Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анжэлу Камбалаву будуць судзіць у Баранавічах за заклік на Народны сход


Старшыні баранавіцкай гарадзкой арганізацыі АГП, сябры аргкамітэту мясцовага Народнага сходу Анжэле Камбалавай ўручылі позву зьявіцца ў суд 10 кастрычніка.

Яшчэ ўвечары 6 кастрычніка актывістку па тэлефоне выклікалі ў міліцыю для “дачы тлумачэньняў”.

“Патэлефанаваў участковы міліцыянт і сказаў, што мне трэба прыйсьці ў міліцыю і даць тлумачэньні наконт таго, што я быццам бы распаўсюджвала ўлёткі пра Народны сход ля аднаго з прадпрыемстваў некалькі дзён таму. Міліцыянт сказаў, што нехта паведаміў ім нумар майго аўтамабіля, калі ён там стаяў,” – кажа Анжэла Камбалава.

Актывістка адказала міліцыянту, што на тэлефонныя выклікі нікуды ня пойдзе, згодная прыйсьці толькі па позьве. Таму 7 кастрычніка актывістцы прынесьлі позву проста на працу.

“Яны ўручылі мне й пратакол, складзены на мяне за заклік на несанкцыянаванае масавае мерапрыемства,” – кажа Анжэла Камбалава.

Паседжаньне адбудзецца ў Баранавіцкім судзе 10 кастрычніка а 10-й гадзіне.
XS
SM
MD
LG