Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алега Манаева затрымалі за «крыўдныя» лічбы?


Алег Манаеў

Алег Манаеў

Заснавальнік Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Алег Манаеў больш за тры гадзіны правёў у пастарунку. Доктар сацыялёгіі быў затрыманы за 15 хвілінаў да пачатку прэзэнтацыі апошняга, верасьнёўскага, дасьледаваньня НІСЭПД, у якім, сярод іншага, гаварылася: толькі 24,5% апытаных давяраюць дзейнаму кіраўніку дзяржавы Аляксандру Лукашэнку. Калегі экспэрта лічаць, што менавіта гэтая акалічнасьць і стала падставай для радыкальнага кроку. З нагоды затрыманьня Алег Манаеў рыхтуе адмысловую заяву для грамадзкасьці.

Першым пра арышт Алега Манаева даведаўся ягоны калега, экспэрт Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Аляксандар Сасноў. Ён патэлефанаваў спадару Манаеву якраз у той момант, калі яго затрымлівалі:

«Інфармацыі да апошняга было няшмат, толькі тое, што ён паведаміў мне па тэлефоне — што яго затрымаў АМОН на „круглай“ плошчы, на плошчы Перамогі. Я яму якраз тэлефанаваў, таму і ведаю. Практычна ўсё, іншых зьвестак не было. Ён сказаў яшчэ тое, што шукаюць наркотыкі і зброю».

Карэспандэнт: «Ён ішоў пешшу ці, можа, быў у машыне?».

«Не, ішоў пешшу, якраз выйшаў з мэтро. Толькі тое, што пасьпеў па тэлефоне сказаць…»

6 кастрычніка а 15:30 у амбасадзе Польшчы, якая якраз старшынюе ў Эўразьвязе, была прызначаная прэзэнтацыя апошняга дасьледаваньня НІСЭПД. Матэрыял меўся прадставіць Алег Манаеў. На мерапрыемства адмыслова былі запрошаныя прадстаўнікі дыпляматычнага корпусу іншых краінаў. Аднак, як кажа прадстаўнік польскай амбасады Павал Марчук, літаральна за некалькі хвілінаў да пачатку мерапрыемства зьявілася інфармацыя, што асноўны дакладчык… арыштаваны. У выніку брыфінг, як патлумачыў прысутным амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка, на няпэўны тэрмін давялося адкласьці:

«Мы проста далі залю спадару Манаеву, каб ён мог распавесьці пра вынікі сваіх апошніх дасьледаваньняў. Я нават ня ведаю, што ён хацеў сказаць і якія былі канчатковыя вынікі дасьледаваньня. Тут складана нават вызначыць гэтую сытуацыю, прынамсі для мяне яна зусім не зразумелая. Гэта тым больш цікава, што, як я ведаю, гэтыя вынікі ўжо былі апублікаваныя, я сам іх чытаў, калі не памыляюся, у „Народнай волі“. Проста павінен быў быць камэнтар да гэтых дасьледаваньняў, якія, яшчэ раз паўтару, ужо былі надрукаваныя… Дарэчы, ля ўваходу ў наш будынак была нейкая тэлевізійная група, супрацоўнікі якой не хацелі прадставіцца. Як я разумею, гэта людзі, якія працуюць на пэўныя службы. Так што, бачыце, якія ўмовы працы. Вельмі шкада, але мы нічога ня можам зрабіць…».

Сам Алег Манаеў абставіны таго, што адбылося, абяцае выкласьці ў адмысловай заяве. Аднак аналітыкі наўпрост зьвязваюць ягоную нэўтралізацыю на час выступу перад замежнымі дыпляматамі з тымі вынікамі дасьледаваньня, якія былі агучаныя меней за тыдзень таму.

У прыватнасьці, паводле дадзеных апытаньня, толькі 24,5% апытаных у верасьні Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў рэспандэнтаў давяраюць дзейнаму кіраўніку дзяржавы Аляксандру Лукашэнку. Адпаведна, не давяраюць — 62,3%. Дзеля параўнаньня, у сьнежні 2010 году Лукашэнку давярала 55% апытаных. Пры гэтым бальшыня зь іх лічыць, што асабіста кіраўнік краіны вінаваты ў фінансава-эканамічным крызісе, які ўжо больш за паўгода пануе ў Беларусі.

У красавіку 2005 году Вярхоўны суд Беларусі зьліквідаваў Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, пасьля чаго ён быў зарэгістраваны ў Літве як грамадзкая ўстанова. Алег Манаеў узначальваў НІСЭПД да сярэдзіны 2006 году, цяпер інстытутам кіруе доктар філязофіі Альгірдас Дэгуціс.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG