Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Захапі Ўол-Стрыт»: пратэсты супраць зьбядненьня ў ЗША


Тысячы людзей выйшлі апошнімі тыднямі на дэманстрацыі ў Нью-Ёрку, Вашынгтоне, Бостане і іншых амэрыканскіх гарадах, пратэстуючы супраць усё большай розьніцы ў даходах паміж багатымі і беднымі ў ЗША. Самы вялікі пратэст адбыўся 5 кастрычніка ў Нью-Ёрку.

Рух пратэсту нарадзіўся 17 верасьня ў Нью-Ёрку, калі група актывістаў паставіла намёты ў парку на Мангэтане, паблізу фінансавага кварталу вядомага ва ўсім сьвеце як Уол-Стрыт. Група пратэстоўцаў выступала пад лёзунгам «Захапі Ўол-Стрыт», які потым стаў назвай шырэйшага руху пратэсту супраць фінансавых праблемаў ЗША і зьбядненьня насельніцтва, віну за якія ўдзельнікі ўскладаюць на вялікія банкі і фінансавыя карпарацыі.

Вэбсайт руху «Захапі Ўол-Стрыт» акрэсьлівае сябе як «рух супраціву бязь лідэраў», які аб’ядноўвае «99 адсоткаў тых, хто ўжо ня можа цярпець прагнасьці і карупцыі 1 адсотка».

Намётавы пратэст на Мангэтане наогул не заўважаўся амэрыканскімі СМІ да 1 кастрычніка, калі некалькі тысячаў чалавек заблякавалі рух на Бруклінскім мосьце ў Нью-Ёрку. Паліцыя тады затрымала і аштрафавала каля 700 чалавек. Амаль усіх вызвалілі пасьля некалькіх гадзінаў.

Два дні пазьней актывісты кампаніі «Захапі Ўол-Стрыт» дэманстравалі перад нью-ёркскай біржай, пераапранутыя як «карпаратыўныя зомбі». А яшчэ дзень пазьней пратэсты мелі месца перад філіяламі Банку фэдэральнага рэзэрву ў некаторых іншых гарадах.

Эканамічныя экспэрты зьвяртаюць увагу, што эканамічная няроўнасьць у ЗША зараз дасягнула свайго апагею сярод краінаў Захаду: аднаму адсотку найбагацейшых амэрыканцаў належыць амаль 25 адсоткаў нацыянальнага даходу краіны, тым часам як 40 адсоткам амэрыканцаў зь беднага канца сацыяльнай лесьвіцы – усяго 0,3 адсотка гэтага даходу.

Тэндэнцыя паглыбленьня эканамічнай няроўнасьці ў ЗША хутка ўзрастала цягам апошніх 30 гадоў. Паводле эканаміста Пола Кругмана, ляўрэата Нобэлеўскай прэміі, паміж 1979 і 2005 гг. рэальны даход сярэдняй амэрыканскай сям’і павялічыўся ўсяго на 13 адсоткаў, тым часам як рэальныя даходы 0,1 адсотка найбагацейшых амэрыканцаў патроіліся за гэты самы пэрыяд.

У верасьні прэзыдэнт Барак Абама з мэтай зьмяншэньня бюджэтнага дэфіцыту запрапанаваў гэтак званы «мінімальны падатак», які мелі б плаціць усе асобы, чый гадавы даход перасягае 1 мільён даляраў. Прапанова была сустрэтая пратэстамі з боку рэспубліканцаў у Кангрэсе, якія абвінавацілі прэзыдэнта ў намеры разьвязаць «клясавую вайну» ў краіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG