Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Менску затрыманы заснавальнік НІСЭПД Алег Манаеў


Алег Манаеў

Алег Манаеў

Алега Манаева затрымалі ў раёне плошчы Перамогі ў Менску. Пра гэта паведаміў адзін з экспэртаў НІСЭПД Аляксандар Сасноў.

Сасноў удакладніў, што затрыманьне праводзілі супрацоўнікі спэцназу.

Манаеў выходзіў на вуліцу з мэтро.

Спадар Манаеў толькі пасьпеў сказаць, што шукаюць наркотыкі і зброю. Пасьля гэтага яго адвезьлі ў невядомым кірунку.

Алег Манаеў скіроўваўся на брыфінг для дыпляматычнага корпусу, падчас якога была заплянаваная прэзэнтацыя дасьледаваньня НІСЭПД.

Пры гэтым сьведкі затрыманьня спадара Манаева сьцьвярджаюць: міліцыянты патлумачылі гэта тым, што «было ўказаньне затрымаць менавіта гэтага чалавека».

Доктар сацыялягічных навук, прафэсар Алег Манаеў доўгія гады кіраваў зарэгістраваным у Літве Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў.

Днямі НІСЭПД абнародаваў вынікі верасьнёўскага дасьледаваньня. Толькі 24,5% апытаных давяраюць дзейнаму кіраўніку дзяржавы Аляксандру Лукашэнку. Кіраўніку дзяржавы не давяраюць 62,3% апытаных.

Як паведамілі ў амбасадзе Польшчы ў Менску, дзе Алег Манаеў меўся правесьці прэзэнтацыю верасьнёўскага дасьледаваньня НІСЭПД, мерапрыемства давялося перанесьці на неакрэсьлены тэрмін. У амбасадзе сказалі, што прэзэнтацыя адбудзецца ў любы час, зручны для спадара Манаева.

Сытуацыю з затрыманьнем Алега Манаева пракамэнтааў прадстаўнік польскай амбасады Павал Марчук:

«Мы проста далі залю спадару Манаеву, каб ён мог распавесьці пра вынікі сваіх апошніх дасьледаваньняў. Я нават ня ведаю, што ён хацеў сказаць і якія былі канчатковыя вынікі дасьледаваньня. Сытуацыя для мяне зусім не зразумелая. Гэта тым больш цікава, што, як я ведаю, гэтыя вынікі ўжо былі апублікаваныя, я сам іх чытаў. Проста павінен быў быць камэнтар да гэтых дасьледаваньняў. Так што, бачыце, якія ўмовы працы. Вельмі шкада, але мы нічога ня можам зрабіць...».

*** НІСЭПД — найстарэйшы ў Беларусі недзяржаўны досьледны цэнтар, створаны ў лютым 1992 году групай навукоўцаў, журналістаў, палітыкаў і бізнэсоўцаў. У цяперашні час зарэгістраваны як грамадзкая ўстанова ў Літоўскай Рэспубліцы.

Асноўнымі відамі дзейнасьці НІСЭПД зьяўляюцца: дасьледаваньні ў галіне сацыялёгіі, эканомікі і паліталёгіі; інфармацыйна-кансультатыўная дзейнасьць; правядзеньне канфэрэнцый і сэмінараў; выдавецкая дзейнасьць; прафэсійны трэнінг.

Да ліпеня 2006 г. НІСЭПД узначальваў Алег Манаеў. У красавіку 2005 году інстытут быў ліквідаваны паводле рашэньня Вярхоўнага суду Беларусі і пасьля зарэгістраваны ў Літве як грамадзкая ўстанова. У цяперашні час дырэктарам інстытута зьяўляецца доктар філязофіі Альгірдас Дэгуціс.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG