Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лявонці Зданевіч: «Мы не змаглі б утрымаць уладу»


20 гадоў таму — 25 жніўня 1991 году — Беларусь здабыла незалежнасьць. За дакумэнтам, які стаў падмуркам нашай свабоды, — лёсы людзей. Сваім жыцьцём яны пісалі гісторыю — верылі і змагаліся, любілі і ненавідзелі. А ў спадчыну дзецям пакінулі цэлую краіну. Як склаліся лёсы тых, хто зрабіў Беларусь незалежнай? Як ацэньваюць зробленае іх дзеці? Пра гэта ў праграме «Бацькі і дзеці беларускай незалежнасьці» штотыдзень у эфіры і на сайце Радыё Свабода.

Лявонці Зданевіч — архітэктар, бізнэсмэн, кіраўнік сталічнай архітэктурнай майстэрні, у Вярхоўны Савет 12 скліканьня прыйшоў моцным прафэсіяналам, перакананым прыхільнікам прыватнай уласнасьці і радыкальных эканамічных рэформаў і… рамантыкам.

Лявонці Зданевіч: «Безумоўна, гэта быў пэрыяд рамантызму. Ня толькі ў мяне асабіста, але, думаю, ва ўсёй Беларусі. Я ў той час быў даволі маладым чалавекам, і ў пэўнай ступені рамантызм для мяне азначаў максымалізм».

Сёньня ўжо можна казаць пра пэўныя памылкі, зьвязаныя з гэтым максымалізмам, недастатковую тактыку, якая магла б прывесьці да лепшых вынікаў, бо вынікі нам вядомыя ўсім на сёньняшні дзень. Але ж вельмі цяжка думаць, што каб мы па-іншаму сябе паводзілі, напрыклад, у Вярхоўным Савеце, то вынік мог бы быць іншым«.Юры Беленькі, Лявонці

Авальная заля. Ля мікрафону - дэпутаты Лявонці Зданевіч, Зянон Пазьняк і Мікалай Крыжаноўскі. 1991.



На выбарах у Вярхоўны Савет супернікам маладога дэмакратычнага кандыдата быў тагачасны кіраўнік беларускіх прафсаюзаў Уладзімер Ганчарык, за якім стаяў магутны рэсурс савецкай намэнклятуры:

Лявонці Зданевіч: «Я заўсёды меў актыўную грамадзянскую пазыцыю і ўдзельнічаў у розных грамадзкіх дзеяньнях. Але гэта і час быў своеасаблівы. У нашай арганізацыі Белдзяржпраект, дзе я тады працаваў, была суполка БНФ. І вылучаўся тады Валодзя Папруга ў дэпутаты, а я быў у яго ў камандзе. Атрымалася так, што абвесьцілі другі тур, і калектыў мяне вылучыў, прычым і партыйная арганізацыя, і прафсаюз, і суполка фронту — усе вылучылі. Людзі мне паверылі і падтрымалі. Можа, таму, што мой супернік, Ганчарык Уладзімер Мікалаевіч, які ўзначальваў тады беларускія прафсаюзы, альбо ягоныя памагатыя, выкарысталі ўсе — і нават брудныя — магчымасьці супраць мяне. Але гэта спрацавала наадварот.

Я ўжо апошнім абіраўся, і змаганьне было жорсткае, таму што ў партыйных органах было шмат рэзэрваў. Усе выбары скончыліся, адна толькі акруга засталася ў Менску, і на яе накіравалі ўсе сілы. Міліцыя заходзіла ў кожную кватэру, каб агітаваць супраць мяне. Мне пра гэта казаў ужо пасьля дэпутат Цесавец, які ў залі паседжаньняў сядзеў побач са мной. А ў апошнія дні супраць мяне аж тры лістоўкі, вельмі брудныя, непрыгожыя, раскідалі…»
Тэхніка, якую ў майго дзеда забралі, у калгасе да 70-х гадоў працавала.

Гэта быў час перабудовы, пераасэнсаваньня памылак і злачынстваў савецкай ідэалёгіі. Ва ўладу сьвядома прыходзілі ўнукі і дзеці тых, чые перакананьні і сам лад жыцьця раней жорстка перасьледаваліся.

Лявонці Зданевіч: «Я нарадзіўся ў Бярэсьці. Мае блізкія не былі рэпрэсаваныя, але гэта выпадкова — проста пашанцавала майму дзеду. Па-першае, рэпрэсіі ў Заходняй Беларусі пачаліся пасьля вайны, а гэта ўжо ня той узровень, як у 1937 годзе. Яны былі ўсё ж такі мякчэйшыя.

Сабраўся сход, на якім майго дзеда Ўльяна (гэта такое традыцыйнае імя ў нашай сям’і) таксама запісалі ў кулакі. Але ж сярод актывістаў-камсамольцаў быў наш сваяк Сільвестар, таксама Зданевіч, бо гэтае прозьвішча на захад ад Брэста вельмі распаўсюджанае. І ён вельмі прыгожа, з натхненьнем выступіў у абарону дзеда. Казаў, што дзед сам працуе. І дзеда скасавалі з гэтага сьпісу.

Потым яго запрашалі стаць старшынём калгасу, але ён не пайшоў ніводнага дня. Але забралі ўсю сельскагаспадарчую тэхніку амэрыканскую, якую дзед калісьці набыў, — малацілкі, веялкі. Я іх сам бачыў у калгасе, бо яны працавалі, не памылюся, калі скажу, што да 70-х гадоў».

Падчас дэпутацтва Лявонці Зданевіч уваходзіў у камісію ВС па пытаньнях архітэктуры, будаўніцтва, вытворчасьці будаўнічых матэрыялаў і жыльлёва-камунальнай гаспадаркі сяла і горада, а таксама ў камісію ВС па адукацыі, культуры і захаваньні гістарычнай спадчыны. Па ягоных словах, гэта быў важны, але вельмі складаны пэрыяд жыцьця:

Лявонці Зданевіч, Зянон Пазьняк, Уладзімер Новік. 1992 г.

Лявонці Зданевіч: «Здароўя там ніхто з нас не знайшоў. Калі чалавек некалькі гадоў у стрэсавай сытуацыі знаходзіцца пастаянна, гэта няпроста. А на самой справе так было, бо нас, апазыцыі, было тры дзясяткі чалавек. Было цяжка, таму што лёгіка не працавала, аргумэнты не працавалі. Трэба было выкарыстоўваць нейкія „спартыўныя“, „псыхалягічныя“ хады, каб дасягнуць выніку. Я ніколі не забуду, як Валянцін Голубеў аднойчы зрабіў на галасаваньні. Ветэраны і так званая „большасьць“ дэпутатаў на паседжаньнях ад стомленасьці амаль што засыналі, і Голубеў прапанаваў галасаваць супраць нашай прапановы. А яны звыкліся, што трэба рабіць роўна наадварот — і прагаласавалі за тое, што нам трэба».
У Вярхоўным Савеце лёгіка не працавала.

Зямельнае пытаньне дагэтуль застаецца ключавой катэгорыяй палітычнай дзейнасьці, і разьмяжоўвае прыхільнасьці нашых выбарцаў паміж тымі, хто за і супраць прыватнай уласнасьці на зямлю.

Лявонці Зданевіч: «Аграрнікі заўжды абураліся, чаму гарадзкі архітэктар лезе ў нашыя пытаньні. Яны лічылі, што ўласнасьць на зямлю — абсалютна аграрнае пытаньне. А гэта вялікая памылка, і сёньня нам відавочна, што зямля зьяўляецца базісам любой дзейнасьці, любой вытворчасьці. Я архітэктар, і безумоўна, мне гэтыя пытаньні былі вельмі блізкія.

Працуючы ад апазыцыі, я заўсёды прапаноўваў павышаць падаткі на зямлю, на нерухомасьць. Лічу, што гэта і ёсьць рынкавы мэханізм рэгуляцыі адносін уласнасьці на зямлю. І Лукашэнка быў адным з тых, хто апаніраваў мне ў гэтых пытаньнях. Але як бачыце, сёньня ён выкарыстаў «на ўсю катушку» магчымасьці спагнаньня падаткаў на зямлю. А тады гэта быў папулізм. Любая прапанова рынкавага кірунку выклікала абурэньне — «як гэта так, мы прымусім бедных сялян плаціць?!» А нармальныя падаткі, у тым ліку і на сельскагаспадарчую зямлю, вызвалілі б гэтую зямлю — і зьявіўся б рынак зямлі.

Беларусам укладаюць у галаву і тады і цяпер, што яны бедныя і нічога ня маюць. У мяне іншы погляд: галоўны рэсурс, які сёньня трэба разглядаць і ў Эўропе, і ва ўсім сьвеце, — гэта тэрытарыяльны рэсурс. Гэта вада пітная, якой мы багатыя вельмі. Я ўжо не кажу пра інтэлектуальны ўзровень насельніцтва і г.д., але ж мы валодаем галоўнымі рэсурсамі. І кліматычны рэсурс у нас выдатны. Вазьміце глёбус і паглядзіце, дзе вы пабачыце яшчэ такія зялёныя землі, як наша? Можа, працэнтаў 20-30 зямлі ёсьць на плянэце, дзе можна вырошчваць нешта не паліваючы. Мы найбагацейшая краіна па рэсурсах. Але ж людзям укладалі ў галаву, што мы бедныя, мы без Расеі ня можам, што ў нас адны лапці і больш нічога.

Візыт беларускіх дэпутатаў у ЗША па пэрсанальным запрашэньні амэрыканскіх кангрэсмэнаў. 1992 г. Уладзімер Заблоцкі, Лявонці Зданевіч, Леанід Прывалаў, Уладзімер Станкевіч, Віктар Ганчар.

Я вам магу сказаць (гэта, можа, «ваенная тайна», якую КДБ хавае ад нашых людзей, а яны самі добра, напэўна, гэта ведаюць, проста людзям ня кажуць) — нашая краіна даволі багатая і выкапнямі«.

Радыё Свабода: «То бок нафта ў нас усё ж недзе ёсьць?…»

Лявонці Зданевіч: (сьмяецца) «Акрамя нафты ёсьць шмат чаго цікавага».

Лёс некаторых дэпутатаў апазыцыі пасьля фактычна прымусовага адыходу ад палітычнай дзейнасьці склаўся па-рознаму.

Лявонці Зданевіч: «Я назіраў асабіста трагедыю гэтых людзей. Выдатныя спэцыялісты з галавой, з адукацыяй у нашай краіне ня могуць знайсьці сабе месца, краіна іх адштурхоўвае. І яны не абароненыя і з пункту гледжаньня сацыяльнага, маральнага. Апазыцыйныя лідэры навідавоку — яны вядомыя, за іх могуць закінуць слоўца замежныя палітычныя лідэры, неяк абараніць. А многіх людзей, якія вельмі моцна працавалі на ідэю незалежнасьці, ніхто і ня ведае цяпер. Яны пазбавіліся працы, праблемы ў сем’ях мелі. І тым больш, што два дзясяткі гадоў, а то і болей гэтыя людзі знаходзяцца ў стане безвыніковасьці, адсутнасьці станоўчых вынікаў сваёй дзейнасьці — гэта ў маральным сэнсе вельмі цяжка Сэрца баліць, калі думаю пра гэтых людзей. Таму што я асабіста абаронены сваёй прафэсіяй».

Вясельле Алены і Лявонція Зданевічаў. 1992 г. Зьлева направа Валянцін Голубеў, Зянон Пазьняк, Юры Беленькі, Алена і Лявонці Зданевічы.

Радыё Свабода: «Як Ваш бізнэс разьвіваўся пасьля таго, як пайшлі з Вярхоўнага Савету?"

Лявонці Зданевіч: «Я ўжо быў даволі дасьведчаным архітэктарам, калі стаў дэпутатам І потым я прымаў удзел у ценевым урадзе, але усё ж такі выбар давялося рабіць, бо вялікая сям’я, шмат дзяцей і старых вакол мяне. Я выбар зрабіў, і не шкадую. Мне трошкі сорамна, што я не на тых барыкадах, ня побач зь людзьмі, якія зараз сабой ахвяруюць. Удзел прымаю ў мітынгах разам зь дзецьмі — дзеці мае ня могуць не хадзіць са мной. Але фактычна я аддаю сябе цалкам прафэсійнай працы, архітэктуры, і іншы раз я думаю, што мой унёсак у матэрыяльную культуру Беларусі ўсё ж такі ёсьць. І невядома, ці я б больш зрабіў для Беларусі, калі быў палітыкам».

Пасьля канцэнтру Мсьціслава Растраповіча. Перакладчыца спн. Натальля, Уладзімер Заблоцкі, Лявонці Зданевіч, Мсьціслаў Растраповіч, Уладзімер Станкевіч, Віктар Ганчар. 1992 г.

Радыё Свабода: «Чым вы ганарыцеся з таго, што давялося збудаваць?»

Лявонці Зданевіч: «Я шмат пабудаваў прыватных аб’ектаў, якія прымусілі беларусаў асэнсаваць эстэтыку і філязофію прыватнага дому. А зь вялікіх аб’ектаў я зрабіў рэканструкцыю комплексу будынкаў Беларускай чыгункі. Будынак Украінскай амбасады — таксама мой аб’ект. Зараз праектую пасёлак Сонечны. Гэта цэлы жылы раён з новай філязофіяй. Ён пабудаваны як сыстэма таўнхаусаў — гэта зблякаваныя невялікія дамы».

Прэм’ер-міністар Украіны Віктар Юшчанка і пасол Украіны ў Беларусі Анатоль Дронь уручаюць Лявонцію Зданевічу ганаровую грамату прэзыдэнта Ўкраіны за «сумленную працу і значны ўнёсак у разьвіцьцё і ўмацаваньне ўкраінскай дзяржавы». 2000 г.

Сям’я ў Лявонція Зданевіча сапраўды вялікая — чацьвёра дзяцей. Дзве старэйшыя дачкі сталі архітэктарамі, сын — будаўніком. Найменшая дачушка яшчэ мае час, каб вызначыцца, кім быць, калі вырасьце.
Нават Дземянцей у мяне прасіў чаранкі ад яблынь.

Лявонці Зданевіч: «Маленькае дзіцятка маю — 9 гадоў. Бог даў нам такое дзіцятка, цуд такі, самае любімае, зразумела. Яна малюе, музыкай займаецца».

Радыё Свабода: «А самому ўдалося рэалізаваць ідэю прыватнага дому?»

Лявонці Зданевіч: «Я жыву ў сваім доме, ён яшчэ дабудоўваецца. Маю сад. Захапляюся садаводзтвам, і мае калегі-дэпутаты гэта памятаюць. Нават Дземянцей у мяне прасіў чаранкі ад яблынь».

Лявонці Зданевіч у сваім садзе.

Дачка Марыя кажа пра свайго бацьку зь безумоўным захапленьнем:

Марыя: «Я расла ў звычайнай кватэры, але мы мелі дачу. І там, канечне, у нас быў маленькі рай на чатырох сотках — такія памідоры і такія ігрушы былі. Мой тата вельмі таленавіты ў гэтай галіне. Увогуле, ён вельмі працавіты чалавек, я нават ня бачыла ніколі больш працавітага чалавека, чым мой тата. Гэта, напэўна, самае найлепшае, што я магла ўзяць ад яго ў гэтае жыцьцё».

Васіль Мельяновіч у гасьцях у сям’і Зданевічаў. Дзеці: Валодзя, Надзея і Маша. 1992 г.

Марыя таксама архітэктар і, папрацаваўшы ў дзяржаўных установах, прыйшла на працу ў бацькаву фірму.

Лявонці Зданевіч: «Я быў супраць, але так атрымалася. Прафэсія архітэктара няпростая, нялёгкая. Нават мне нялёгка ў гэтым канкурэнтным асяродзьдзі знаходзіцца. А жанчыне тым больш цяжэй».

Марыя: «Я проста вырашыла, што мне зручна ад яго набірацца нейкага досьведу, чаго я не магла зрабіць у дзяржаўных установах. Я толькі пачынаю сваю працоўную кар’еру, таму вырашыла, што будзе больш свабоды, але гэта не зусім так… З бацькам таксама цяжка працаваць. Ён патрабавальны. Мы маем розныя погляды на адны і тыя ж рэчы, але ў яго больш досьведу. Таму я часта проста раблю, як ён хоча, і ўсё».
Для мяне не было іншага выбару — выходзіць на плошчу 19 сьнежня ці не.

Лявонцію Зданевічу напоўніцу ўдаецца захапіць сваіх дзяцей прафэсыяй, перадаць ім ня толькі працоўныя навыкі, але і маральныя і палітычныя прынцыпы:

Марыя: «Я расла побач зь ім. Палітыка ёсьць у маім жыцьці гэтаксама, як і ў ягоным. Можа, я ня так актыўна ўдзельнічаю. Канечне, для мяне не было іншага выбару, напрыклад, выходзіць на плошчу 19 сьнежня ці не. Я зьдзіўляюся, чаму 20 сьнежня людзі ня выйшлі пасьля таго, як столькі апынулася ў турмах. Я не разумею гэтага. Я лічу, што генацыд пачынаецца з таго, як простыя людзі абыякава ставяцца да таго, што адбываецца побач».

Беларускія дэпутаты каля помніка Тадэвушу Касьцюшку ў Вашынгтоне. 1992 г.

Лявонці Зданевіч: «Час ад часу я думаю, а што было б, калі б мы дамагліся ўлады. І думаю, што не змаглі б мы яе ўтрымаць, бо грамадзтва яшчэ не падрыхтаванае. Можа, Беларусі трэба прайсьці вось такі цяжкі шлях выпрабаваньняў, нават пакут, каб дасьпела грамадзкая думка.

Таму я не шкадую ні пра што абсалютна, што тычыцца асабіста мяне. Магу толькі шкадаваць, і ў нейкім сэнсе мне сорамна, што я адышоў ад палітыкі, зараз практычна ёй не займаюся, а займаюся сваёй прафэсіяй. Але ж магу сказаць у сваё апраўданьне, што я і ў той час займаўся палітыкай ня ў мэтах палітычнай кар’еры. Хацелася, вельмі хацелася, каб наша Беларусь стала незалежнай краінай, вельмі хацелася, каб гэтая камуністычная сыстэма сканала. Таму што я прыхільнік прыватнай уласнасьці, я абсалютна веру ў асабістыя якасьці людзей, у іх энэргію, у тое, што няма альтэрнатывы асабістай зацікаўленасьці чалавека. Капіталізм можа быць таксама розным, але ніхто лепш не прыдумае за тое, каб кожны чалавек быў зацікаўлены ў выніках сваёй працы, і гэтая зацікаўленасьць абараняецца дзяржавай, якую мы ўтвараем і беражом».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG