Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баршчэўскі: Нашы кандыдаты на Нобэля не саступаюць Томасу Транстрэмэру


Лявон Баршчэўскі

Лявон Баршчэўскі

Нобэлеўскім ляўрэатам у літаратуры за 2011 год швэдзкія акадэмікі назвалі свайго суайчыньніка паэта Томаса Транстрэмэра. Ягоныя вершы па-беларуску зьявіліся яшчэ дзесяць гадоў таму ў беластоцкім альманаху Annus Albaruthenicus. Зь перакладчыкам Тумаса Транстрэмэра Лявонам Баршчэўскім гаворыць Валянціна Аксак.

— Калі і чым прывабілі вас вершы Тумаса Транстрэмэра?

— Неяк мне хацелася з сучаснай швэдзкай паэзіяй пазнаёміцца. Яшчэ тады інтэрнэту ў нас не было, кніжак ня так многа таксама даходзіла, больш па клясычнай паэзіі. Але потым паэт Алесь Аркуш прэзэнтаваў мне кніжку па-швэдзку выбраных вершаў і сказаў, што гэта — прыкметны паэт. Я толькі прозьвішча датуль чуў, але не чытаў яго нічога. Пачытаў і мне некаторыя вершы падаліся адметнымі. Яны такія з аднаго боку вельмі глыбінна філязофскія, а з другога боку яны менавіта швэдзкія, адчуваецца, што гэта не італьянскі аўтар, не лацінаамэрыканскі, не паўночнаамэрыканскі. Тыя вершы, што мне спадабаліся, я пераклаў, а потым здарылася аказія надрукаваць. Калі Сакрат Яновіч пачаў выпускаць свой альманах на Беласточчыне ў Крынках Annus Albaruthenicus, я яму паслаў гэтыя пераклады і ён іх надрукаваў. Пераклаў я у канцы 90-х, а публікацыя зьявілася ў 2001-м.

— Сёньня на нашым сайце зьмешчана 7 вершаў новага ляўрэата, а колькі вы ўвогуле пераклалі ягоных твораў?

— Каля дваццаці дзесьці. Я ня памятаю, ці ўсё ўвайшло ў той альманах. Калі па рукапісах пакапацца, то мо знайду яшчэ і не надрукаваныя.

— Цяпер паміж швэдзкімі і беларускімі літаратарамі адбываюцца шчыльныя стасункі. У гэтай сувязі ці ўзьнікла ў вас жаданьне больш актыўна заняцца творамі новага ляўрэата і выдаць цэлю кнігу ягоных вершаў па-беларуску?

— У нас зьявіўся ўжо добры падрост маладых перакладчыкаў, якія са швэдзкай мовай вельмі плённа працуюць, тая ж Алеся Башарымава, напрыклад. За кампанію зь імі я б сваю долю зрабіў, бо цяпер у мяне ўжо трошкі іншыя пляны, якія нявыкананыя. Ну але ёсьць каму цяпер перакладаць, ня толькі я — той жа Дзьмітры Плакс — ёсьць каму. Сваю долю, паўтараю, я б зрабіў, калі б такі праект зьявіўся.

— Ужо колькі год беларусы з асаблівым пачуцьцём чакаюць гэтага дня, калі абвяшчаецца швэдзкімі акадэмікамі імя новага ляўрэата Нобэлеўскай прэміі па літаратуры, таму што пры жыцьці намінаваўся на яе Васіль Быкаў, потым шэраг арганізацый вылучылі Рыгора Барадуліна, ня так даўно Беларускім ПЭН-цэнтрам намінаваны Уладзімер Някляеў, ёсьць зьвесткі пра вылучэньне Георгія Марчука. Ваш прагноз — ці атрымае Нобэля ў хуткім часе хто-небудзь з названых ці з новых беларускіх кандыдатаў?

— Многа ёсьць выдатных паэтаў, празаікаў, а Нобэлеўская прэмія даецца раз на год і гэта ў пэўным сэнсе лятарэя. Адно, што я магу сказаць, што нашы літаратары пералічаныя і таксама Алесь Разанаў, Генадзь Бураўкін, Уладзімер Арлоў, Андрэй Хадановіч — яны не саступаюць Томасу Транстрэмэру паводле свайго таленту. Я ў гэтым абсалютна перакананы. Таму я думаю, гэта і натхняе, што шанцы ў нас ёсьць і гэта здарыцца ўрэшце.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG