Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нобэлеўская прэмія: сакрэты выбару


Нобэлеўская прэмія, мэдаль
Нобэлеўская прэмія, мэдаль
Працягваецца актыўнае абмеркаваньне імёнаў верагодных прэтэндэнтаў на самую прэстыжную ўзнагароду сьвету ў навуковых намінацыях. Пра працэдуру прысуджэньня Нобэлеўскіх прэмій у розных галінах навукі і шанцах прадбачыць, хто стане ляўрэатам самай прэстыжнай у сьвеце ўзнагароды, па просьбе Радыё Свабода распавядае навуковы рэдактар часопісу "Вакол сьвету" Аляксандар Сяргееў.

- Прынцып працы Нобэлеўскага камітэту такі: як толькі прысуджаюцца прэміі аднаго году, камітэт пачынае працаваць над наступным. Для гэтага вядучым навукоўцам адпаведных напрамкаў рассылаюцца спэцыяльныя апытальнікі, у якіх яны могуць даць свае прапановы адносна патэнцыйных ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі наступнага году. Затым Нобэлеўскі камітэт зьбірае ўсе гэтыя прапановы і пэўным чынам іх фільтруе, таму што кандыдат на Нобэлеўскую прэмію павінен быць, па-першае, жывым і, па-другое, не павінна быць ніякіх пытаньняў адносна яго аўтарства за працу, годную Нобэлеўскай прэміі. Ёсьць яшчэ нейкія ўнутраныя прынцыпы, але яны не раскрываюцца.

Існуе пэўная тэндэнцыя: новыя Нобэлеўскія ляўрэаты, як правіла, зьяўляюцца прыкладна з адных і тых жа месцаў, таму што навукоўцы часьцей за ўсё рэкамэндуюць каго-небудзь з свайго кола. Таму цалкам заканамерна тое, што амэрыканцы даволі часта атрымліваюць Нобэлеўскія прэміі - у іх шмат Нобэлеўскіх ляўрэатаў і яны часьцей за ўсё рэкамэндуюць амэрыканцаў. Тут няма ніякай змовы - гэта цалкам натуральна.

- Ці азначае гэта, што карта ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі ня цалкам адлюстроўвае карту навуковага разьвіцьця сьвету?
Мала хто будзе вылучаць нават выбітных навукоўцаў з краін, якія разьвіваюцца. Праўда, такія навукоўцы праз некаторы час часьцей за ўсё перабіраюцца ў разьвітыя краіны.

- Складана сказаць. Вось атрымалі ў мінулым годзе прэмію па фізыцы Гейм і Навасёлаў - і адразу ж зьявілася велізарная цікавасьць да цэнтру дасьледаваньняў у Вялікабрытаніі, хоць падобныя пошукі ў гэтай галіне вядуцца шмат дзе. Сапраўды, нейкія рэчы застаюцца ў ценю, таму што мала хто будзе вылучаць нават выбітных навукоўцаў з краін, якія разьвіваюцца. Праўда, такія навукоўцы праз некаторы час часьцей за ўсё перабіраюцца ў разьвітыя краіны. Нобэлеўская прэмія - штука вельмі доўгатэрміновая, каб атрымаць Нобэлеўскую прэмію, як мінімум, трэба быць доўгажыхаром. Віталь Лазаравіч Гінзбург, адзін з расейскіх ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі, атрымаў яе праз 53 гады пасьля выкананьня дасьледчай працы, за якую ўзнагарода прысуджана.

- Ці можна сказаць, што Нобэлеўская прэмія вельмі кансэрватыўная? Ці ўсё-ткі назіраецца нейкі налёт авангардных тэндэнцый?
У галіне фізыкі Нобэлеўская прэмія - самая кансэрватыўная прэмія.

- Я б сказаў, што ў галіне фізыкі Нобэлеўская прэмія - самая кансэрватыўная прэмія. Можа быць, гэта зьвязана з тым, што фізыка вельмі хутка разьвівалася ў ХХ стагодзьдзі - цяпер, мабыць, разьвіцьцё гэтай навукі нават ідзе павольней, чым паўстагодзьдзя таму. Нобэлеўскі камітэт апошнія гадоў 20 займаецца тым, што дабірае матэрыялы сярэдзіны або другой паловы мінулага стагодзьдзя - адбірае тых, каго недаўлічылі, што завецца, не ўзнагародзілі. Можа быць, гэтая сытуацыя будзе мяняцца бліжэйшым часам, таму што многія адзначаюць кансэрватыўнасьць гэтай сфэры. Але прынцып Нобэлеўскай прэміі па-ранейшаму застаецца нязьменным: яна даецца за дасягненьні, якія не выклікаюць сумневаў. Альберт Эйнштэйн у 1921 годзе атрымаў Нобэлеўскую прэмію, але не за тэорыю адноснасьці, у якой тады яшчэ былі сумневы, а за тэорыю фотаэфэкту.

- Прысуджэньне кожнай Нобэлеўскай прэміі для шырокай публікі - гэта свайго роду гульня на таталізатары. Некаторыя калянавуковыя колы спрабуюць прадказаць, за якія дасягненьні яна будзе прысуджана. Гэта бессэнсоўная варажба або можна прааналізаваць і неяк вызначыць будучых ляўрэатаў?

- Пэўныя магчымасьці для гэтага існуюць. Звычайна ўцечак не бывае, акрамя таго, што ў прыватнай гутарцы хтосьці можа расказаць аб тым, каму ён аддае сваю перавагу. Для абгрунтаваньня нейкай статыстыкі, можна праверыць індэксы цытаванасьці прозьвішчаў навукоўцаў за апошнія 5-10 гадоў і вызначыць лідэра сярод іх. Як правіла, тыя, на каго больш за ўсё спасылаюцца - гэта першыя кандыдаты на Нобэлеўскую прэмію. Можна паглядзець статыстыку па краінах - яна даволі выразная, калі браць, скажам, прэмію па эканоміцы: за апошнія 20 гадоў не было ніводнай прэміі, у якой не было б вучонага з ЗША. Зразумела, што гэтая тэндэнцыя і ў далейшым будзе прасочвацца.
Як правіла, тыя, на каго больш за ўсё спасылаюцца - гэта першыя кандыдаты на Нобэлеўскую прэмію.

Дарэчы, эканамічная прэмія як раз выглядае менш кансэрватыўнай, чым прэмія ў галіне прыродазнаўчых навук. І гэта зразумела, таму што эканоміка напалову сацыяльная навука - па-мойму, адзіная з усіх, якая мае адну ўнікальную ўласьцівасьць: сам факт спазнаньня ў эканоміцы можа зьмяніць аб'ект дасьледаваньня. Напрыклад, як толькі вы разумееце прынцып, па якім людзі гуляюць на біржы, вы пачынаеце гэта ўлічваць. Пра гэта даведаюцца іншыя людзі і таксама пачынаюць гэта ўлічваць, пачынаюць па-іншаму гуляць. І ў гэтым сэнсе эканамісты заўсёды імкнуцца трошкі забегчы наперад.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG