Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лявон Вольскі: “Мне так і карціць запісацца ліцьвінам”


Лявон Вольскі

Лявон Вольскі

Цягам апошняга месяца Лявон Вольскі сустракаецца з публікай не як музыка, а як літаратар. У сэрыі "Кнігарня пісьменьніка" пры ўдзеле Згуртаваньня беларусаў сьвету "Бацькаўшчына" выйшла ў сьвет ягоная кніга "Міларусь". Знакамітага творцу ў новым – пісьменьніцкім – амплюа мы і запрасілі ў "Вольную студыю".

– Лявон, адначасова з кнігай “Міларусь” выйшла яшчэ адна кніжка – новы “Даведнік Саюзу беларускіх пісьменьнікаў”, дзе ёсьць зьвесткі і пра Вольскага Лявона Артуравіча. Для вас важна быць у нейкай арганізацыі, ці вы – мастак-адзіночка?

– Я доўгі час быў тыповым максымалістычным нон-канфармістам, ніколі не ўступаў ні ў якія саюзы. Хоць у свой час была магчымасьць стаць сябрам тады яшчэ адзінага Саюзу пісьменьнікаў, былі публікацыі у “Нашай ніве”, у часопісе “Крыніца”. Думаю, што праскочыў бы… Але неяк трымаўся. І пратрымаўся да вядомых падзеяў, зьвязаных з расколам пісьменьніцкай арганізацыі. Сёньня, калі ў пісьменьніцкім асяродку, як і ва ўсёй Беларусі, існуе супрацьстаяньне, варта ўсё ж вызначацца. Мне падаецца, што чалавек сумленнны не павінен уступаць у прыўладны саюз. Хоць, не выключаю, што камусьці захочацца застацца творцам па-за арганізацыямі. Мне ж нарэшце захацелася парушыць сваю самоту і зрабіцца чальцом незалежнай арганізацыі.

– Героі аднаго з вашых апавяданьняў спрабуюць знайсьці больш адпаведную, на іх думку, назву для краіны – Бедарусь, Белагусь, Міларусь… А чым вам Беларусь не падабаецца?

– Можа, гэта і крамольна крышачку гучыць… Але я думаю, што Беларусь – насамрэч ня вельмі ўласьцівая нам назва, і яна была выбрана калісьці памылкова. Праўда, ёсьць і такая вэрсія, што не тутэйшы люд прыдумаў гэтую назву. Таму пастаянна знаходзяцца людзі, якіх яна не задавальняе.

– Паводле апошняга перапісу дзясяткі людзей запісаліся ліцьвінамі…

– Во-во. І мне так карціць запісацца. Але ёсьць розныя стратэгічныя і іншыя мэты, дзеля якіх, пэўна, ня трэба гэтага рабіць.

– Не сумняваюся, што кніга “Міларусь” хутка разыдзецца сярод вашых прыхільнікаў. А вось вашы незычліўцы могуць закінуць аўтару непавагу да нацыянальнай сьвятыні – бусла. У апавяданьні “Жывёльны сьвет Беларусі багаты і разнастайны” вы пішаце, што буслы ня любяць людзей, чыняць ім шмат шкоды і нават харчуюцца – чалавечынай. Прызнайцеся, што гэта паклёп.

– Чаму паклёп? Бусел – птушка драпежная, ён мясам харчуецца. А сёньня наш край ідзе да лепшай будучыні – пад мудрым кіраўніцтвам, усё больш і больш заводаў будуецца, усё больш комінаў дыміць. Жабы хутка пазводзяцца, чым буслы будуць харчавацца? Вось і ўзьнікае пагроза чалавеку ад дзюбы бусла. Я разумею, добра пачыналася гісторыя нашай сымболікі – зямля пад белымі крыламі і г.д. Але настолькі ўжо зацяганыя гэтыя сымбалі, гэты няшчасны зубр, гэты вечны бусел… Прычым, ён, як правіла, альбо кепска намаляваны, альбо зроблены як няўклюдная інсталяцыя зь нейкіх каменьчыкаў. Проста ўжо прытарна ад гэтых буслоў! Можа быць, таму ў мяне і ўзьніклі адмоўныя асацыяцыі.

– Вашы героі нярэдка размаўляюць на трасянцы, якую сёй-той у нашай краіне лічыць нармальнай зьявай. Як вы ставіцеся да таго, што на трасянцы пачалі ўжо выходзіць цэлыя кнігі, песьні на ёй пішуцца?

– Трасянка мне неабходная дзеля таго, каб падкрэсьліць характар пэрсанажу – звычайна, чалавека недалёкага, тупаватага. Бо калі чалавек ня можа размаўляць нармальна на нейкай мове, то ён проста недавучка. Але па-рознаму бывае. Сустракаюцца і нармальныя людзі, якія размаўляюць на чысьцейшай трасянцы. Кажу – чысьцейшай, бо трасянка ў розных раёнах Беларусі па-рознаму гучыць. Напрыклад, у Івянцы яна больш
Але цэлы альбом ці цэлая кніга на трасянцы – гэта абсурдова і непатрэбна ...

беларусізаваная, там больш беларускіх словаў. На Віцебшчыне, напэўна, толькі акцэнт захоўваецца беларускі. Дарэчы, у тым самым Івянцы, калі заходзіш у краму ці банк, між сабой народ збольшага размаўляе па-беларуску. Але калі ты зьвяртаесься па-беларуску да людзей, з табой пачынаюць гаварыць на трасянцы, бо адчуваюць “не свайго”. Што да кніг на трасянцы… Падобныя кнігі – зьява ну аніяк не станоўчая. Сэнсу ў іх я ня бачу. Калі ўсе песьні ў альбоме на трасянцы – я таксама не разумею сэнсу. Што гэта – прыкол? Я напісаў на трасянцы дзьве песьні, прысьвечаныя савецкім сьвятам, – “Дарагія жэншчыны” (да 8 Сакавіка) і “23 феўраля”. З дапамогай трасянкі мне трэба было раскрыць характар сьвята. Але цэлы альбом ці цэлая кніга на трасянцы – гэта абсурдова і непатрэбна.

– У вас шмат творчых амплюа. Вы – то зьедлівы сатырык-парадыст, як у праекце “Саўка ды Грышка”. То – праніклівы лірык, як у “Белай яблыні грому”. У якім выпадку ваш сцэнічны вобраз супадаў ці супадае з вашым унутраным “я”?

– Усе супадаюць. Гэта як у актора запытацца, які заняты ў камэдыі і драме: хто вам бліжэй – Гамлет ці Пульчынэла? У розныя жыцьцёвыя моманты мы па-рознаму сябе адчуваем. Сёньня хочацца сьмяяцца, заўтра – сумаваць. Таму я абсалютна розны ў сваёй літаратурнай дзейнасьці, ня кажучы ўжо пра мае разнастайныя сьпеўныя практыкаваньні. Мне ўласьцівыя ўсе фарбы багатай творчай палітры.

– У свой час многіх зьдзівіла ваша прапанова не наладжваць абструкцыі тым сьпевакам, якія абслугоўваюць уладу. Вы так любіце іх творчасьць?

– Я не знаёмы зь іх творчасьцю, бо не гляджу тэлевізар. Мне падаецца, што мы не павінны прыпадабняцца да тых людзей, не зусім разумных,
Арганізаваныя ўладай туры “За Беларусь!” на вынікі выбараў абсалютна не ўплываюць – людзі ня ведаюць гэтых песьняў, іх ніхто не сьпявае ...

мякка кажучы, якія складаюць “чорныя сьпісы” для нас. Мы не павінны адказваць тым самым на іхнія дэбільныя захады. Беларускія выканаўцы – людзі паднявольныя, яны па-іншаму ня могуць жыць, яны камэрцыйна ня могуць існаваць, яны павінны мець дзяржаўную падтрымку і карыстацца ёю. Дык што – не ўпускаць іх у Эўразьвяз? Ня варта займацца гэтай дурнёй. Гэта абсалютна неразумная рэч – забараняць кагосьці за тое, што ён штосьці прасьпяваў. Хай сабе сьпяваюць. Гэта ні на што не ўплывае – паверце мне. Арганізаваныя ўладай туры “За Беларусь!” на вынікі выбараў абсалютна не ўплываюць – людзі ня ведаюць гэтых песьняў, іх ніхто не сьпявае. От, схадзілі, памахалі сьцяжкамі, а назаўтра ўжо ніхто нічога не памятае. З усіх падобных песьняў, можа, адна запомнілася – “Саня останется с нами”, і то невядома, які ў гэтым выпадку быў першасны пасыл. Тут іншая праблема. Песьню гэтую ўзялі пэўныя кампэтэнтныя органы на ўзбраеньне перад выбарамі, а творцы – аддалі. Што ж, творцам гэтым можна толькі паспачуваць – яны вельмі недальнабачна зрабілі. І я ведаю, які яны атрымалі ад гэтага вынік у сацыяльных сетках і г.д. Шмат хто не вітаецца і ўсё такое іншае... Любы творца адказны за сытуацыю ў краіне толькі ў тым выпадку, калі ён гэтага хоча. А калі ён хоча сьпяваць пра мятлікаў і пра кветкі? Ёсьць і такія творцы. А ёсьць творцы з актыўнай грамадзянскай пазыцыяй. На маю думку, творца, безумоўна, павінен уплываць на сытуацыю – асабліва ў час, калі ў грамадзтве цяжкі духоўны стан, калі Філарэт уручае харугву нейкім людзям, якія ламалі іншым людзям ногі… Такі духоўны стан грамадзтва блізкі да катастрофы. Таму я, як творчая адзінка, буду змагацца і буду намагацца любым чынам гэтую сытуацыю зьмяняць да лепшага. А астатнія – кожны сам за сябе адказвае.

– З выхадам вашай кнігі акрэсьлілася літаратурная дынастыя Вольскіх – Віталь, Артур і Лявон. Калі б вы маглі сёньня сустрэцца са сваімі дзедам і бацькам, якія свае песьні ім прасьпявалі б?

– Дзеду я прасьпяваў бы, хутчэй за ўсё, песьню “Зямля” з рэпэртуару гурта “Мроя”, якую напісаў яшчэ прыканцы 80-х гадоў. Я быў тады яшчэ юнаком, сам ня ведаю, як у мяне атрымаўся тады такі пранікнёна-тужлівы тэкст: “Вось мая зямля пад нагой бяжыць, вось мая зямля ў сьнягох ляжыць, закаваная лютым холадам, падуладная чужым волатам”. Гэтыя радкі актуальныя і сёньня, на жаль. А бацьку я прасьпяваў бы нешта менш нагружанае тужлівым сэнсам, прыкладам, “Тры чарапахі”. Гэтай песьні ўжо больш за дзесяць гадоў. І ўсе дапытваліся ў мяне: у чым яе сэнс? А я і сам ня ведаў. І толькі потым зразумеў, што ў сьвеце ўсё мадэрнізуецца і зьмяняецца, а ў нашай сьвядомасьці ўсё застаецца гэты пляскаты блін – някруглая зямля. Карацей – сярэднявечча. Але і сярэднявечча не бясконцае. Ёсьць вонкавыя праявы прагрэсу – інтэрнэт. Як толькі прыйдзе інтэрнэт паўсюль, у кожную хату, у людзей зьявяцца падставы для аптымізму.

– Краіна, названая вамі Міларусьсю, пакуль называецца Рэспублікай Беларусь. Які ён, ваш ідэал Беларусі?

– Мой ідэал Беларусі – гэта краіна, зьнітаваная з Эўропай, краіна, якая
А калі з боку Расеі нехта выступіць супраць нашай незалежнасьці – аб’яўляць яго пэрсонай нон грата ...

сябруе з усімі суседзямі, у тым ліку з вялікім і магутным “старэйшым братам”. А калі з боку Расеі нехта выступіць супраць нашай незалежнасьці – аб’яўляць яго пэрсонай нон грата. Пры сёньняшняй сытуацыі мы суседзяў хутка пазнаваць перастанем. Нават сьмешна ўспамінаць – падчас Савецкага Саюзу я добра ведаў эстонскую музыку, тое-сёе – з латыскай музыкі, тое-сёе – з літоўскай і вельмі добра ведаў сучасную польскую музыку. А сёньня нашыя людзі ўсяго гэтага практычна пазбаўленыя. Тое самае тычыцца літаратуры, іншых гатункаў мастацтва. У маёй ідэальнай Беларусі дзяржаўнай мовай мусіць быць, безумоўна, беларуская. Я проста мару пра той час, калі ўрэшце адэкватныя людзі прыйдуць да ўлады ў Міністэрстве адукацыі, у Міністэрстве культуры і цягам пяці гадоў выправяць гэтую ганебную моўную сітуацыю! Гэта нескладана зрабіць. У кожным беларусе ўсё роўна прыхаваная беларуская мова, і ён можа цалкам зьмяніцца за год-два-тры-чатыры, максымум – за пяць.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG