Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяброўская паслуга ад дыктатара дыктатару


Лукашэнка і Ахмадзінэжад у Тэгеране, 2006

Лукашэнка і Ахмадзінэжад у Тэгеране, 2006

Пра іранскую дапамогу Беларусі піша нямецкае выданьне Spiegel.

Іран дапаможа Беларусі крэдытам на 300 млн эўра, Беларусь знаходзіцца на мяжы банкруцтва. Аўтарытарны прэзыдэнт Аляксандр Лукашэнка, які панёс занадта вялікія выдаткі падчас перадвыбарчай кампаніі, да гэтага ўжо зьвяртаўся па дапамогу да Кітаю, заўважае аўтар.

У Ірану і Беларусі ёсьць падобныя рысы: на чале абедзьвюх дзяржаў стаяць аўтарытарныя рэжымы, якія жорстка душаць апазыцыю. Абодва дыктатары - прэзыдэнт Ірану Махмуд Ахмадзінэжад і яго беларускі калега Аляксандр Лукашэнка - не прапускаюць магчымасьці справакаваць Захад.

Цяпер іх аб'ядноўвае яшчэ і пагадненьне, пры дапамозе якога Іран хоча выратаваць ад фінансавага каляпсу Беларусь, якая практычна збанкрутавала. Паводле кіраўніка Нацбанку Беларусі Надзеі Ермаковай, пры дапамозе іранскага крэдыту будуць папоўненыя дзяржаўныя рэзэрвы.

Беларусь мае вострую патрэбу ў грашах. Яна канчаткова ўгразла ў фінансавым крызісе - самым цяжкім з моманту здабыцьця незалежнасьці 20 гадоў таму. Цяпер Менск трапіў у залежнасьць ад замежных крэдытаў. Паводле ацэнак экспэртаў, да канца гэтага году Лукашэнка павінен "назьбіраць" каля 3 млрд. эўра, каб стымуляваць эканоміку краіны. У сувязі з гэтым беларускі прэзыдэнт прылашчвае былыя савецкія рэспублікі і сваіх старых саюзьнікаў: у канцы верасьня крэдыт больш чым на мільярд даляраў ЗША Менску быў прадстаўлены Кітаем, столькі ж паабяцаў і расейскі "Ашчадбанк" - праўда, у абмен на 51 % акцый у дзяржаўным НПЗ "Нафтан". Не пакідае надзеі Менск і на крэдыт МВФ.

Беларусь ня зможа выйсьці зь фінансавага крызісу без замежнай дапамогі. Хутчэй за ўсё, менавіта таму пасьля скандалу ў сувязі з самітам ЭЗ у Варшаве, на парадку дня якога стаяла праграма "Усходняе партнэрства" і на які ў апошні момант адмовіўся ехаць беларускі лідэр (так у тэксьце - РС), Менск усё ж ня хоча спальваць усіх мастоў. "Нягледзячы на крытыку, мы лічым, што праграма неабходная", - заявіў міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў.
XS
SM
MD
LG