Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Прадстаўнікі 22 аргкамітэтаў па правядзеньні народных сходаў у розных гарадах Беларусі, якія заплянаваныя на 8 кастрычніка, накіравалі запрашэньні мясцовым уладам. Рэакцыі пакуль няма, калі не лічыць санкцыянаваныя ўладамі затрыманьні і суды над арганізатарамі кампаніі і актывістамі.

За тры дні да народных сходаў арганізатары не бяруцца прагназаваць, наколькі масавымі будуць гэтыя акцыі. Сустаршыня аргкамітэту Генадзь Фядыніч, у прыватнасьці, кажа, што ў аргкамітэту няма такіх рэсурсаў, каб данесьці інфармацыю да кожнага. Зрабілі ж тое, што змаглі. Арганізатары заклікалі далучыцца да сходаў актывістаў акцыі "Стоп-бэнзін", удзельнікаў маўклівых пратэстаў, усіх, хто хоча пераменаў.

Віктар Івашкевіч
"З маленькіх унёскаў соцень і тысяч людзей будзе нашая вялікая агульная справа, – кажа другі сустаршыня аргкамітэту Віктар Івашкевіч. – 8 кастрычніка – гэта пачатак кампаніі, і ад колькасьці удзельнікаў будзе залежаць і ўзровень легітымнасьці прынятых рашэньняў, і далейшы посьпех. Чым больш магутны будзе старт, тым больш магутнае будзе разьвіцьцё... Пратэстны настрой расьце, але шмат якім людзям важна, каб хтосьці зрабіў першы крок. Восьмага мы робім першы крок".

Для абмеркаваньня на мясцовыя сходы вынесеныя пераважна сацыяльна-эканамічныя праблемы, такія як рост цэнаў, але гучаць таксама і патрабаваньні вызваленьня палітвязьняў, правядзеньня вольных выбараў. Гаворыць прадстаўнік БХД Дзяніс Садоўскі:

Дзяніс Садоўскі
"Мы таксама лічым важным тлумачыць людзям, якія будуць удзельнічаць у гэтых сходах, наўпростую сувязь паміж вызваленьнем палітвязьняў, свабоднымі выбарамі і іх дабрабытам, тым, што будзе адноўлены рост эканомікі і павялічыцца колькасьць грошай у іх кішэнях. Галоўнае, што мы хацелі б данесьці да людзей на гэтых сходах, – тое, што без свабоды ня будзе каўбасы".

Паводле Генадзя Фядыніча, у 22 гарадах Беларусі актывісты запрасілі на 8 кастрычніка кіраўнікоў мясцовых уладаў, каб яны выступілі перад людзьмі. У тым ліку ў Менску на 13-ю гадзіну на плошчу Бангалор запрасілі старшыню гарвыканкаму Мікалая Ладуцьку. Зьвестак пра рэакцыю уладаў на запрашэньні прыйсьці на сходы ў арганізатараў няма. У Менскім гарвыканкаме "Свабодзе" паведамілі, што рашэньне наконт таго, ці прыйдзе хто з кіраўніцтва на мясцовы сход, пакуль не прынятае.

Генадзь Фядыніч паведаміў пра іншую рэакцыю мясцовых уладаў:
"Гэта якраз крок да дыялёга грамадзян з уладамі. Грамадзяне ўсё робяць у адпаведнасьці з законам аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах, але ўлада на месцах якраз наадварот робіць: затрыманьні, ператрусы і канфіскацыю ўлётак".

Наступны суд над актывістам аргкамітэту народнага сходу Артурам Эшбаевым пройдзе ў Смалявічах перад самай акцыяй – 7 кастрычніка. Усяго ад рэпрэсіяў уладаў пацярпелі 12 сябраў аргкамітэтаў народных сходаў. Аргкамітэт абскардзіў гэтыя дзеяньні ўладаў у Генэральнай пракуратуры, Вярхоўным судзе і МУС. Мэты сваёй працы ён патлумачыў і ў адмысловых лістах замежным амбасадарам, акрэдытаваным у Беларусі.

Генадзь Фядыніч
Нягледзячы на неразуменьне і ўціск уладаў, Генадзь Фядыніч заявіў, што мясцовыя сходы ў любым выпадку будуць праведзеныя 8 кастрычніка ў строгай адпаведнасьці з законам. Віктар Івашкевіч зазначыў, што сходы адбудуцца, нават калі ўлады затрымаюць іх арганізатараў, ці калі нехта зойме ці "замініруе" абвешчаныя пляцоўкі – арганізатары прадугледзелі запасныя варыянты. Учарашнія папраўкі ў закон аб масавых мерапрыемствах паўплываць на народныя сходы таксама ня могуць, бо яны рэглямэнтуюцца іншым законам,– перакананы Генадзь Фядыніч.

Сустаршыня аргкамітэту Віктар Івашкевіч паведаміў, што ў панядзелак ў Менск зьедуцца прадстаўнікі ўсіх мясцовых сходаў, каб занесьці ўхваленыя патрабаваньні ва ўрад.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG