Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папярэджаньні за Народны сход таксама ў Віцебску і ў Воршы


Ірына Яскевіч

Ірына Яскевіч

Пракуратура Кастрычніцкага раёну Віцебску пагражае адміністрацыйнай адказнасцю Ірыне Яскевіч, каардынатарцы па правядзеньні Народнага сходу ў абласным цэнтры. Аршанская пракуратура папярэдзіла «за парушэньне закону „Аб масавых мерапрыемствах“» Міная Карніенку і Мікалая Дзямідава, якія рыхтуюць Народны сход у Воршы.

Сяброў партыі «Справядлівы сьвет» спадароў Карніенку і Дзямідава праз тэлефон запрасілі ў Аршанскі гарадзкі аддзел міліцыі. Але там прадстаўнікі аргкамітэту Народнага сходу даведаліся, што пытаньняў у міліцыі да іх няма, а ёсць у гарадзкой пракуратуры, куды ім адразу прапанавалі паехаць на міліцэйскім аўто.

Старшы памочнік пракурора Дзмітрый Кубракоў вынес арганізатарам Народнага сходу афіцыйнае папярэджанне пра недапушчальнасць парушэння заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Спадары Дзямідаў і Карніенка папярэджанне падпісваць адмовіліся, спаслаўшыся на тое, што Народны сход праводзіцца на падставе закону «Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах», і на яго не распаўсюджваюцца палажэньні закону «Аб масавых мерапрыемствах».

З тае самае прычыны адмовілася падпісваць папярэджаньне і віцебская каардынатарка Народнага сходу Ірына Яскевіч. Яе ў пракуратуру Кастрычніцкага раёну запрасілі позвай. Спадарыня Ірына непакоіцца, што заўтра ўсіх каардынатараў па Віцебшчыне могуць затрымаць на самым пачатку сходаў, а людзей змусяць разысьціся. Або ініцыятыву размоваў паспрабуюць перахапіць запрошаныя на сход прадстаўнікі ўладаў ці нават нейкія правакатары.
XS
SM
MD
LG