Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што адбываецца на валютным рынку?


Ужо амаль тры тыдні працуе дадатковая сэсія Беларускай валютна-фондавай біржы. Ці зьяўляецца рынкавым абменны курс беларускага рубля, які вызначаецца там? У чым прычыны узмацненьня нацыянальнай валюты? Якія пэрспэктывы валютнага рынку?


Удзельнікі: экспэрт Беларускага эканамічнага дасьледча-адукацыйнага цэнтру Зьміцер Крук і эканаміст Сяргей Чалы.

Сяргей Чалы
Зьміцер Крук
Валер Карбалевіч


Ці зьяўляецца рынкавым абменны курс рубля?


Валер Карбалевіч: «З пачаткам таргоў на дадатковай сэсіі Беларускай валютна-фондавай біржы абменны курс беларускага рубля ўмацаваўся. Насуперак прадказаньням многіх экспэртаў. Таму першае пытаньне, без адказу на якое цяжка рабіць пэўныя высновы. Ці зьяўляецца рынкавым абменны курс беларускага рубля, які вызначаецца там? Ці ён зьяўляецца штучным, вынікам адміністрацыйнага ўзьдзеяньня Нацбанку?»

Зьміцер Крук: «Тэрмін „рынкавы курс“ не зусім пасуе да дадзенага пытаньня. Можна сказаць, што цяперашні курс на дадатковай сэсіі Беларускай валютна-фондавай біржы рынкавы. Існуюць плёткі, што Нацбанк імкнецца ўзьдзейнічаць на ўзровень курсу. Але ў мяне такой інфармацыі няма.

Больш важнае пытаньне: наколькі цяперашні курс адпавядае фундамэнтальнаму ўраўнаважанаму курсу, які адлюстроўвае стан эканомікі? Я б адказаў на гэтае пытаньне станоўча».

Сяргей Чалы: «У мяне таксама няма фактаў, што Нацбанк рэгулюе курс нейкімі адміністратыўнымі рычагамі. Была купля замежнай валюты Нацбанкам, што стрымлівала падзеньне курсу даляру. Курс складваецца пад уплывам попыту і прапановы. У гэтым сэнсе ён зьяўляецца рынкавым.

Іншая справа, што курс рубля усё яшчэ не раўнаважны, ён вышэй за той узровень, які павінен быў бы існаваць. Бо ня трэба забываць, што ў нас існуе яшчэ асноўная сэсія, дзе курс адрозьніваецца больш, чым на трэць. Там адбываецца канфіскацыйны продаж 30% валютнай выручкі. Адпаведна, 70% астатняй валюты павінны прадавацца даражэй за той курс, які быў бы, калі б гэта была адзіная сэсія».

Карбалевіч: «Ці існуе чорны рынак?»

Чалы: «Наяўны рынак фактычна спыніў сваё існаваньне. Бо валюта зьявілася ў абменьніках. Цікава, што калі курс куплі валюты ў абменьніках ўстанаўліваўся на ўзроўні звыш 8 тысяч рублёў за даляр, то насельніцтва актыўна прадавала валюту. А калі банкі куплялі ніжэй 7 тысяч рублёў за далар, то людзі спынілі продаж валюты. Значыць паміж 7 і 8 тысячамі рублёў за даляр і знаходзіцца той курс, які балянсуе.

А безнаяўны чорны рынак легальна існаваць ня можа, бо забаронены. Але ён існуе за межамі Беларусі. На карэспандэнцкіх рахунках замежных банкаў ажыцьцяўляюцца канвэрсійныя апэрацыі. Але там курс таксама блізкі да таго, які складваецца на дадатковай сэсіі. Што зьяўляецца яшчэ адным пацьверджаньнем яго рынкавасьці».

Прычыны узмацненьня нацыянальнай валюты


Карбалевіч: «У чым прычыны нечаканага для многіх узмацненьня беларускага рубля? Куды ж падзеўся ажыятажны, спэкуляцыйны попыт? Калі цяперашні курс на дадатковай сэсіі Беларускай валютна-фондавай біржы рэальны, то чаму ўлады не перайшлі да стварэньня такой сэсіі ў красавіку, як плянавалі?»

Крук: «Асноўная прычына ўмацаваньня беларускага рубля палягае ў тым, што ліквідавана сытуацыя няпэўнасьці, нявызначанасьці, якая існавала некалькі месяцаў. Бо суб’екты гаспадараньня, фізычныя асобы закладвалі ў курс каэфіцыент рызыкі. Я б заўчасна не ўпадаў у эўфарыю. Ня думаю, што эфэкт будзе працяглым. Не выключаю, што хутка мы можам сутыкнуцца з адваротнай тэндэнцыяй. Бо існаваньне дзьвюх сэсій на біржы не зьяўляецца ідэалам. Гэта нейкі кароткачасовы, прамежкавы інструмэнт».

У красавіку не стварылі такой сэсіі таму, што ніхто не хацеў браць ня сябе адказнасьць, калі яе не бярэ прэзыдэнт.
Чалы: «У красавіку не стварылі такой сэсіі таму, што ніхто не хацеў браць ня сябе адказнасьць, калі яе не бярэ прэзыдэнт. Падмена рынку адміністратыўным рэгуляваньнем дало адмоўны эканамічны эфэкт. І далей цягнуць з адкрыцьцём дадатковай сэсіі ўжо ня мела сэнсу.

Усе пытаюцца, чаму курс рубля умацаваўся. Але ніхто не задаецца пытаньнем, чаму курс рубля ўпаў у жніўні. Пасьля травеньскай дэвальвацыі два месяцы курс рубля фактычна стаяў на месцы, калі і слабеў, то ўровень з інфляцыяй, да 6500-7000 за даляр. А ў жніўні даляр узьляцеў да 9 тысяч. Гэты пералёт адбыўся з-за заяваў і дзеяньняў уладаў. А калі зьявілася дадатковая сэсія, то курс рубля адпаведна ўзмацніўся. Трэба адзначыць, што з траўня мы маем нулявы ці слаба станоўчы замежнагандлёвы балянс. То бок у вонкавым гандлі ў нас дасягнута раўнавага».

Якія пэрспэктывы валютнага рынку?


Карбалевіч: «Якія пэрспэктывы валютнага рынку? Ці зьменіцца той трэнд на дадатковай сэсіі Беларускай валютна-фондавай біржы? На якім узроўні зафіксуецца адзіны абменны курс рубля? Што далей?»

Крук: «Улады імкнуцца затармазіць рост цэнаў. Напрыклад, стрымліваюцца цэны на камунальныя паслугі, а таксама тарыфы для прадпрыемстваў на энэрганосьбіты. Яны часткова прывязаны да афіцыйнага курсу рубля. То бок можна казаць, што інфляцыйны патэнцыял у эканоміцы яшчэ ня вычарпаны. Калі ў бліжэйшыя 1-2 месяцы намінальны курс беларускага рубля будзе заставацца на адным узроўні, а рост цэнаў будзе працягвацца, то рэальны курс (гэта курс, скарэктаваны на дынаміку цэнаў) будзе ўмацоўвацца. Гэта небясьпечная тэндэнцыя для зьнешняга гандлю.

Дэвальвацыя паўплывала на скарачэньне інвэстыцыйнага і спажывецкага імпарту. А на скарачэньне імпарту прамежкавых тавараў (энэргарэсурсы, сыравіну) дэвальвацыя паўплывала неістотна. Гэта тармозіць адаптацыю эканомікі да новага ўзроўню абменнага курсу.
Мы можам апынуцца ў тым жа замкнёным коле, у якое мы трапілі ў пачатку году.

Рост экспарту тлумачыцца ня толькі эфэктам дэвальвацыі, але і спрыяльнай каньюнктурай на зьнешніх рынках. І калі абменны курс рубля будзе ўмацоўвацца, то тэндэнцыі ў зьнешнім гандлі могуць хутка зьмяніцца. Адмоўныя тэндэнцыі ў сусьветнай эканоміцы могуць таксама прывесьці да зьмяншэньня попыту на беларускую прадукцыю. Усё гэта будзе выклікаць неабходнасьць дадатковай дэвальвацыі. Мы можам апынуцца ў тым жа замкнёным коле, у якое мы трапілі ў пачатку году».

Чалы: «Калі адзіны абменны курс рубля, які нам хутка абяцаюць, будзе ўстанаўлівацца такім мэтадам, як цяпер на дадатковай сэсіі, то бок ён будзе плаваючым, то з ростам інфляцыі будзе аслабляцца і намінальны курс рубля. Як паказаў досьвед 1990-х гадоў, так жыць можна доўга. Але гэта небясьпечна для эканомікі.

Апошнімі месяцамі ў нас адбылася радыкальная зьмена мадэлі эканомікі. Замест стымуляваньня ўнутранага спажываньня эканоміка пераарыентавалася на вонкавы попыт. Гэта адбылося за кошт падзеньня ўзроўню жыцьця насельніцтва.

Зь пераходам да адзінага курсу адбудзецца афіцыйная дэвальвацыя. Калі адзіны курс будзе фіксаваны, прывязаны да даляра ці кошыка валют, то гэта небясьпечна. Калі адбудзецца рост заробкаў, а працэнтная стаўка Нацбанку ня будзе павышацца, то нас чакае інфляцыя памерам каля 10% у месяц. А гэта патэнцыял для новай дэвальвацыі.

Цяпер галоўная пагроза — гэта голавакружэньне ад першых посьпехаў. Калі здаецца, што першыя вынікі макрастабілізацыі ёсьць, і можна, як і раней, пераходзіць да інфляцыйнай напампоўкі эканомікі».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG