Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ганна Паліткоўская была забітая ўдзень 7 кастрычніка 2006 году, у пад'езьдзе дома, дзе жыла. І ў той самы дзень прадстаўнікі праваахоўных органаў заявілі, што зьвязваюць гэтае забойства з прафэсійнай дзейнасьцю журналісткі.

Сьледзтва працягвалася амаль год, калі на старонкі газэт трапілі прозьвішчы 11 затрыманых у сувязі са справай аб забойстве Ганны Паліткоўскай. Зрэшты, з гэтых 11-ці толькі чацьвёра апынуліся ў судзе і пасьля былі апраўданыя прысяжнымі аднагалосна. Аб прагрэсе ў расьсьледаваньні забойства Ганны Паліткоўскай сталі казаць у траўні сёлета, адразу пасьля арышту Рустама Махмудава, якога сьледзтва называе непасрэдным выканаўцам. А ў канцы лета адбыўся яшчэ адзін гучны арышт: у ізалятар быў зьмешчаны падпалкоўнік міліцыі Дзьмітры Паўлючэнкаў. Раней ён праходзіў па справе як ключавы сьведка абвінавачаньня, а цяпер яго называюць арганізатарам забойства Ганны Паліткоўскай. На думку адваката Ганны Ставіцкай, якая прадстаўляе інтарэсы сям'і Ганны Паліткоўскай, праваахоўныя органы і расейскія ўлады ня надта шчыравалі ў раскрыцьці гэтага злачынства:

- Калі б улады рабілі ўсё, што магчыма, для пошуку забойцаў Ганны Паліткоўскай, то за пяць гадоў, я думаю, гэта зрабіць было б можна. І ўсе асобы, якія маюць дачыненьне да справы, былі б на лаве падсудных. На дадзены момант сьледзтва лічыць, што знойдзены практычна ўсе ўдзельнікі гэтага злачынства, пачынаючы ад выканаўцы, заканчваючы тым чалавекам, які браў заказ на забойства, аднак так і застаецца невядомым заказчык. Калі быць аб'ектыўным, то можна сказаць, што сьледзтва дасягнула пэўных посьпехаў, але калі б сьледзтва прыслухоўвалася ня толькі да сваёй думкі, але і да думкі, у прыватнасьці, боку пацярпелых, то, магчыма, гэтыя затрыманьні адбыліся б на больш раньніх этапах расьсьледаваньня.

Ганна Ставіцкая адзначыла, што шмат у чым справа зрушылася зь мёртвай кропкі дзякуючы журналістам "Новай газэты", якія на працягу некалькіх гадоў вялі ўласнае расьсьледаваньне абставінаў забойства Ганны Паліткоўскай і дзяліліся здабытымі зьвесткамі з членамі сьледчай брыгады. Шэф-рэдактар "Новой газеты" Сяргей Сакалоў не выключае, што новы судовы разбор па справе аб забойстве Ганны Паліткоўскай можа пачацца ўжо сёлета:

- Сьледзтва магло быць больш эфэктыўным, калі б не прыўнесеныя звонку элемэнты: сварка паміж двума ведамствамі - Генпракуратурай і Сьледчым камітэтам. Або выступы лідэраў дзяржавы са сваімі публічнымі вэрсіямі, якія сьледзтва вымушана было адпрацоўваць. Калі б не было гэтак карумпаванай улады, праваахоўнай сыстэмы, якая прадавала за грошы ўсю інфармацыю, якая трапляла ў "дзяжурную частку". Усе гэтыя прыўнесеныя абставіны сьледзтву заміналі. Да таго ж само па сабе злачынства складанае, хоць бы таму, што на лаве падсудных, думаю, ужо ў наступным годзе апынуцца вельмі сур'ёзныя людзі, якія мелі дачыненьне да сакрэтных падразьдзяленьняў ГУУС і былі на сувязі з агентурай Фэдэральнай службы бясьпекі, - лічыць Сяргей Сакалоў .

Зрэшты, калі цяпер зьявілася пэўная яснасьць адносна асобаў, якія арганізавалі і ўчынілі забойства Ганны Паліткоўскай ў 2006 годзе, то ніякай пэўнасьці з тым, хто выступіў заказчыкам злачынства, няма. Прыводзіліся самыя разнастайныя вэрсіі, іх выказвала, у тым ліку, і кіраўніцтва Расеі, але, на думку Ільлі, сына Ганны Паліткоўскай, ніводная з агучаных вэрсій аб заказчыку не наблізілася да праўды:

- Я не хачу сказаць, што нехта супрацьдзейнічае расьсьледаваньню, але шмат якія дзеяньні істотна запазьніліся. У першую чаргу, арышт аднаго з асноўных арганізатараў - Паўлючэнкава, і магчымага кілера Махмудава. Наконт заказчыка няма нічога, акрамя здагадак.

Адвакат Ганна Ставіцкая перакананая: калі чалавек, які замовіў забойства Ганны Паліткоўскай, мае непасрэднае дачыненьне да расейскай улады, то яго прозьвішча так і ня будзе названае:

- Калі да забойства Ганны Паліткоўскай датычны прадстаўнік улады, то, хутчэй за ўсё, мы ніколі не даведаемся яго імя.

Ганна Паліткоўская была вядомая сваімі публікацыямі на тэму Чачні і Паўночнага Каўказу. Апошні апублікаваны пры яе жыцьці артыкул - "Карная змова" - была прысьвечана складу і дзейнасьці чачэнскіх атрадаў, якія ваююць на баку фэдэральных сіл. Для многіх, пра каго пісала і каму дапамагала Ганна Паліткоўская, яна была ня столькі журналісткай, колькі праваабаронцам. Член праўленьня Міжнароднага гісторыка-асьветніцкага праваабарончага і дабрачыннага таварыства "Мэмарыял" Аляксандар Чаркасаў нагадвае:

- Другая чачэнская вайна, узброены канфлікт на Паўночным Каўказе, які пачаўся ў 1999 годзе і працягваецца да гэтага часу, выклікаюць у памяці публікацыі, імя Ганны Паліткоўскай. Няма іншага журналіста з такім стылем, з такім уменьнем зьвяртаць увагу чытача на страшныя і трагічныя падзеі. Хаця многія тэмы, якія вяла Ганна Паліткоўская, працягнулі журналісты, яе калегі. Наташа Эстэмірава пасля сьмерці Паліткоўскай пачала друкавацца ў "Новай", каб часткова кампэнсаваць гэтую страту, але Наташу забілі два гады таму. Зеўра пустэчы ..., - падкрэсьліў Аляксандр Чаркасаў.

У цяперашні час тэрмін сьледзтва па справе аб забойстве Ганны Паліткоўскай падоўжаны да 7 сьнежня. У рэдакцыі "Новой газеты" сьцьвярджаюць, што зьвесткі, якія дапамаглі кілеру зьдзейсьніць забойства журналісткі і пакінуць месца злачынства, для яго пастаўлялі дзейныя на той момант супрацоўнікі міліцыі, падначаленыя арыштаванага нядаўна былога падпалкоўніка міліцыі Дзьмітрыя Паўлючэнкава.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG