Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафэсар Лыч: Штучна апусьцілі рубель, каб людзі актыўна здавалі даляры


Пасьля значнага ўмацаваньня рубля на дадатковай сэсіі Беларускай валютна-фондавай біржы, якое адбывалася цягам трох папярэдніх тыдняў, сёньня рубель беларуская валюта істотна абясцэнілася. Па выніках таргоў 6 кастрычніка даляр набраў адразу 200 пунктаў, усталяваўшыся на адзнацы 7810 рублёў. Да лічбы 10600 -- адразу на 180 рублёў -- вырас эўра. Ці можна казаць, што хуткая пэрспэктыва выхаду на раўнаважны курс апынулася пад пагрозай?

Ад пачатку таргоў на дадатковай сэсіі 14 верасьня беларускі рубель адолеў шлях ад 8600 да 7610 за даляр. Але сёньня -- падзеньне адразу на дзьве сотні. Які збой адбыўся ў мэханізьме паступовага збліжэньня афіцыйнага курсу з рынкавым? Бо паказьнік, вызначаны Нацыянальным банкам, працягвае паступальны рух у бок 6000 рублёў за даляр. Меркаваньне выказвае доктар эканамічных навук Генадзь Лыч:

курс будзе нейкі час вось так хістацца ...

"Я думаю, што курс будзе нейкі час вось так хістацца. Сёньня рубель абваліўся, а заўтра, магчыма, зноў будуць рабіць, каб ён умацоўваўся. Чаму? Таму што вельмі ж хочацца, каб насельніцтва свае даляры збыло і яны з кішэняў людзей перакачавалі ў банкі ці куды-небудзь у больш утульнае месца, разумееце?

Мяркую, што адна з галоўных мэтаў таго, што зараз адбываецца, -- гэта штучнае паніжэньне курсу даляра. То бок, панізіць яго да 7500, нават 7000 ці 6500, каб потым сказаць насельніцтву: бачыце, зьніжаецца курс даляра, дык бяжыце хутчэй, здавайце, пакуль ён яшчэ адносна высокі. А то пасьля будзеце здаваць даляры па 6000, а можа і па 5500. Прыпужаць крыху. І нават ня столькі прыпужаць, колькі падштурхнуць людзей да такіх дзеяньняў. Але я што хачу сказаць: аднымі толькі фінансавымі рычагамі рубель не ўмацуеш. Рубель тады моцны, калі эканоміка стабільна і пасьпяхова разьвіваецца. А ў нас яна непрадказальная".

Фармальна да зьніжэньня вартасьці беларускага рубля на камэрцыйных таргах спрычыніўся рэзкі дыспарытэт паміж попытам і прапановай на валюту. Такое, дарэчы, здарылася ўпершыню ад сярэдзіны верасьня, -- попыт на амэрыканскую валюту аказаўся ў шэсьць разоў большы, чым прапанавалі прадаўцы. Каб рубель не вярнуўся да першапачатковых лічбаў у 8600, якія былі агучаныя пасьля першых таргоў, Нацыянальны банк зрабіў валютную інтэрвэнцыю ў аб'ёме 13 мільёнаў даляраў.

Зьмена пазыцый неадкладна адбілася на курсах валют, якія камэрцыйныя банкі выстаўляюць у абменных пунктах. Так, у сярэдзіне дня банк "Масква-Мінск" прымаў даляры па 7810 рублёў, тады як напярэдадні толькі асобныя абменьнікі куплялі іх па 7700 рублёў.
Ці можна прагназаваць, што з дэкляраванымі намерамі дасягнуць раўнаважнага курсу да 20 кастрычніка ўладам давядзецца пачакаць? На колькі яшчэ хопіць рэзэрваў Нацбанку, каб стрымліваць рубель на ўзроўні, да якога можа дагнаць афіцыйны курс?

Хутчэй за ўсё, на думку асобных аналітыкаў, дзяржава ўсё ж пастараецца задзейнічаць зьнешнія рэсурсы, каб спыніць узмацненьне замежных валют адносна рубля.

Тым часам, як кажа эканаміст Уладзімер Карагін, грамадзкасьць павінна нагадваць уладам пра тое, што выхад на раўнаважны курс – толькі адно зьвяно ў ланцугу прыярытэтных задач, ускладзеных на кіраўніцтва краіны:

Уладзімер Карагін

"Дый ня толькі гэтая задача – дасягнуць адзінага курсу, а тое, што абавязак ураду – правесьці рэвальвацыю, вярнуць людзям грошы. Яны павінны пра гэта памятаць, а ня проста дзеля птушачкі спыніцца на адзнацы ў 7000 ці 6000. Вось пытаньне ў чым. Як кампэнсаваць людзям пэнсіі, заробкі, рост коштаў і г.д. Украіна і Польшча здолелі ж зрабіць рэвальвацыю валют? Так, натуральна, зрабілі за два гады. Мэта такая павінна быць, у першую чаргу, пастаўленая. І гэта тое, што мы, гаворачы пра фінансавую палітыку, патрабуем ад уладаў. Бо, з аднаго боку, ёсьць рэальны кошт рубля і г.д., а зь іншага – накруткі, дыспрапорцыі, дысбалянсы, якія ўзьніклі практычна на ўсіх рынках: на валютным, на таварным, на скачках коштаў, на рызыках, якія сёньня закладваюцца ў цэны тавараў і паслугаў".

Аляксандар Лукашэнка загадаў ураду і Нацбанку знайсьці "залатую сярэдзіну" вартасьці беларускага рубля максымум да канца кастрычніка. А потым, маўляў, будзе зразумела, у якім кірунку трэба разьвівацца. Днямі прэм'ер-міністар Міхаіл Мясьніковіч запэўніў, што стабільнасьць ўва ўсіх сфэрах эканомікі надыдзе ў 2012 годзе. Праўда, як кажуць эканамісты, на фармаваньне прадказальнай беларускай эканамічнай мадэлі запатрабуюцца значныя зьнешнія ўліваньні, пэрспэктыва якіх пакуль застаецца неакрэсьленай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG