 ГОМЕЛЬ. А 12-й гадзіне на прыватнай аўтамашыне Ўладзімер Кацора, Васіль Палякоў і юрыст Леанід Судаленка выехалі з офісу АГП на вуліцы Палескай. Літаральна праз 200 мэтраў іх спынілі супрацоўнікі ДАІ і спэцназаўцы пад камандаваньнем маёра Алейнікава. Ва Ўладзімера Кацоры забралі пасьведчаньне кіроўцы і загадалі ехаць у Цэнтральны РАУС. Машыну ўзялі ў аблогу міліцэйскія аўтамабілі.

Маёр Алейнік патлумачыў, што арганізатары сходу мусяць даць тлумачэньні наконт улётак пра Народны сход, распаўсюджаных на вуліцы Юбілейнай.

11.45 ГОМЕЛЬ. Супрацоўнікі ДАІ затрымалі на прыватнай аўтамашыне кіраўніка абласной арганізацыі партыі левых "Справядлівы сьвет" Уладзімера Сякерку. Ён меўся прывезьці на Народны сход на вуліцу Юбілейную гукаўзмацняльную апаратуру. Аўтамашыну Сякеркі спынілі дзяржаўтаінспэктары на той падставе, што нібыта падобны легкавік "знаходзіцца ва ўгоне".
10.45 АСІПОВІЧЫ. Затрыманы грамадзкі актывіст Ігар Сімбіроў. Ён знаходзіцца ў пастарунку чыгуначнага вакзалу райцэнтру. Праз тэлефон ён паведаміў, што ў электрычкі ён зьбіраўся ў Менск. У ёй на яго напалі двое чалавек у цывільным. Зьбілі. Потым выцягнулі з электрычкі й зацягнулі ў пастарунак. Паводле Сімбірова затрыманьнем кіраваў падпалкоўнік Рогаль. Міліцыянты затрыманьне патлумачылі тым, што актывіст нібыта перавозіць незаконныя рэчавы. Зьбіраюцца праводзіць асабісты агляд.

10.37 СЛОНІМ. У суботу раніцай быў затрыманы Іван Шэга, кіраўнік Слонімскай раённай арганізацыі партыі БНФ. Ён ехаў сваёй машынай у сталіцу на партыйны сойм. Яго затрымалі на дарозе міліцыянты, і цяпер ён знаходзіцца ў Карэлічах у РАУС.

10.20 МАСТЫ. На адзінаццаць гадзінаў раніцы ў Мастоўскі РАУС выкліканы для разьбіральніцтва Сяргей Трафімчык, грамадзкі актывіст зь Бярозаўкі.

Ён паведаміў па тэлефоне нашаму Радыё, што быў затрыманы ў Мастах учора, выпусьцілі яго ўвечары. Спачатку яго машыну спынілі супрацоўнікі ДАІ, сказалі, што патрэбна яе агледзець. Тлумачэньне: у вясковай цёткі штосьці скралі, таму машына пад падазрэньнем. Пазьней Сяргею Трафімчыку загадалі ехаць у РАУС, дзе пратрымалі некалькі гадзінаў. Па яго словах, у машыне была рэклямная прадукцыя Радыё Рацыя і Белсату. Пакуль ідзе дазнаньненаконт “законнасьці друкаванай прадукцыі”, паведаміў ён.


9.58 МІЁРЫ. Журналіста Кастуся Шыталя будуць судзіць пасьля Народнага сходу. Ён зьбіраўся напісаць матэрыял пра Народны сход у мястэчку Дзісна для сайту westki.info. Але ўвечары 7 кастрычніка ў дарозе яго затрымалі міліцыянты, і ў Мёрскім РАУС на хлопца склалі пратакол нібыта за нецэнзурную лаянку.

Першапачаткова міліцыянты казалі, што затрымліваюць Кастуся Шыталя па падазрэньні ў крадзяжы. Гэта хлопцу паведамілі, калі спынілі машыну, у якой ён ехаў у бок Мёраў “аўтаспынам”. Яго нават былі павезьлі ў Шаркоўшчыну нібыта на апазнаньне да гаспадара скрадзеных рэчаў. Аднак потым міліцыянты перадумалі ды павезьлі Кастуся ў Мёры.


10.00 ГОМЕЛЬ У Гомелі сёньня раніцай і ўчора ўвечары жыхары вуліцы Юбілейнай, ініцыятары Народнага сходу, знаходзілі ў сябе ў паштовых скрынях і на сьценах пад’ездаў улёткі ад імя сябра аргкамітэту Ўладзімера Кацоры пра тое, што сход сёньня а 13-й гадзіне ля палаца культуры "Віпра" не адбудзецца.

"Гэта чыстай вады правакацыя", — сказаў на гэта грамадзкі актывіст спадар Кацора.

Фальшывыя ўлёткі мелі той жа фармат, што й запрашэньні ад імя Кацоры, распаўсюджаныя колькі дзён таму на вуліцах Юбілейнай, Цімафеенкі і 50 год Кастрычніка.

У Менску сход заплянаваны ў Парку дружбы народаў на плошчы Бангалор:




Станьце карэспандэнтам «Свабоды»!


Зрабіце фота. Здыміце відэа.
Дашліце на адрасы rferl.minsk@gmail.com і svaboda@rferl.org
Пазваніце на тэлефон у Менску +375 17 266-39-52

Дзе ў Беларусі заплянаваныя Народныя сходы:


Паглядзець мапу «Народны сход у рэгіёнах, 8 кастрычніка 2011» ва ўвесь экран.

«Беларусь знаходзіцца ў стане глыбокага сацыяльна-эканамічнага крызісу, — заяўляюць прадстаўнікі аргакамітэту Народнага сходу. — Штодня растуць цэны. З паліцаў зьнікаюць тавары. Грошы абясцэньваюцца. Валютныя ўклады пад пагрозай канфіскацыі, а валютныя крэдыты няма чым вяртаць. Усё болей прадпрыемстваў спыняюць працу, а іх работнікі робяцца фактычна беспрацоўнымі. Якасныя прадукты ўжо не па кішэні многім працоўным і пэнсіянэрам. Адбываецца рэзкае зьніжэньне ўзроўню жыцьця большасьці насельніцтва.

Ініцыятары Народнага сходу таксама перакананыя: «Пакуль мы маўчым, з намі ніхто ня будзе лічыцца. Нам і нашым дзецям давядзецца расплачвацца за бязглуздае кіраўніцтва, якое патраціла мільярды на палацы і самалёты, а цяпер прадае замежным алігархам цэлыя заводы. Больш нельга маўчаць».

Патрабаваньні ўдзельнікаў Народнага сходу


  • Спыніць неабгрунтаваны рост цэнаў.
  • Забясьпечыць рэальныя заробкі, пэнсіі, стыпэндыі і грашовыя дапамогі на ўзроўні сьнежня 2010 году ў даляравым эквіваленце.
  • Забясьпечыць грамадзянам магчымасьць свабоднага абмену валюты, дазволіць вяртаць валютныя крэдыты ў беларускіх рублях.
  • Не дапускаць схаванага беспрацоўя і спыненьня працы прадпрыемстваў.
  • Спыніць таемны мафіёзны распродаж беларускіх прадпрыемстваў.
  • Гарантаваць свабодную і бесьперашкодную працу недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі.
  • Рассакрэціць «прэзыдэнцкі фонд», а яго сродкі накіраваць на сацыяльную дапамогу малазабясьпечаным.
  • Разьняволіць гападарчую ініцыятыву і даць прадпрымальнікам магчымасьць ствараць новыя працоўныя месцы.

Напярэдадні сходу


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG