Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хэркель: Я з задавальненьнем сустрэўся б з Алесем Бяляцкім


Andres Herkel
Andres Herkel
У Страсбуры ў рамках сэсіі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы абмеркавана сытуацыя ў Беларусі. Падчас адмысловых слуханьняў выступіў новы дакладчык Асамблеі па Беларусі, эстонскі дэпутат Андрэс Хэркель.

У пасяджэньні бралі таксама ўдзел эўракамісар па правах чалавека Томас Гамарбэрг і беларускія праваабаронцы Тацяна Равяка і Ўладзімер Лабковіч. Андрэс Хэркель зрабіў агляд сытуацыі ў Беларусі. Ён сказаў, што ягоныя ацэнкі не памяняліся і пакуль нельга аднавіць статус спэцыяльна запрошанага для Беларусі ў ПАРЭ.

«Разьвіцьцё апошніх падзей у Беларусі нас засмучае. Найперш гэта тычыцца сьнежаньскіх падзей і таго, што адбывалася ў чэрвені-ліпені, калі арыштавалі многіх, хто вельмі спакойна паводзіў сябе на вуліцах. І канечне, апошняе — гэта арышт Алеся Бяляцкага і яго абвінавачаньне. Тых, каго вызвалілі — не рэабілітавалі, яны былі памілаваныя. У гэтых адносінах мы чакаем таго, што Беларусь будзе ўдасканальваць выбарчы кодэкс, каб правесьці ў наступным годзе такія выбары, якія адпавядаюць міжнародным стандартам. Канечне, у першую чаргу неабходна вызваліць усіх палітычных зьняволеных і вяртацца на шлях эўрапейскага разьвіцьця. На жаль, цягам апошніх падзей мы гэтага не заўважылі».
У першую чаргу неабходна вызваліць усіх палітычных зьняволеных і вяртацца на шлях эўрапейскага разьвіцьця.

У жніўні Андрэс Хэркель заклікаў беларускія ўлады гарантаваць фізычную і псыхалягічную недатыкальнасьць кіраўніку праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесю Бяляцкаму і спыніць усе формы ціску на праваабаронцаў. Аднак сёньня якраз два месяцы, як Бяляцкага трымаюць за кратамі. Спадар Хэркель адзначае, што для вывучэньня сытуацыі вакол праваабаронцы ён хацеў бы мець магчымасьць сустрэцца зь Бяляцкім. За лёсам арыштаванага кіраўніка «Вясны» уважліва сочаць у Страсбуры. Спадар Хэркель нагадаў пра адмысловую пісьмовую дэклярацыю, якую падпісалі многія сябры Асамблеі адносна вызваленьня Бяляцкага. Падкамітэт па правах чалавека таксама выкажа сваю пазыцыю адносна праваабаронцы.

«Калі будзе такая магчымасьць, я з задаваальненьнем сустрэўся б з Алесем Бяляцкім. Але гэта залежыць не ад мяне, а ад беларускіх уладаў. Але са мной ужо зьвязаліся беларускія дыпляматы. Напэўна, мы абмяркуем і такое пытаньне. Гаворка пойдзе пра сытуацыю ў Беларусі, у тым ліку пра Бяляцкага».

Паводле спадара Хэркеля, такая сустрэча зь беларускімі дыпляматамі можа адбыцца ў найбліжэйшыя дні. Таксама ён паведаміў, што да студзеня наступнага году зьбіраецца падрыхтаваць даклад па сытуацыі ў Беларусі.
Калі Беларусь хоча аднавіць дыялёг, гэта мачыма.

Ён заяўляе, што ў Беларусі «павінен быць шлях да сумленных выбараў дзеля вырашэньня ўсіх пытаньняў». Важным аспэктам сёньняшніх слуханьняў спадар Хэркель назваў прадстаўлены агляд беларускіх праваабронцаў, якія прыехалі ў Страсбур на запрашэньне лібэральнай групы Асамблеі. Заўтра ён плянуе зь імі таксама сустрэцца. Ці магчымы цяпер дыялёг з афіцыйным Менскам?

Хэркель: «Дыялёг заўсёды магчымы. Для гэтага павінна быць добрая воля. Мяч на беларускім баку. Калі Беларусь хоча аднавіць дыялёг, гэта мачыма. Але для гэтага ёсьць перадумовы, якія трэба выканаць».

Спадар Хэркель адзначае, што Страсбур чакае ад афіцыйнага Менску вызваленьня палітвязьняў, адмены сьмяротнага пакараньня і правядзеньня сумленных выбараў, якія будуць адпавядаць міжнародным стандартам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG