Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Учора — прадпрымальнік, сёньня — беспрацоўны


Цэнтральны рынак у Гомелі

Цэнтральны рынак у Гомелі

Многія прадпрымальнікі ў рэгіёнах змушаны згортваць свой бізнэс, які ва ўмовах крызісу стаў нерэнтабельным. Учорашнія гандляры становяцца беспрацоўнымі. Зьбяднелае насельніцтва ня можа дазволіць сабе многія тавары, якія з прычыны рэзкай дэвальвацыі рубля ўвесь час даражэюць.

Праўда, падчас учорашняй нарады ва ўрадзе міністар эканомікі Мікалай Снапкоў заявіў, што Беларусь цяпер зробіць малое й сярэдняе прадпрымальніцтва "моцным рухавіком фарміраваньня ўстойлівага эканамічнага росту". Але ці вераць беларускія дробныя бізнэсоўцы гэтаму абяцаньню? Адказы на гэта пытаньне карэспандэнты "Свабоды" высьвятлялі сёньня ў розных рэгіёнах Беларусі.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


"Такія абяцаньні гучаць тады, як у казьне не хапае грошай"

Былы палітвязень Аляксандар Васільеў з Горадні, раней адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху, сёньня займаецца гадоўляй трусоў. Але і ў гэтым бізнэсе таксама сёньня цяжкасьці.

Я папрасіў Аляксандра Васільева адказаць, як ён ацэньвае агучанае жаданьне ўраду абапірацца ў будучыні на прыватны бізнэс?

Аляксандар Васільеў

Васільеў: “Я магу сказаць, калі сьцісла: столькі год хлусьні і крывадушнасьці, і зараз нават калі яны пачнуць і праўду гаварыць, то хто ж ім паверыць? За семнаццаць гадоў ён ужо столькі нагаварыў: ганіў бізнэс, “вашывых блохаў”. А людзі стараліся выжыць, увесь сьвет па такіх законах жыве. Але яны са сваім калгасным сьветапоглядам спрабавалі нейкі ровар вынайсьці. Вось яны цяпер паказваюць, што гэта за ровар. Цяпер, здаецца, і да іх пачало даходзіць, што трэба нешта рабіць, ініцыятыву людзей абудзіць. А як? Калі ў іх крэдыту даверу няма, яны ўсё страцілі. Натуральна, што словы гэтыя выглядаюць як крывадушнасьць. Гэта тое ж самае, як ён казаў пра сумленныя выбары. Ніхто ня верыць! Пры ім нічога ня будзе!”

Аляксандар Васільеў быў арыштаваны за арганізацыю ў Горадні мітынгу прадпрымальнікаў 1 траўня 2004 году. Удзельнікі патрабавалі паляпшэньня ўмоваў жыцьці і працы і адстаўкі Лукашэнкі. Арганізатараў — Валерыя Леванеўскага і Аляксандра Васільева зьняволілі тады на два гады.

"Гэта проста ківок у бок Эўропы, каб яна падумала чарговы раз, што ў Беларусі штосьці павінна зрушыцца з месца"

Намесьнік кіраўніка адной з гарадзенскіх фірмаў спадар Мікола так ацэньвае думку ўраду абаперціся на прыватны бізнэс:

“Не, гэта проста ківок у бок Эўропы, каб яна падумала чарговы раз, што ў
кідаюць костку, яны хапаюцца за яе, пачынаюць абгрызаць, але аказваецца потым, што яна голая, няма ні каліва мяса на ёй ...

нас штосьці павінна зрушыцца з месца. Гэта проста словы і ня больш. Як душылі прыватны бізнэс, так і будуць працягваць душыць, гэта адназначна.
Нашы бізнэсоўцы даволі розныя, калі ўлады ім кідаюць костку, яны хапаюцца за яе, пачынаюць абгрызаць, але аказваецца потым, што яна голая, няма ні каліва мяса на ёй. Але сапраўднага бізнэсу ў нас, можна сказаць, і няма. У нас ёсьць дробныя лавачнікі, якія гандлююць на рынку, ну і, зразумела, ёсьць сярэдні бізнэс, які крыху думае. Я маю на ўвазе прадпрымальнікаў, якія маюць свае фірмы. Цяжка сказаць, як яны адгукнуцца на гэтую прапанову ўраду”.

"Ня веру, што гэты ўрад здольны адмовіцца ад чорнай зайздрасьці …”

Прадпрымальнік Віктар са Сьвіслачы, які займаецца гандлем, адразу заўважае, што падобныя заявы з боку ўраду зьяўляюцца тады, як у казьне не стае грошай. У яго няма ніякай веры ў абяцаньні. Ён таксама гаворыць аб тым, якія наступствы для айчынных прадпрымальнікаў мела ўступленьне Беларусі ў Мытны зьвяз.

"Прадстаўнікі дзяржпрадпрыемстваў заяўляюць, што ім нявыгадна з намі працаваць, а лепш – з Расеяй"

Спадар: “Мы ўжо вельмі добра адчулі ўсё на сабе: цыгарэтаў няма, бо ідуць на Расею, харчоў таксама, і прадстаўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў заяўляюць нам, што ім нявыгадна з намі працаваць,а лепш - з Расеяй”.

Іншы прадпрымальнік з Ваўкавыска спадар Мікалай, які працуе ў сфэры паслугаў, характарызуе стан дробнага бізнэсу ў раённых цэнтрах наступным чынам:

Спадар: “Ледзьве дыхае, яшчэ ў каго гандаль, то больш-менш выжываюць, а калі нехта займаецца паслугамі насельніцтву, то зусім дрэнна. Ну вось цяпер, каб трымацца наплыву, мне трэба падняць кошты ў два разы, але людзі тады ня здольныя плаціць за мае паслугі”.

"Свабодны чалавек будзе трымацца за свой бізнэс і адстойваць яго"

Спадар Мікалай кажа, што для разьвіцьця прыватнага бізнэсу ад дзяржавы вялікіх намаганьня не патрабавалася: дастаткова было даць свабоду прадпрымальніцтву і прыняць законы, якія б не зьмяняліся штомесяц прэзыдэнцкімі дэкрэтамі. Ён ня верыць у тое, што дзяржава зробіць прыватны бізнэс асновай эканомікі.

Спадар: “Гэты ўрад няздольны адпусьціць у сябе чорную зайздрасьць, што нехта нешта будзе зарабляць. А па-другое, свабодны чалавек, калі ён будзе зарабляць грошы, то ён будзе і трымацца за свой бізнэс, будзе адстойваць яго. А гэта ў нашай краіне непатрэбна, прынамсі ў бліжэйшы час”.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


“Ня веру, што хтосьці нас будзе падтрымліваць”

Гомельскія прадпрымальнікі слаба вераць у тое, што дзяржава сапраўды будзе клапаціцца пра разьвіцьцё сярэдняга й дробнага бізнэсу. Паведамляе наш карэспандэнт.

Апавядае спадарыня Галіна, якая многія гады займаецца прадпрымальніцтвам:

“Я наагул ня веру, што хтосьці нас будзе падтрымліваць. Мы хутка ўсе станем банкрутамі, увесь бізнэс. Каму верыць? Чаму верыць? Яны заяўлялі й заяўляюць. І шмат абяцалі. А да чаго краіну прывялі? І бізнэс да чаго прывялі? Мы ж узаемазьвязаны з народам. У людзей няма грошай. У нас — вар’яцкая арэндная плата. Мы нічога ня можам выручыць, атрымаць хоць які прыбытак. Нічога!”

"Дзяржава пэрыядычна паралізуе разьвіцьцё малога бізнэсу"

Прадпрымальніца лічыць, што перадусім эканоміка павінна вынікова працаваць:

Нельга, каб чалавек сядзеў столькі гадоў, прывёў краіну да краху й працягваў кіраваць ...

“Эканоміка павінна працаваць. Уладу трэба мяняць – тады й будзе нармальна. Нельга, каб чалавек сядзеў столькі гадоў, прывёў краіну да краху й працягваў кіраваць. Усе вінаваты, апроч яго. Гэта страшна: усе вінаваты! Хтосьці там скупіў грэчку, хтосьці тое ды іншае – і ўсе вінаватыя. Хто нас будзе падтрымліваць?!”

Сваімі неадэкватнымі эканамічнымі захадамі дзяржава пэрыядычна паралізуе разьвіцьцё малога бізнэсу. То нельга прадпрымальніку мець наёмнага працаўніка, то сэртыфікаты не супадаюць, то падаткі такія, што людзі за галаву хапаюцца. Апошні моцны ўдар быў зьвязаны з сытуацыяй на валютным рынку.

"Стаіш на рынку, а папераў у цябе, як у дырэктара заводу…"

Спадар Мікалай: “Я сам не працаваў чатыры месяцы. Зноў жа – папяровая валакіта. Стаіш тут, на рынку, а папераў у цябе, як у дырэктара заводу. Дапусьцім, сшытак руху тавараў, у якім усе блытаюцца, не разумеюць. А за гэта такія штрафы – проста каравул. Вось гэтая бугальтэрыя, штрафныя санкцыі, якія на нас вешаюць за самае дробнае парушэньне, - гэта моцна тармозіць”.


Даведка "Свабоды"


Паводле Міжнароднай фінансавай карпарацыі (МФК), у Беларусі тры чвэрці суб'ектаў малога і індывідуальнага прадпрымальнітцва адчулі на сабе ўплыў эканамічнага крызісу. Найбольш частымі наступствамі сталі зьніжэньне аб'ёмаў продажу, зьмяншэньне заказаў, затрымка аплаты пастаўленай прадукцыі, пагаршэньне умоваў крэдытаваньня пастаўшчыкамі й банкамі.

У гэтых умовах больш за 70% індывідуальных прадпрымальнікаў, якія трапілі пад уплыў крызісу, адмовіліся ад плянаў па пашырэньню свайго бізнэсу. Каля паловы ІП чакаюць да канца 2011 году далейшага пагаршэньня вынікаў сваёй дзейнасьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG