Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Саньнікаў зьмешчаны ў камэру-адзіночку Бабруйскай турмы. Пагоршылася здароўе ў палітвязьня Зьмітра Бандарэнкі. Лідэр Маладога фронту Зьміцер Дашкевіч адбывае карантын у Глыбоцкай калёніі, а ягонаму паплечніку Эдуарду Лобаву не дазваляюць карыстацца цёплым адзеньнем у турме "Воўчыя норы".

Карантын у Бабруйскай турме палітвязень Андрэй Саньнікаў адбывае ў камэры-адзіночцы. Днямі яго наведаў адвакат, які і паведаміў жонцы Ірыне Халіп пра самаадчуваньне палітыка:

"Адвакат учора быў у яго – ён у Бабруйску ў карантыне, у камэры-адзіночцы і яму ўжо выдалі зімовую форму. Вядома ж – ён у цяжкім маральна-псыхалягічным стане, бо два тыдні перасылак, зьдзекаў, пагрозаў. Я яшчэ ня ўсё высьветліла – ці былі катаваньні – усё гэта проста так не праходзіць. Таму вядома ж – я вельмі хвалююся за яго".


Андрэй Саньнікаў
Мікола Статкевіч
Зьміцер Бандарэнка
Зьміцер Дашкевіч
Эдуард Лобаў
Яшчэ адзін былы кандыдат на прэзыдэнта Мікола Статкевіч цалкам ізаляваны ад кантактаў з блізкімі і сябрамі ад 19 верасьня, калі тэлефанаваў сваёй дачцэ. Жонка Марына Адамовіч кажа, што больш ня ведае пра Міколу нічога, бо адміністрацыя шклоўскай турмы блякуе інфармацыю ад палітвязьня цалкам:

"У Шклоўскай калёніі вельмі добра служаць, я думаю, што даслужацца. Я і сама спрабавала, і праваабаронцы – на усё адзін адказ: мы не даём інфармацыі па тэлефоне, нічога ня ведаем. Безумоўна, гэта злачынцы – яны і самі добра ведаюць, што яны злачынцы. І гэта не застанецца беспакараным".

Палітвязень Зьміцер Бандарэнка днямі патэлефанаваў сваёй жонцы, каб павіншаваць з днём народзінаў. Адначасна паведаміў пра пагаршэньне свайго здароўя, кажа Вольга Бандарэнка:

"Ён спрабуе па калідоры хадзіць і кажа, што калі паходзіць, то не адчувае нагі. Кажа, што так не было нават да апэрацыі і ня ведае з чым гэта зьвязана. Кажа, што гэта яго напружвае вельмі. Насамрэч, павінна быць кансультацыя лекараў".

Адвакат Зьмітра Дашкевіча сёньня наведала свайго падабароннага ў турме Глыбокага. Лідэр Маладога фронту адбывае карантын і на адміністрацыю калёніі не наракае, паведаміла нявеста палітвязьня Наста Палажанка:

"На гэты момант ніякіх скаргаў на адміністрацыю ці ўмовы утрыманьня ў Зьмітра няма, а стан здароўя яго здавальняючы. Усе тыя лісты, што былі выкладзеныя ў інтэрнэце аб дрэнных умовах утрыманьня – яны зьвязаныя з жахлівым становішчам, якое было ў Горках і самім этапаваньнем. Таму заклік пісаць скаргі варта падтрымоўваць, але накіроўваць іх на адрэсу Горацкай калёніі".

Таксама мала інфармацыі з турмы "Воўчыя норы" ад маладафронтаўца Эдуарда Лобава. Маці палітвязьня Марына Лобава кажа, што пра сына даведваецца ад пабочных асобаў. У прыватнасьці, што вязьням забараняюць карыстацца цёплымі рэчамі, кажа Марына Лобава:

"Я размаўляла з Тацьцянай Франскевіч – яе сын Аляксандр Франскевіч-анархіст – ён сядзіць з Эдуардам. Ён тэлефанаваў ёй і сказаў, што пакуль усё ціха. Цёплую бялізну яму не выдаюць, хоць ён мае сваю – вясной здаў на захаваньне -- а зараз цёплыя рэчы не выдаюць. Аргумэнтуюць тым, што тэрмін пераходу на зімовае адзеньне – 15 кастрычніка. Ад самога Эдуарда ў мяне ніякай інфармацыі няма".

Лідэр Маладога фронту Зьміцер Дашкевіч асуджаны на 2 гады, а ягоны паплечнік Эдуард Лобаў на 4 гады турмы – паводле абвінавачаньня ў хуліганстве. Палітвязьні не прызналі сябе вінаватымі і заявілі, што гэта была правакацыя спэцслужбаў напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG