Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці першае затрыманьне за Народны сход


Намесьніка старшыні Берасьцейскай гарадзкой арганізацыі партыі левых “Справядлівы сьвет” Лявонція Чыпурных затрымалі увечары 3 кастрычніка.

Аб гэтым паведаміла кіраўнік гарадзкой арганізацыі гэтай партыі Людміла Дзенісенка, якая распавяла, што ён затрыманы міліцыянтамі падчас збору подпісаў за Народны сход:

“Міліцыянты абгрунтавалі, што ён распаўсюджваў улёткі з заклікам да несанкцыянаванага мерапрыемства. Лявонцій якраз займаўся зборам подпісаў у сваім доме і распаўсюджваў запрашэньні. Нехта выклікаў міліцыю, і яго затрымалі. Ноч Лявонцій правёў у пастарунку, а сёньня яго павінны судзіць. Мы зараз высьвятляем, у колькі будзе суд, пойдзем падтрымаць яго,” - распавяла Людміла Дзенісенка.

Як патлумачыла спадарыня Дзенісенка, затрыманьняў прадстаўнікоў левых партыяў у Берасьці даўно не было:

“Упершыню ў Берасьці затрымалі прадстаўніка левай партыі. Неяк раней яны нас не чапалі, але цяпер, перад Народным сходам ажывіліся”, - кажа спадарыня.

Гэта першае затрыманьне за Народны сход у Берасьці. Раней на Берасьцейшчыне затрыманьні за яго падрыхтоўку адбываліся толькі ў Баранавічах. 22 верасьня на 525 тысяч аштрафавалі актывіста Сяргея Аўчыньнікава, які раздаваў улёткі непадалёк ад авіярамонтнага заводу. 29 верасьня за улёткі Народнага сходу быў затрыманы Віктар Цяпін, судзіць якога будуць 6 кастрычніка. А 30 верасьня ў Баранавічах быў затрыманы мясцовы каардынатар Народнага сходу Віктар Мезяк.
XS
SM
MD
LG