Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жукоўскі прыехаў дамоў з ізалятару на ахвяраваную тысячу і з мыліцамі


Кастусь Жукоўскі ў судзе 15 сутак таму.

Кастусь Жукоўскі ў судзе 15 сутак таму.

6 кастрычніка ўвечары на волю з ізалятару пасьля 15-суткавага арышту выйшаў гомельскі грамадзкі актывіст, сябра аргкамітэту правядзеньня Народнага сходу Кастусь Жукоўскі. На мыліцах ён даклыпаў да аўтобуснага прыпынку й на ахвяраваную супрацоўнікам ізалятару 1000 рублёў даехаў да дому.

Паплечнікам не ўдалося сустрэць Кастуся ля брамы ізалятару. Яны загадзя прыйшлі сюды, ведаючы, што міліцыянты дачасна вывозяць палітарыштантаў у тыя РАУСы, дзе на іх складалі адміністрацыйныя пратаколы — робяць гэта спэцыяльна, каб сябры не маглі сустрэць вызвольніка.

Калі на зьмярканьні з ізалятару выехала міліцэйская машына і нехта праз шыбу памахаў рукой, сустракоўцы вырашылі, што гэта Кастуся павезьлі ў Цэнтральны РАУС, дзе ў дачыненьні яго й складалі адміністрацыйныя пратаколы нібыта за лаянку й супраціў спэцназаўцам. Паехалі сьледам. Аднак у дзяжурнай частцы заявілі, што Жукоўскага ў іх няма.
Па мяне сапраўды прыяжджалі супрацоўнікі Цэнтральнага РАУСу. Патрабавалі ехаць зь імі ў аддзел на размову.

Жукоўскі: «Недзе а 17-й гадзіне па мяне сапраўды прыяжджалі супрацоўнікі Цэнтральнага РАУСу. Патрабавалі ехаць зь імі ў аддзел на размову. Але я адмовіўся. Сказаў, што буду сядзець да 18:50, як пазначана ў пастанове суду. Урэшце яны мне ўручылі позву зьявіцца заўтра ў пракуратуру Цэнтральнага раёну — і зьехалі».

Нага Кастуся яшчэ ў гіпсе. У абласным шпіталі, куды яго вазілі з ізалятару, каб накласьці гіпс, запісалі: пералом прамянёвай косткі.

21 верасьня падчас так званай спробы ўручыць позву спэцназаўцы зьбілі Жукоўскага й зламалі нагу. Гвалтам актывіста адвезьлі ў Чыгуначны РАУС, дзе пыталіся пра Народны сход. Потым перавезьлі ў Цэнтральны райаддзел міліцыі, каб скласьці пратаколы і адправіць у ізалятар.

На наступны дзень судзьдзя Цэнтральнага раёну Марына Дамненка пакарала Жукоўскага 15 суткамі арышту: 7 — за лаянку, 8 — за супраціў міліцыі. У ізалятары Кастусь ня еў. Піў толькі сокі, якія яму перадавалі сябры й паплечнікі.

«Дзякуй людзям за падтрымку — яна адчувалася вельмі моцна», — кажа спадар Жукоўскі.

Бліжэйшым часам ён мае намер наведаць лекара й разабрацца са сваім затрыманьнем і арыштам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG