Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі ўрад падпісаў інвэстыцыйную дамову з брытанскай кампаніяй GMC Global Energy plc на будаўніцтва новага калійнага камбіната магутнасьцю звыш 1 мільён тон. Прыватны бізнэс Міхаіла Гуцэрыева складзе канкурэнцыю дзяржаўнаму аб'яднаньню "Беларуськалій".

3 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб замежных інвэстыцыях у беларускія нетры, які прадугледжвае парадак канцэсіяў радовішчаў. Ужо праз два дні была падпісаная дамова з кампаніяй расейскага алігарха Міхаіла Гуцэрыева на здабычу самага прыбытковага беларускага выкапня – хлорыстага калію. Дамовай прадугледжаныя інвэстыцыі ў памеры 1,5 мільярда даляраў. Міхаіл Гуцэрыеў атрымае ў канцэсію тры ўчасткі Старобінскага радовішча калійных соляў, запасы толькі аднаго зь іх – Нежынскага – складаюць 750 мільёнаў тон руды. Чакаецца, што яе здабыча на поўную магутнасьць пачнецца праз 10 гадоў.

У цэлым жа ва ўрадзе спадзяюцца бліжэйшым часам атрымаць 6-7 мільярдаў даляраў замежных інвэстыцыяў у асваеньне беларускіх нетраў.

Незалежны эканаміст Сяргей Чалы называе гэтую лічбу "добрымі пажаданьнямі" ўраду, не болей, а да самой ідэі канцэсіяў ставіцца са скепсісам:

Сяргей Чалы

"Выкарыстаньне канцэсій – гэта такі інструмэнт, які звычайна выкарыстоўваюць зусім маларазьвітыя краіны, гэта такая прыкмета каляніяльнай эканомікі, калі няма ўласнай базы для разьвіцьця здабычы сыравіны, няма тэхналёгій, і тады прыцягваюцца замежнікі".

У Беларусі тэхналёгіі здабычы калійных угнаеньняў існуюць 50 гадоў, на сусьветным рынку пасьпяхова працуе дзяржаўная кампанія "Беларуськалій". Сёлета яна атрымае каля 3 мільярдаў даляраў выручкі, і магла б сама інвэставаць у новыя радовішчы. Пры адной умове – калі б дзяржава не забірала амаль усе прыбыткі "Белкалія". Сяргей Чалы:

"Але ў нас такая сыстэма, калі гэтае прадпрыемства зьяўляецца донарам для ўсёй эканомікі і сродкаў для свайго разьвіцьця амаль ня мае".

Аналітык Тацьцяна Манёнак пагаджаецца з тым, што ўласных рэсурсаў на засваеньне новага радовішча ў "Беларуськалія" няма:

Тацяна Манёнак

"У мяне пытаньне толькі адно ў гэтай сытуацыі: чаму ня быў праведзены тэндэр? Тое, што інвэстара прыцягнулі,-- гэта добра, гэта сусьветная практыка. Але павінны былі абвясьціць празрысты тэндэр. Яго не было, таму і пытаньні ўзьнікаюць".

Адказ на гэтае пытаньне часткова хаваецца за іменем інвэстара – Міхаіл Гуцэрыеў добра вядомы беларускаму кіраўніцтву, ён калісьці валодаў кампаніяй "Слаўнефть", інвэставаў у беларускую нафтаперапрацоўчую галіну і добра ведае спэцыфіку беларускай сытуацыі.

Маскоўскі журналіст Павал Шарамет згадвае, што некалькі гадоў таму ў Гуцэрыева былі праблемы ў Расеі, калі ў яго спрабавалі забраць "Славнефть", у выніку некалькі гадоў той хаваўся за мяжой. Цяпер ён урэгуляваў свае праблемы і ўжо ня лічыцца беглым алігархам, кажа Павал Шарамет:

Павал Шарамет

"Ён ня беглы, але ён і не настолькі ўплывовы і моцны, як спрабуюць яго падаць беларускія СМІ. Грошы ў яго, канешне, ёсьць, але гэта той прадпрымальнік, гэта тыя інвэстыцыі, якія можна назваць рызыкоўнымі. Гэта той праект, які безумоўна абапіраецца на палітычны складнік. Ніхто з упэўненых у сабе расейскіх алігархаў не прыходзіць у Беларусь".

Павал Шарамет мяркуе, што Гуцэрыеў, які няўпэўнена адчувае сябе ў Расеі, спадзяецца зрабіць добры бізнэс у Беларусі за кошт сувязяў з уладай і падтрымкі прэзыдэнта.

"Але рэальныя вялікія грошы ён наўрад ці прынясе. Бо ніхто ў Расеі ня хоча цяпер ўкладваць грошы ў Беларусь, не маючы жорсткіх гарантыяў. Расейскія банкі могуць даць Гуцэрыеву грошы пад заклад ягоных расейскіх актываў, але цяпер, ва ўмовах крызісу, ніхто ня будзе займацца крэдытаваньнем беларускіх праектаў".

Павал Шарамет доступ Гуцэрыева ў закрыты беларускі калійны бізнэс зьвязвае з вострай патрэбай афіцыйнага Менска ў грошах.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG