Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьмерць і радзіны не выбіраюць гадзіны. Зоська Верас не дажыла да свайго стагодзьдзя ўсяго месяц з паловай – памерла 10 кастрычніка 1991 году. А так хацелася, каб дажыла, каб заставалася жывым злучнікам паміж пакаленьнямі, эпохамі і стагодзьдзямі. Не збылося – сувязь часоў распалася.

Яе, маладую ўдаву нацдэма Фабіяна Шантыра, расстралянага бальшавікамі ў 1920 годзе, прытуліў Панарскі лес пад Вільняй. А лес у беларусаў зь лёсам сугучны, і лёсу скрыжалі недвухсэнсоўна вызначаюць, дзе і што нам рабіць: у сасновым лесе маліцца, у бярозавым – любіцца, у дубовым – волю каваць, у яловым – душу д’яблу прадаваць. А вось у якім лесе беларусу паміраць – скрыжалі тыя не паведамляюць. Таму Зоська Верас, калі прыйшла пара пакінуць гэты сьвет, пераехала ў Вільню, да сына.

Я ня быў на яе магіле, і мне здаецца, што нікуды яна не пераяжджала. Проста выйшла аднойчы за парог і – сама стала лесам, сунічнікам, верасам. Або шарай пташкай – яшчэ адзін зь яе псэўданімаў.

Амаль сем дзясяткаў гадоў – цэлае чалавечае жыцьцё – Зоська Верас пражыла ў сваёй Лясной хатцы. У глінабітнай, без усякіх выгодаў, у двары нават калодзежа не было. Улетку зьбіралі ў бочкі дажджавую ваду, узімку – тапілі сьнег.

Зоська Верас жыла ў лесе не пустэльніцай, хутчэй – партызанкай. І ваявала яна – актыўна і бескампрамісна – з усімі, хто пасягаў на гістарычную праўду. “Фальш шкодзіць гісторыі”, – не стамлялася паўтараць старая дзяячка ў лістах да сваіх шматлікіх адрасатаў. Толькі за паваенны час лістоў гэтых яна напісала больш за шэсьць тысячаў, і ў кожным – штосьці ўдакладняла, кагосьці папраўляла, камусьці выносіла свой няўмольны прысуд.

Паказальны ў гэтым сэнсе выпадак з кнігай Алега Лойкі “Як агонь, як вада”, якая выйшла ў 1984 годзе. Хітрамудры жанр “раману-эсэ” не дапамог аўтару пазьбегнуць зьнішчальнай крытыкі ад Зоські Верас. За прыніжэньне Янкі Купалы і “Нашай Нівы”, за хлусьлівыя вобразы Івана і Антона Луцкевічаў (названых у рамане Лапкевічамі), за дыскрэдытацыю асобы Вацлава Ластоўскага (у рамане – Ласоўскі) кніга Лойкі ў Лясной хатцы атрымала найвышэйшую меру пакараньня – аўтадафэ і была неадкладна спаленая на рытуальным вогнішчы. Пра што і было паведамлена ў лістах блізкім сябрам, прыкладам – Ларысе Геніюш.

Аднойчы я даволі бестактоўна спытаўся ў свайго ўнівэрсытэцкага выкладчыка, ці ведаў ён пра тое лясное аўтадафэ? Алег Антонавіч са скрухай прызнаўся, што ведаў. Мала таго, тое вогнішча ў Панарскім лесе не давала яму спакою да канца дзён, яно і прымусіла ўрэшце перапісаць раман. Пасьля дапрацоўкі ён павялічыўся на сто старонак, а ягоным героям былі вернутыя іх сапраўдныя прозьвішчы.

Аўтарытэтаў на гэтай сваёй партызанскай вайне за праўду Зоська Верас не прызнавала. Дасталася ад яе і Зьмітраку Бядулю – за непраўдзівыя ўспаміны пра Максіма Багдановіча, і супрацоўніку Гістпарту пры ЦК КПБ Мікалаю Сташкевічу. Гаспадыня Лясной хаткі прачытала ягоную манаграфію “Прысуд рэвалюцыі: крах антысавецкага руху ў Беларусі (1917–1925)” і на правах відавочцы апісаных там падзеяў вынесла свой прысуд: “Блытаніна!”.

Зьняпраўджвала Зоська Верас і распаўсюджаную ў савецкіх дасьледаваньнях інфармацыю пра падтрымку немцамі беларускага руху ў 1917–1918 гадах. Расказала, як немцы брутальна выганялі беларускія арганізацыі з губэрнатарскага дому ў Менску, як нейкі кайзэравец літаральна схапіў яе за руку, калі яна спрабавала забраць з шуфляды пячатку…

Дарэмна шукаць артыкулаў Зоські Верас пра ўсё гэта ў афіцыйным друку (а тады ўвесь друк быў афіцыйны). Па-першае, не надрукавалі б. Па-другое, ня надта яна таму друку давярала. І таму ў ход звыкла ішлі лісты-лістоўкі – правераная партызанская практыка.

Усе менскія нефармалы 80-х перабывалі ў Лясной хатцы. І такой бяды, што фотаздымкі з тых візытаў потым траплялі на старонкі адыёзнага “Политического собеседника”. Усім хацелася дакрануцца да жывой гісторыі.

Памятаю, як улетку 1988 году мы з Анатолем Сідарэвічам ішлі па чыгуначным палатне ў кірунку Панараў. Між бліскучых рэек палахліва прыгіналі галовы прыземістыя рамонкі, чыгунка на даляглядзе пакалыхвалася ў сьпякотным марыве. Вось і чаканая паваротка. У лесе наш рух запаволіўся – проста абапал сьцежкі (як хто крапідлам пакрапіў) – чырвоныя россыпы суніцаў. Яны і прывялі нас да партызанскага жытла – Лясной хаткі. Нас сустрэў Лявон Луцкевіч – зяць гаспадыні і найлепшы знаўца гісторыі Вільні. Ягоная жонка Галіна Войцік частавала нас чарніцамі з малаком. Пачастунак зацягваўся – Людвіка Антонаўна заседжвалася дапазна, таму з раніцы яе стараліся не будзіць. Мы бавілі час на падворку, дзе Лявон Луцкевіч паказваў нам жыцьцёва важную ў сухаземным лесе сыстэму вадасьцёкаў.

Зоська Верас каля сваёй Лясной хаткі. Здымак Сяргея Панізьніка

Зоська Верас каля сваёй Лясной хаткі. Здымак Сяргея Панізьніка


Пані Галіна паклікала нас у хату – прачнулася маці і гатовая з намі сустрэцца. І вось – зацішная бакоўка, нейкія старыя камоды з шуфлядамі і ў зручным фатэлі – Яна. Маленькая, прыветлівая, з маладымі вачыма. Анатоль Сідарэвіч пісаў вялікімі літарамі свае пытаньні (на дзясятым дзясятку Зоська Верас кепска чула), а мне было няёмка і турбаваць яе прыпамінаньнямі. Колькі падобных паломнікаў і цэлых дэлегацый прыняла яна за сваё жыцьцё і перад кожным дапытлівым суразмоўцам браму скарбаў сваіх адчыняла.

Гэта яна надрукавала свой першы твор яшчэ ў 1907 годзе – усяго на два гады пазьней за Янку Купалу, а аўтарам легендарнай “Нашай Нівы” стала ў 1911-м.

Гэта яна ў 1916 годзе прывячала ў Менску Максіма Багдановіча, які абяцаўся пісаць ёй зь Ялты, зь “белага дома над сіняй бухтай”.

Гэта яна на ўсё жыцьцё запомніла, як бальшавікі ў сьнежні 1917-га разганялі ў Менску І Усебеларускі кангрэс.

Гэта яна за свае сьціплыя заробкі ў 1928 годзе выдала паэтычны зборнік Міхася Машары “Малюнкі” і толькі за гэта заслугоўвае ня меншай пашаны, чым Магдалена Радзівіл – фундатарка неўміручага “Вянка”.

Гэта яна рабіла і выпускала ў сьвет часопісы для дзяцей “Заранка” і “Пралескі”, а для дарослых – месячнік “Беларуская борць”, якім карысталіся пчаляры па ўсёй Заходняй Беларусі.

Гэта яна склала і выдала ў 1924 годзе знакаміты “Беларуска-польска-расейска-лацінскі батанічны слоўнік”, у які і сёньня не зашкодзіць зазірнуць самым дасьведчаным лексыкографам, каб даведацца, як праўдзіва на роднай мове называецца тая ці іншая расьліна.

Гэта да яе паэт і бібліёграф Гальяш Леўчык пісаў са Слоніма прачулыя лісты, якія пачыналіся ласкавымі звароткамі “залаценечка і дарагенечка дзядзіначка”, альбо “паважаная цётухна і залатая сястронка”…

Лісты ў Лясную хатку прыходзілі часта. І на кожны нястомная гаспадыня давала адказ – успамінала, тлумачыла, удакладняла. Уся карэспандэнцыя захоўвалася ў ідэальным парадку – меў магчымасьць пераканацца ў гэтым на свае вочы. Усе шуфляды ў бакоўцы былі літаральна забітыя фотаальбомамі і акуратна перавязанымі стосікамі лістоў. Памятаю, Зоська Верас прасіла адчыніць пэўную шуфляду, дастаць патрэбны альбом ці пакунак, а пасьля асьцярожна трымала іх на каленях – лісты ад Віталя Скалабана, Янкі Саламевіча, Дануты Бічэль, Зыгмунта Абрамовіча, Ларысы Геніюш…

Вольга Іпатава, Сяргей Панізьнік, Зоська Верас, Галіна Войцік, Віталь Скалабан, Уладзімер Содаль. 1982 г.

Вольга Іпатава, Сяргей Панізьнік, Зоська Верас, Галіна Войцік, Віталь Скалабан, Уладзімер Содаль. 1982 г.


Ліставаньне з Ларысай Геніюш доўжылася каля чатырнаццаці гадоў – з 1967-га па 1983-ці. Яно мела даволі інтэнсіўны характар – абедзьве Антонаўны пісалі свае эпісталярныя летапісы проста самазабыўна. Ларыса Антонаўна ў сьнежні 1967-га наведала Лясную хатку, нават заначавала ў сваёй прыяцелькі, і яны да самай раніцы не маглі нагаварыцца. Гэтыя дзьве пасіянарныя беларускі ўмелі і пчолы гадаваць, і кветкі разводзіць, і вершы пісаць, і нацыянальным духам палымнець, ды так, каб і другія займаліся.

Як жа шкада, што Лясная хатка, у якой Зоська Верас пражыла – так прыкметна для Беларусі! – сем дзясяткаў гадоў, згарэла напачатку 90-х, калі гаспадыні там ужо не было. Памятаю, пачуўшы пра пажар у Панарскім лесе, я з жалем падумаў, што згарэла і ўся бачаная ў Лясной хатцы перапіска. Але, дзякаваць Богу, вялікая частка эпісталярыю ацалела, своечасова перададзеная на захаваньне ў Беларускі дзяржаўны архіў-музэй літаратуры і мастацтва. Заснаваны там Фонд 318 – надзейная схоўніца тых уратаваных з Панарскага лесу скарбаў.

Тады, у 1988-м, я адыходзіў зь Лясной хаткі зь дзіўным пачуцьцём – быццам зьдзейсьніў падарожжа ў мінулае на машыне часу. І доўга ня мог апрытомнець, нават ужо сеўшы ў менскі цягнік. Жалезныя колы разгоніста татахкалі на рэйкавых стыках, я чытаў зборнік “Каласкі”, падараваны Анатолю Сідарэвічу з аўтографам аўтаркі, і думаў, што дарэмна Зоську Верас менскія парнасцы паблажліва называюць толькі дзіцячай пісьменьніцай. Ёсьць у яе верш “Ліст”, які ня трапіў у “Каласкі” акурат з-за свае недзіцячасьці. Гэтым лірычным шэдэўрам нашаніўскай эпохі калі-небудзь адкрыецца збор твораў паэткі і мэмуарысткі, лексыкографа і публіцысткі, перакладчыцы і асьветніцы Зоські Верас:

Хацела да цябе напісаці
На пялёстку ружы пахучай,
Але пялёстак мог згінуць
У пору буры грымучай.

Хацела да цябе напісаці
На скрыльлі у матылёчка,
Але матыль умірае,
Як прыйдзе цёмная ночка.

Хацела я ліст паслаці
Праз ластаўку з нашага дому,
Але ж яна магла даці
Яго каму-небудзь другому.

І так дзянёчкі праходзяць.
Не маю яго як паслаці,
А ліст такі ўжо сардэчны
Хацелася напісаці.

Адзін літаратуразнаўца, пачуўшы гэтыя радкі, усклікнуў: “Дык гэта ж насьледаваньне Максіму Танку – ягонай «Перапісцы зь зямлёй»!”. Давялося патлумачыць калегу, што ў час, калі пісаўся “Ліст”, падлетак Жэнік Скурко (будучы Танк) бегаў са свайго пількаўскага хутара ў Сваткаўскую школку і лісты пісаў хіба пад дыктоўку бабкі Ульляны – жыцьцёва-празаічныя.

Эксьлібрыс Зоські Верас. Мастак Вячка Целеш

Эксьлібрыс Зоські Верас. Мастак Вячка Целеш


На эксьлібрысе Зоські Верас над усім дамінуе віленская вежа Гедыміна. І гэта заканамерна – Зоська Верас была genius loci Вільні, genius loci беларускай Вільні. Безь яе Вільня лягчэй ператвараецца ў Вільнюс. Шкада, што грамадзянка Людвіка Антонаўна Сівіцкая – назавем нарэшце яе сапраўднае імя – пахаваная не на Росах, дзе ёсьць нейкае падабенства нацыянальнага нэкропалю. Сваім жыцьцёвым подзьвігам яна бясспрэчна заслужыла на апошні гонар. Заслужыла сваім узвышэньнем праўды і Беларусі. А ўзгорыстыя могілкі Росы – адзінае месца ў сьвеце, дзе беларусы – вышэй за ўсіх.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG