Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Улады разглядаюць Народныя сходы як небясьпечны прыклад»


Юры Чавусаў

Юры Чавусаў

Наколькі ўдалым быў абраны фармат арганізатарамі Народнага Сходу? Чым можа скончыцца дыскусія арганізатараў з уладамі наконт законнасьці гэтага мерапрыемства? Якіх акцыяў пратэсту сёньня найбольш баяцца ўлады? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Юры Чавусаў.


Цыганкоў: Арганізатары Народнага Сходу неаднаразова заяўлялі, што гэтае мерапрыемства цалкам законнае. Але, як выглядае, улады так ня лічаць, бо прадстаўнікоў аргкамітэту выклікаюць у Пракуратуру і гэтай далей. Ці пойдзе ўлада на канфліктны варыянт ці можа абраць ігнараваньне гэтага мерапрыемства?

Чавусаў: Арганізатары сапраўды знайшлі шчыліну ў беларускім заканадаўстве, якая дазваляе праводзіць масавыя мерапрыемствы, не падводзячы іх пад драконаўскае заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Але, як выглядае, скарыстацца адэкватным чынам гэтай магчымасьцю арганізатарам не зусім удалося. Замест таго, каб пайсьці зьнізу, зь лякальных мясцовых сходаў, ініцыяваных нейкімі групамі, дзе ёсьць 10 працэнтаў подпісаў грамадзянаў — прадстаўнікі апазыцыйных арганізацый пайшлі традыцыйным шляхам і пачалі арганізоўваць масавыя мерапрыемствы ў агульнанацыянальным маштабе.
Улады ўчапіліся за той момант, што няма доказаў таго, што сабраныя 10 працэнтаў подпісаў асобаў, што пражываюць на гэтай тэрыторыі.

Адпаведна ўлады ўчапіліся за той момант, што няма доказаў таго, што сабраныя 10 працэнтаў подпісаў асобаў, што пражываюць на гэтай тэрыторыі, і абвясьцілі, што будуць разглядаць гэтыя сходы як дэманстрацыі. Заўтра заяўнікаў выклікаюць у Менгарвыканкам, і будзем спадзявацца, што нейкая форма кампрамісу, прынамсі, у дачыненьні да менскага сходу можа быць дасягнутая.

Цыганкоў: Апазыцыйныя лідэры і аналітыкі гаварылі пра «гарачую восень», але выглядае, што толькі арганізатары Народнага сходу нешта робяць у гэтым кірунку. Пры гэтым далёка ня ўся апазыцыя падтрымлівае гэтую ідэю. Ці апазыцыя ня верыць у сацыяльныя ўзрушэньні восеньню, ці рыхтуецца да іншых баталіяў?

Чавусаў: Гэта традыцыйны фармат правядзеньня акцыяў у паміжвыбарны пэрыяд. Апазыцыйныя сілы звычайна праводзяць масавыя акцыі, каб накачаць мускулы перад наступным палітычным сэзонам, які адчыняецца парлямэнцкімі выбарамі. Ці будзе гэта байкот альбо ўдзел у выбарах, рыхтавацца да іх трэба.

Былі трошкі нетрадыцыйныя чаканьні ў СМІ ўлетку, калі арганізатары Народнага сходу абяцалі нам ледзь не рэвалюцыю. Але гэта хутчэй мэдыйны чыньнік. Насамрэч колькасьць ахвотных да масавых акцыяў пратэсту ў Беларусі не павялічылася, але павялічылася верагоднасьць спантанных акцый. Не падрыхтаваных апазыцыяй, а тых, якія раптоўна, зьнянацку могуць запаліцца на прадпрыемствах.

Таму ўлады, напэўна, разглядаюць Народныя сходы як небясьпечны прыклад, які можа проста паказаць людзям, што можна пратэставаць. Улады баяцца ня тых сходаў, што адбудуцца ў суботу, а тых узрушэньняў, пра якія ім яшчэ не вядома.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG