Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІжнародная місія: расьследаваць факты катаваньня палітвязьняў


Міжнародная назіральная місія Камітэту міжнароднага кантролю за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі занепакоеная жорсткім абыходжаньнем і катаваньнямі ў дачыненьні да палітзьняволеных Андрэя Саньнікава, Дзьмітрыя Дашкевіча і Мікалая Статкевіча.

Місія накіравала заяву на імя генэральнага пракурора, міністра ўнутраных спраў і начальніка Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС Беларусі.

На думку праваабаронцаў, жорсткім абыходжаньнем можна назваць пераводы былога кандыдата ў прэзыдэнты Саньнікава і лідэра міжнароднай арганізацыі "Малады фронт" Дашкевіча з адной калёніі ў іншую. «Працэс этапаваньня быў працяглым, у гэты час зьняволеным фактычна недаступнае атрыманьне перадач рэчаў і ежы, што можа прывесьці да пагаршэньня здароўя з-за зьмены тэмпэратурнага рэжыму, таксама ў гэты пэрыяд немагчымыя сустрэчы з адвакатам. Пры гэтым сам працэс пераводу з аднаго месца зьняволеньня ў іншае выклікае ў зьняволеных дадатковыя фізычныя і псыхалягічныя пакуты,» — падкрэсьліваецца ў заяве.

Акрамя таго, адзначаецца ў дакумэнце, ад сваякоў і адвакатаў палітзьняволеных паступала інфармацыя аб непасрэднай пагрозе жыцьцю Саньнікава і Дашкевіча ў сувязі з нездавальняючым станам здароўя і высокай верагоднасьцю правакацый у дачыненьні да іх. Праваабаронцы таксама падкрэсьліваюць, што на працягу ўжо больш чым двух тыдняў няма ніякай інфармацыі пра экс-кандыдата ў прэзыдэнты Мікалая Статкевіча.

Міжнародная назіральная місія патрабуе ад Генпракуратуры Беларусі правесьці неадкладнае публічнае і аб'ектыўнае расьследаваньне інфармацыі аб катаваньнях, жорсткім і зьневажальным абыходжаньнем з Саньнікавым, Дашкевічам, Статкевічам і іншымі палітычнымі зьняволенымі.

Як паведаміла БелаПАН жонка Саньнікава Ірына Халіп, зь яе мужам 3 кастрычніка ў калёніі ў Бабруйску сустрэўся адвакат. "Саньнікаў знаходзіцца ў карантыне. Як я зразумела, ён у адзіночнай камэры. Яму выдалі зімовую форму адзеньня", — сказала Халіп.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG