Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці прыйшло сьвята на вуліцу беларускага бізнэсу?


Леанід Заіка

Леанід Заіка

Ва ўрадзе заяўляюць пра паварот да малога бізнэсу. Ці азначае гэта, што палітыка ўлады адносна прадпрымальніцтва карэнным чынам мяняецца? Альбо гэта «пацёмкінская вёска», збудаваная да прыезду місіі МВФ? З гэтымі пытаньнямі Свабода зьвярнулася да эканаміста, кіраўніка досьледнага цэнтру «Стратэгія» Леаніда Заікі.

Заіка: Я ня думаю, што гэта для місіі МВФ. Тым больш што зараз Беларусі браць грошы ня варта, яна і так загразла ў даўгах.

Што тычыцца прадпрымальніцтва, то ёсьць дырэктыва №4, і існуе плян ажыцьцяўленьня дырэктывы. Спачатку меркавалі падаць яго 20 кастрычніка, але бізнэс папрасіў прадставіць яго 4-га.

Мы папярэдне правялі сустрэчы з прадстаўнікамі міністэрства па падатках, Нацбанку і іншымі. Улада не разумее, што бізнэс страціў 60% свайго капіталу. Калі сур'ёзна гэта разглядаць, то і перадача ва ўласнасьць арэндаваных памяшканьняў, і банк разьвіцьця - гэта меры, падобныя зараз на адпяваньне.
Трэба мяняць сыстэму падаткаў, у прыватнасьці, цалкам адмовіцца ад падатку на прыбытак

Дэвальвацыя і інфляцыя скараціла фінансавыя магчымасьці бізнэсу на дзьве траціны. Трэба іх аднаўляць. Для гэтага трэба мяняць сыстэму падаткаў, у прыватнасьці, цалкам адмовіцца ад падатку на прыбытак.

Мясьніковіч у душы бізнэсовец, магчыма, і грошы ў яго на гэта ёсьць. Новы малады міністар эканомікі ўспрыняў усё, што запісана ў нацыянальнай плятформе бізнэсу.

Мы праводзілі апытаньне бізнэсоўцаў наконт іх стаўленьня да дырэктывы №4, паводле іх ацэнак там рэалізавана ўсяго толькі адсоткаў 30 таго, што чакаў бізнэс.

Але наконт таго, ці павернецца ўрад сапраўды тварам да бізнэсу - я думаю, што гэтага не адбудзецца з ідэалягічных прычын. Пакуль улада, буйныя чыноўнікі, прэм'еры, віцэ-прэм'еры не расьпілавалі грамадзкую ўласнасьць, пакуль яны ня сталі ўласьнікамі МАЗу, БЕЛАЗу ці Беларуськалія - тое, што адбылося на ўсёй постсавецкай прасторы - да таго часу чыноўнікам бізнэс абыякавы. Бо нехта зарабляе вялікія грошы, а яны сядзяць на акладах, і максымум, што маюць, дык гэта хабар. Самі бізнэсоўцы адзначаюць, што мала што зьмянілася. Так што сёньняшняя нарада - гэта запаўненьне чарговай клеткі ў пляне працы з бізнэсам, ня больш таго.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG