Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ўпаў рэйтынг


Паводле дадзеных НІСЭПД, рэйтынг Лукашэнкі абваліўся да рэкордна нізкага ўзроўню. Толькі 20,5% грамадзян гатовыя сёньня галасаваць за яго на выбарах. На першы погляд, прычына відавочная: эканамічны абвал.

Але хачу нагадаць, што ў 1990-я гады сацыяльна-эканамічная сытуацыя ў краіне была ня лепшая, а нават горшая. Той сярэдні заробак у далярах, які існуе сёньня ($250), быў дасягнуты толькі к 2006 году. Аднак, нягледзячы на цяжкасьці, рэйтынг Лукашэнкі за рэдкімі выключэньнямі не апускаўся ніжэй за 40%. Экспэрты нават называлі яго тэфлёнавым.

Зразумела, спрацаваў эфэкт рэзкага эканамічнага падзеньня пасьля доўгага пэрыяду росту. Гэта заўсёды выклікае шок. Пацярпела крах ідэалягема пад назвай “стабільнасьць”, на якой грунтавалася ўся прапагандысцкая канструкцыя рэжыму.

Але раней усе эканамічныя, замежнапалітычныя і іншыя паразы кампэнсаваліся асабістай харызмай Лукашэнкі. Цяпер жа гэты фэномэн не працуе. Уся харызма кудысьці зьнікла. Чаму?
Як і ў пэрыяд разьвітога сацыялізму, уся ідэалягічная машына працуе ўхаластую.

Падаецца, што неабмежаваная ўлада, доўгае знаходжаньне на пасадзе кіраўніка дрэнна ўзьдзейнічае нават на таленавітага папуліста. Адсутнасьць канкурэнтнай палітыкі прытупляе чуцьцё, ператварае правадыра ў бронзавы помнік зь іншай, прайшоўшай эпохі. Ён перастаў адчуваць час, адчуваць нацыю, ужо не зьяўляецца люстэркам калектыўнага бесьсьвядомага беларускага соцыюму, якім ён быў зусім нядаўна. Лукашэнка развучыўся размаўляць з народам, адчуваць ягоныя мэнтальныя імпульсы, трапляць у фокус, рэзананс грамадзкіх настрояў.

Калі глядзець на тыя прапагандысцкія клішэ, якая выкарыстоўваюцца ўладамі (тон задае сам прэзыдэнт), то яны моцна нагадваюць пэрыяд разьвітога сацыялізму. Як і тады, уся ідэалягічная машына працуе ўхаластую. Яна моцна адарваная ад рэальнасьці. Заявы пра тое, што ніякага эканамічнага крызысу няма, а існуюць толькі невялікія цяжкасьці, што сацыяльная мадэль паказала сваю эфэктыўнасьць, абяцаньне праз дні, тыдні, вярнуць сытуацыю назад выклікаюць толькі раздражненьне. Ён не разумее, што тэлерэпартаж пра школу з двума басэйнамі, у якую пайшоў сын Коля, разбурае вобраз “народнага прэзыдэнта”. Лукашэнка адказвае не на тыя пытаньні, якія хвалююць грамадзтва. Наўрад ці сёньня людзей моцна хвалюе праблема фінансаваньня спорту, дзеля якой кіраўнік дзяржавы нядаўна праводзіў нараду.

Адным з элемэнтаў станоўчага вобразу Лукашэнкі быў пастулят, што, можа, ня ўсё ў яго атрымліваецца, але ж ён шчыры і “ён жа стараецца”. Што трэба было б рабіць цяпер, каб захаваць гэты імідж, у момант, калі насельніцтва моцна заклапочана валютным крызысам, ростам цэнаў, захаваньнем банкаўскіх укладаў? Мусіць, часта праводзіць нарады, проста пад тэлекамэрамі чыніць разнос чыноўнікам, праводзіць зьмены ва ўрадзе і Нацыянальным банку. Альбо езьдзіць па прадпрыемствах і крамах, здымаць з працы іх дырэктараў за рост цэнаў. Зразумела, гэта ніяк не паўплывала б на эканамічныя працэсы, затое магло б паўплываць на папулярнасьць прэзыдэнта. Калі краіна ў крызысе, кіраўніцтва павінна нешта рабіць. Калі ўжо ня дзейнічаць, то хоць бы імітаваць дзейнасьць. Электарат можа дараваць кіраўніку ўсё, акрамя бязьдзеяньня.
Нават у далёкіх ад палітыкі людзей зьяўляецца думка, што акрамя ўлады прэзыдэнта нічога не цікавіць.

Аднак Лукашэнку, урад, Нацыянальны банк апанаваў нейкі параліч, палітычны ступар. Цэлых паўгода (з сакавіка па верасень) яны нібы знаходзіліся ў летаргічным сьне, індыфэрэнтна назіралі, як развальваецца эканоміка. Толькі праз два месяцы пасьля пачатку крызысу прэзыдэнт паспрабаваў нешта растлумачыць народу (нарада 27 траўня).

Затое ў пляне палітычных рэпрэсій улады дзейнічалі вельмі актыўна. Кантраст паміж актыўнасьцю ў змаганьні з апанэнтамі і бязьдзеяньнем у эканамічнай сфэры быў вельмі наглядны. І нават у далёкіх ад палітыкі людзей зьяўляецца думка, што акрамя ўлады прэзыдэнта нічога не цікавіць. Адсюль і падзеньне рэйтынгу. А ўлады не знайшлі нічога лепшага, як паспрабаваць разьбіць люстэрка. То бок, нэўтралізаваць сацыёлягаў, затрымаўшы прафэсара Алега Манаева.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG