Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьні разьлічваюць на хуткае вызваленьне


Былы кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Саньнікаў і лідэр Маладога фронту Зьміцер Дашкевіч працягваюць заставацца ў карантыне ў камэрах-адзіночках. Адміністрацыя калёніі па-ранейшаму блякуе зьвесткі пра яшчэ аднаго экс-кандыдыта на прэзыдэнта Міколу Статкевіча. Палітвязьню Зьмітру Бандарэнку перашкаджаюць атрымліваць пэрыёдыку, а маладафронтавец Эдуард Лобаў рыхтуецца да доўгатэрміновай сустрэчы з роднымі.

Андрэй Саньнікаў
Андрэй Саньнікаў
У бабруйскай калёніі працягвае адбываць карантын былы кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Саньнікаў. Ён знаходзіцца ў камэры-адзіночцы. Жонка палітвязьня Ірына Халіп кажа, што не перастае хвалявацца за ягонае здароўе і жыцьцё:

"Калі пайшлі пагрозы, калі пайшлі этапы па розных турмах, пакуль такая сытуацыя ёсьць – зараз яна не разьвіваецца ўвогуле -- але пакуль яна захоўваецца, я хацела б, каб адвакат бачыў Андрэя хоць двойчы на тыдзень"

Зьміцер Дашкевіч
Зьміцер Дашкевіч
Таксама не выключае небясьпекі для свайго жыцьця і здароўя лідэр Маладога фронту Зьміцер Дашкевіч, які завяршае карантын у адзіночнай камэры ў глыбоцкай турме. Пра гэта ён паведаміў у лісьце да сваёй нявесты Насты Палажанкі:

"У турме ў Глыбокім больш складаны кантынгэнт. Там знаходзяцца людзі, якія судзімыя па два-тры разы. То чалавеку, які ня мае да гэтага ніякага дачыненьня, больш утульна аднаму, чым у такіх кампаніях. У лісьце ён таксама разважае, што ня кепска было б вызваліць палітвязьняў 8 -10 чысла – да паседжаньня Рады Эўропы і падчас правядзеньня Народнага сходу. Гэта азначае, што палітвязьні разважаюць і мяркуюць выйсьці на свабоду".

Эдуард Лобаў
Эдуард Лобаў
Паплечнік Зьмітра Дашкевіча ў Маладым фронце, палітвязень Эдуард Лобаў паведаміў у лісьце да маці з турмы "Ваўчыныя норы", што чакае яе на доўгатэрміновую сустрэчу. Гаворыць Марына Лобава:

"Піша, што ўсё добра, што чакае мяне на доўгатэрміновае спатканьне. Піша, што яму трэба прывезьці, што можна вельмі мала -- 5 кіляграмаў. Прасіў таксама дапамагчы сабраць перадачу маме Франскевіча, бо яны дзеляцца прадуктамі. Але, на жаль, ягоны ліст спазьніўся – мама Франскевіча сёньня ўжо паехала. Буду, канечне, тэлефанаваць у турму, прасіць, каб павялічылі перадачу, хаця б да 10 кіляграм, бо што такое 5?"

Зьміцер Бандарэнка
Зьміцер Бандарэнка
Палітвязень Зьміцер Бандарэнка таксама даслаў жонцы ліст, у якім паведамляе, што не атрымлівае выпісаных яму газэт. Гаворыць Вольга Бандарэнка:

"У лісьце піша, што ня мае газэт. З лістом я выслала яму квітанцыі на газэты. Ліст дайшоў, а квітанцыі не. Значыць, іх нехта дастаў з капэрты. Зараз яму кажуць, што ніякіх квітанцый не было і не даюць газэт. Зьміцер піша, што КДБ пакутавала на клептаманію – толькі ён "пазычыў" ім дзесяткі палітычных газэт, выпісаных сваякамі, а зараз і тут пачалося".

Мікола Статкевіч
Мікола Статкевіч
Адміністрацыя шклоўскай турмы па-ранейшаму блякуе ўсялякую інфармацыю пра яшчэ аднаго кандыдата на прэзыдэнта Міколу Статкевіча. Нават нядаўняя сустрэча палітвязьня з адвакатам сталася мажлівай, дзякуючы націску грамадзкасьці, кажа жонка палітыка Марына Адамовіч:

"Я думаю, што гэтая сустрэча сталася мажлівай таму, што дастаткова пільная ўвага да сытуацыі з палітвязьнямі была прыцягнутая ў выніку прэсавай канфэрэнцыі Ірыны Халіп і Алены Танкачовай. Таму адміністрацыя шклоўскай турмы пайшла на нечуваны лібэралізм і дазволіла сустрэчу зь Міколам у сераду. Хоць звычайна ў шклоўскай калёніі вельмі абмяжоўваюць права на сустрэчы. Гэтак у нас ужо даўно перарваліся ўсе камунікацыі".

За ўдзел у акцыі пратэсту супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў кандыдат на прэзыдэнта Мікола Статкевіч атрымаў 6 гадоў турмы строгага рэжыму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG