Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
9 кастрычніка ў Польшчы пройдуць парлямэнцкія выбары. Паводле апытаньняў, адлегласьць паміж кіруючай і апазыцыйнай партыямі – мінімальная.

У Польшчы 9 кастрычніка выбіраюць 460 дэпутатаў Сэйму і 100 сэнатараў. Паводле дадзеных шматлікіх апытаньняў грамадзкай думкі, што рабіліся напярэдадні выбараў, цягам апошніх тыдняў адлегласьць паміж кіруючай цяпер партыяй «Грамадзянская плятформа» ды апазыцыйнай «Права і справядлівасьць» скарацілася практычна да некалькіх адсоткаў.

Абедзьве партыі могуць разьлічваць прыкладна на траціну галасоў.

“Калі мы зможам пасьпяхова змабілізаваць наш электарат, калі ўсе, хто хоча зьменаў у Польшчы, пойдуць на выбары – мы пераможам”, - кажа Адам Хофман, дэпутат ад «Права і справядлівасьці».

Да апошняга за галасы палякаў змагаўся і лідэр «Грамадзянскай плятформы», прэм’ер-міністар Дональд Туск, які шмат дзён у адмысловым аўтобусе падарожнічаў па краіне ды сустракаўся з выбарнікамі.
Калі спраўдзяцца прагнозы сацыёлягаў, дык у парлямэнт увойдуць яшчэ тры партыі

“Калі нехта хоча зрабіць сур’ёзны выбар, дык такая магчымасьць ёсьць. Я ведаю, што ў нас ня ўсё атрымалася, так. Тады рабіце лепей, зьмяняйце тыя партыі, якія ёсьць ці стварайце ўласныя, але не адварочвайцеся ад дэмакратыі, бо вы тады адварочваецеся ад Польшчы”, - сказаў на сустрэчы са студэнтамі Дональд Туск.

Калі спраўдзяцца прагнозы сацыёлягаў, дык у парлямэнт увойдуць яшчэ тры партыі: каля 9% – «Сялянская партыя», якая апошнія 4 гады знаходзіцца ва ўрадавай кааліцыі з «Грамадзянскай плятформай», і прыкладна па 10% - посткамуністычны «Саюз левых дэмакратаў», ды зусім новая палітычная сіла – «Рух Палікота»: партыя, якая выступае, сярод іншага, за аддзяленьне рэлігіі ад дзяржавы, легалізацыю марыхуаны ды пашырэньне рынкавых свабодаў.

Якая з дзьвюх асноўных партыяў не выйграла б выбары, дэпутатаў у яе ня хопіць, каб кіраваць самастойна – спатрэбіцца ствараць зь некім кааліцыю. Як будзе выглядаць новая ўрадавая кааліцыя, пакуль цяжка сказаць, аднак усе сыходзяцца на тым, што кааліцыя лідэраў - «Права і справядлівасьці» і «Грамадзянскай плятформы» - немагчымая.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG