Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менск прыбыла місія Міжнароднага валютнага фонду, якая цягам двух тыдняў мае вывучыць эканамічную сытуацыю ў Беларусі. Ня выключана, што місія абмяркуе магчымасьці дамовы пра новую праграму крэдытнай дапамогі МВФ Беларусі – беларускі ўрад падаў заяўку на крэдыт у суме да 7 мільярдаў даляраў.

Місія МВФ на чале з Крыстаферам Джарвісам будзе працаваць у Беларусі зь 5 па 17 кастрычніка. На наступным тыдні заплянаваная сустрэча з кіраўніцтвам Нацбанку Беларусі, выніковая прэсавая канфэрэнцыя – 17 кастрычніка. Да таго ў прадстаўніцтве МВФ ад пашыраных камэнтароў устрымліваюцца. Кіраўніца прадстаўніцтва Натальля Калядзіна зазначыла, што МВФ спадзяецца на ўзгадненьне з уладамі Беларусі макрапрагнозу да канца 2011 года і на наступны год:

"Будзе вельмі добра, калі нам удасца зблізіць погляды і прагнозы. Калі будзе абмяркоўвацца новая праграма, то дасягненьне ўзаемаразуменьня па гэтых пытаньнях – гэта вялікі плюс",-- заявіла Калядзіна Інтэрфаксу. Наўпрост сказаць, будзе ці ня будзе абмяркоўвацца новая праграма супрацоўніцтва зь Беларусьсю, а значыць і новы крэдыт, у менскім прадстаўніцтве фонду не змаглі. Першы намесьнік міністра фінансаў Беларусі Ўладзімер Амарын таксама асьцярожна выказаўся на гэты конт:

"Экспэрты місіі МВФ будуць весьці маніторынг, але магчыма, потым праца пяройдзе ў фазу разгляду новай праграмы аб'ёмам да 7 мільярдаў даляраў. Гэта будзе новая праграма рэформаў, паводле ацэнкі МВФ дастаткова жорсткая, магчыма, нават больш жорсткая, чым праграма з Антыкрызісным фондам ЭўрАзЭС, якую мы цяпер выконваем".

Былы старшыня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч мяркуе, што спадзявацца на хуткае выдзяленьне новага крэдыту афіцыйнаму Менску ня варта:

Станіслаў Багданкевіч

"Я думаю, МВФ будзе працягваць дыялёг, пакуль не пабачыць, што ў нас настала палітычная лібэралізацыя, вызваленьне палітвязьняў, і ў нейкай ступені зьявіліся элемэнты дэмакратыі, а таксама эканамічная лібэралізацыя ў рэальнасьці".

У выпадку калі беларускія ўлады пойдуць на сапраўдныя рэформы, МВФ мог бы падтрымаць іх крэдытам, які зьяўляецца пазытыўным сігналам і для замежных інвэстараў, перакананы Станіслаў Багданкевіч. Але, на ягоную думку, у лепшым выпадку на гэта спатрэбілася б каля паўгода.

"Мяркую, што нашым уладам трэба будзе разам з фондам ня толькі распрацаваць узгодненую праграму структурнай перабудовы эканомікі і не толькі, але і пачаць яе выкананьне, паказаць, што ўлады сапраўды пачалі яе рэалізоўваць".

Пэўныя захады ўрад прадпрымае, прызнае спадар Багданкевіч, – скарачае грашовую масу, дзяржаўныя выдаткі, але выразнай праграмы рэформаў няма.

Эканаміст Леанід Злотнікаў лічыць малаверагодным, што рашэньне аб новым крэдыце МВФ Беларусі магчымае сёлета:

Леанід Злотнікаў

"Яны запатрабуюць такіх жорсткіх абавязацельстваў і ўмоваў і на гэты раз будуць сачыць за імі, не як у першы раз... Фактычна ж патрэбен гэты крэдыт, каб за яго кошт маглі вярнуць стары крэдыт, іначай ня будзе чым вяртаць, і Беларусь разьвядзе рукамі".

У 2012 годзе, сапраўды, пачынаецца тэрмін пагашэньня папярэдняга крэдыту МВФ, а таксама некаторых запазычаньняў Расеі, і гэтыя выплаты не закрытыя ніякімі крыніцамі. Паводле разьлікаў спэцыялістаў МВФ, дэфіцыт фінансаваньня ў Беларусі ў 2011—2012 гадах разам складзе больш за 10 мільярдаў даляраў. Разам з тым, паводле спадара Злотнікава, тут закладзенае і прынцыповае пытаньне:

"Мова йдзе ўрэшце рэшт пра тое, ці здасьць Лукашэнка неэфэктыўную беларускую мадэль, прызнае ён ці не, што яна збанкрутавала. Але яму трэба вырашыць для сябе, таксама як той намэнклятуры, якая вакол яго знаходзіцца і нешта мае ад гэтай старой мадэлі, яны павінны узважыць: сваё выжываньне альбо новая мадэль?"

Выдадзены Міжнародным валютным фондам у 2008 годзе крэдыт Беларусі памерам у 3,5 мільярда быў фактычна праедзены, канстатаваў Леанід Злотнікаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG