Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ніколі не ламалі галавы, што ў руках у гэтага «лётчыка»?

Я таксама гэтага ня ведаю. Можа, гэта цьвікі? Калі так, дык навошта іх ТАК шмат? Навошта нам так многа цьвікоў? Цьвікі ж есьці ня будзеш, да таго ж, у адрозьненьне ад садавіны ды хлябоў, якія зьмяшчаліся на аптымістычных плякатах эпохі сталінскага сацрэалізму, цьвікі надта дзіўны сымбаль дабрабыту!

Ці, можа, гэта нана-тэхналягічныя часткі спадарожніка «Вавёрка-2»? І пры чым тут motto «Вместе мы Беларусь!» да пустыннай залі з закінутымі агрэгатамі, якая бачная ззаду ў гэтага чэла? Што за скруткі чорнага дроту? Што яны сымбалізуюць? Пагадзіцеся, вельмі шмат экзістэнцыйных пытаньняў пакідае гэты бязьлітасны плякат, які глядзіць на нас зь менскіх білбордаў... У мяне ёсьць уласнае разуменьне таго, што трымае дзядзечка. Разуменьне, не выключаю, памылковае...

Штыры за моцную Беларусь

Я думаю так: гэта тыя самыя «штыры», аб якіх нам у сьнежні 2010-га распавядала КДБ. «Штыры», якія сталі сымбалем рэвалюцыі-2010, замест дохлых пацукоў рэвалюцыі-2006. Мы тады зьбянтэжыліся: што такое штыры? Вялікая Савецкая энцыкляпэдыя казала: «гладкий цилиндрический стержень преимущественно с коническим концом, служащий для центрирования и направления соединяемых разъемных частей конструкций». Навошта гэтае дзіва было на плошчы ў колькасьці 3 тысяч? А тут бачыш гэты плякат ды ніякавееш. Кожны раз, калі я перастаю баяцца таго, што гэтыя злыдні плянавалі зрабіць у Доме ўраду, я ўзгадваю гэтага дзядзечку ды працінаюся ўдзячнасьцю да праваахоўных органаў, якія забясьпечылі мой спакой ды дабрабыт, абаранілі ад штыроў ды чорных скруткаў дроту.

Аднак днямі ў Менску, ля прыпынку «Плошча Перамогі» я пабачыў нешта, што канчаткова пазбавіла мяне спакою. Гэты плякат настолькі рэдкі, што яго пакуль што няма ў Інтэрнэце: прыйшлося сфотаць на мабілу, бо вы б не паверылі (прабачце за якасьць здымку).



Карацей: мы бачым шчасьлівую беларускую сям'ю, пасьпяхова абароненую ад штыроў, якая трохі быццам бы загрыміраваная пад вампіраў, аднак гэта акалічнасьці эстэтыкі здымка ды пытаньне да густаў фатографа. Можна было б, здаецца, па-іншаму папрацаваць са сьветам ды флэшам, аднак колькі фатографаў, столькі і поглядаў на прыгожае. На by_trash і не такое пабачыш.

Опэра, зробленая з падаткаў

Галоўнае: ззаду гэтай сям'і паўстае тэатар опэры і балету! Ён грае тую ж ролю, што грае пустынны цэх ззаду дзядзькі са штырамі. Гэтая кампазыцыя «героі і N ззаду» - наогул вартая пільнай дэканструкцыі дасьледчыкам візуальнай культуры. Дык вось, тут тэатар заяўлены нам з розных бакоў, на трох розных фотаздымках. Ёсьць яшчэ два фотаздымкі, на якіх, мабыць, таксама тэатар, аднак яго ня бачна з-за сылюэтаў сям'і. Гэтая неверагодная колькасьць тэатраў спараджае пачуцьце неспакою: навошта героям, якія выглядаюць як напаўвампіры, столькі будынкаў опэрнага тэатру? Ці ня ёсьць гэта мэтанімічным пераносам неверагоднай колькасьці цьвікоў з таго першага пляката? Сымбалем беларускага дабрабыту, які складаецца з опэраў ды цьвікоў?

І тут мы бачым motto. Падрыхтаваныя? Здолееце спаць пасьля? Дык вось, motto такое: «Реставрация это когда платят налоги». Пдыж! Вынас мозгу!

Не, ну інтуітыўна зразумела, што меў на ўвазе крыэйтар. Што опэру аднавілі, атрымалася прыгожанька, з фантанчыкам ды статуйкамі, і зараз вакол гуляюць шчасьлівыя сем'і, а фатографы іх, як могуць, фатаграфуюць. Аднак пры перадачы гэтага мэссыджа парушаныя законы ня толькі рэклямы, аднак і лёгікі (здаецца – самі асновы гуманнасьці парушаны, аднак гэтую тэзу разьвіваць ня будзем). Якім чынам мы павінныя зразумець, што опэра і рэстаўрацыя – адно і тое ж? Калі наогул опэра стала сымбалем менавіта рэстаўрацыі? З чаго нехта ўзяў, што Я ЖАДАЮ, каб за мае падатковыя грошы рабілі такія рэстаўрацыі?!? З фантанчыкамі і статуйкамі – на будынку ў стылістыцы канструктывізму?!? Яны наогул ведаюць, што такое канструктывізм, і як ён ставіўся да какетлівых статуй?

Нашэсьце іншаплянэцян?

Дзіўныя білборды «Вместе мы Беларусь», крэатывы ад падатковай, рэкляма рэстарацыі, якая ўхваляе захоп Кацярынай Беларусі, саламяныя скульптуры, якімі ў гэтую восень вырашылі заставіць ну ўжо наогул усю Беларусь - усё гэта спараджае крытычную масу безгустоўнасьці, ад якой робіцца цяжка дыхаць.

Мне цікава: ці шмат людзей зараз адчувае сябе як пры нашэсьці іншаплянэцян? Як быццам бы мы жылі сабе, жылі і раптам – бах, нешта няўлоўна пахіснулася, і запраўляць візуальнымі аб'ектамі ў нашых гарадах ды ўздоўж нашых дарог пачалі нейкія істоты, з уласным – вельмі экзатычным ладам мысьленьня, поглядамі на сусьвет, эстэтыку, рэстаўрацыю, канструктывізм, Лангбарда?

Ці працуе такая рэкляма? Здаецца, працуе. Памятаеце, «Беларускае самае маё» некаму не спадабалася, і пачалі было яго прыбіраць, а потым – не, вярнулі... Карацей, вартасьць беларускамоўнай рэклямы, якая нам здавалася выдатнай - была спрэчнай для галоўных дзядзечак і цётачак. А гэтыя дзівы - вісяць, хоць ты трэсьні, не кранаюць іх, не чапаюць! Як дыямэнт мысьленьня вісяць! Як другая Бібліятэка! «Вместе мы Беларусь» - геніяльнае motta, так трэба разумець? Колькі выбараў ужо перамаглі зь ім, нязьменным!

Аднак: падаткі ў Беларусі плацяць не таму, што рэстаўрацыя. І не таму, што опэрны. А таму, што трэба. І Лукашэнку абіраюць – не таму, што «Вместе мы Беларусь». А таму, што – трэба. Сусьвет візуальнага, сацыяльная рэкляма, мэдыі - існуюць аўтаномна ад сусьвету рашэньняў, да якіх яны павінны падштурхоўваць спажыўцоў. А таму, ва ўмовах парушанай ўзаемасувязі з рэальнымі матывамі паводзінаў грамадзян плякаты, скульптуры, білбарды могуць кідаць выклікі законам лёгікі, канструяваць шызафрэнічны кафкіянскі сусьвет, бо ні на што не ўплывае (і, здаецца - нішто не ўплывае!!).

Адно добра: па гэтых плякатах і статуях праз 20 гадоў будзем вывучаць сучаснасьць і толькі па іх яе і зразумеем. Калі зразумеем, канешне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG